Ушачане проголосовали дружно, или О том, как на Ушаччине проходили выборы депутатов Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь пятого созыва


Паведамленне акруговай выбарчай камісіі аб выніках выбараў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання па Докшыцкай выбарчай акрузе №22.

Агульная колькасць выбаршчыкаў па акрузе – 61316, з іх прынялі ўдзел у галасаванні – 53254. За Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанку аддалі галасы 46149 выбаршчыкаў, за Сяргея Васільевіча Барадаўку – 1876, Івана Васільевіча Пілецкага – 1776. 2669 выбаршчыкаў прагаласавалі супраць усіх кандыдатаў. 784 бюлетэні прызнаны несапраўднымі.

Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання па Докшыцкай выбарчай акрузе №22 абраны Андрэйчанка Уладзімір Паўлавіч, 2 студзеня 1949 года нараджэння, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, пражывае ў г.Мінску, беспартыйны.

У нядзелю па рэспубліцы прайшлі выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Яны адбыліся па ўсіх 110  акругах краіны, прычым самая вялікая яўка выбаршчыкаў традыцыйна азначаецца ў нашай вобласці. На Віцебшчыне прагаласавала 80,7 працэнта ўсіх выбаршчыкаў. Па Докшыцкай выбарчай акрузе №22, у якую ўваходзіў і Ушацкі раён, вылучалася тры кандыдаты. За Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанку аддало галасы 8983 (87,35%) ушачан, за Сяргея Васільевіча Барадаўку – 309 (3%), Івана Васільевіча Пілецкага – 270 (2,63%). 572 (5,56%) прагаласавалі супраць усіх, 150 бюлетэняў прызнаны несапраўднымі. Усяго прагаласавала 10284 (85,31%) ушачан.

23 верасня. 8 гадзін раніцы. На Вяркудскім участку №70 члены выбарчай камісіі падыходзяць да ўрны. Адкрываюць, нахіляюць, дэманструючы наглядальнікам, што яна пустая, апячатваюць. На чарзе яшчэ тры, меншага памеру. З імі праз некалькі хвілін яны накіруюцца ў розныя напрамкі: аб’язджаць тых выбаршчыкаў, што пажадалі прагаласаваць па месцы знаходжання. А іх крыху менш паловы ад усіх 439 выбаршчыкаў гэтага ўчастка, што і не дзіўна.

Пераважная большасць вясковага насельніцтва – пенсіянеры. У Вяркудах жа яшчэ размешчана і аддзяленне кругласутачнага прабывання для пажылых людзей і інвалідаў. Яны ведаюць, што да іх абавязкова заедуць. І тым не менш, некаторыя жадаюць самастойна прыйсці на ўчастак. Напрыклад, Ефрасіння Аляксандраўна Шчэрбік, якая нарадзілася ў далёкім 1918 годзе. Так, жанчыне 94, але і як і мноства папярэдніх выбараў, яна галасуе на ўчастку.

Наогул на Вяркудскім выбарчым участку вельмі спакойна. Няспешна, пераважна па адным, удвух ідуць галасаваць вяскоўцы, 23 працэнты з якіх аддалі свае галасы датэрмінова.

Ніколі яшчэ не галасавала дома ветэран вайны Кацярына Якаўлеўна Маёрнікава з Ушач. Сёлета яна прыйшла з дачкой, унукам і нават праўнукам. Дарэчы, вельмі многія ўшачане прыходзілі на выбары сем’ямі. Максім Грышчанка хоць яшчэ ў пачатковых класах, але ганарова заяўляе, што  гэта ўжо другія яго выбары. Канечне ж ён не галасуе, але ўрачыстасць моманту раздзяляе.

Твар Алены Каваленкі нейкі надзвычай акрылены. Я меркавала, што дзяўчына прыйшла на выбары за кампанію з маці і суседкай, аказалася, што сама з’яўляецца выбаршчыцай. Прычым упершыню, таму і атрымала ў падарунак Канстытуцыю. Ну а пакідалі суседзі ўчастак яшчэ і з прысмакамі. Хоць і не прыстасавана памяшканне школы мастацтваў для буфету, аднак стол-разнасол дзякуючы работнікам грамадскага харчавання быў накрыты не толькі тут. Павялічаныя партыі выпечкі, салатаў рыхтаваліся спецыяльна, каб парадаваць выбаршчыкаў усяго раёна. Наогул прадбачлівыя прадаўцы паклапаціліся пра асартымент, а культработнікі – пра музычную праграму. Гэта традыцыйныя атрыбуты любой выбарчай кампаніі.

Выбары ў ніжнюю палату не абышліся і без удзелу замежных наглядальнікаў. Ушаччыну наведалі прадстаўнікі Германіі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Казахстана, цікавіліся колькасцю членаў камісіі, пажадаўшых прагаласаваць па месцы знаходжання, і атрымлівалі цікавячую іх інфармацыю.

“Мы аднагалосна прыйшлі да высновы, што выбары ў Беларусі прайшлі ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам. Яны былі адкрытымі, дэмакратычнымі і забяспечылі права грамадзян Рэспублікі Беларусь на свабоднае волевыяўленне”, – адзначыў кіраўнік місіі назіральнікаў ад СНД Сяргей Лебедзеў.

В.КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Ушачане проголосовали дружно, или О том, как на Ушаччине проходили выборы депутатов Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь пятого созыва

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *