На приёме у В.П.Андрейченко

Общество

 

 На мінулым тыдні ва Ушачы працаваў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка. Наш дэпутат праводзіў чарговы прыём грамадзян. І, ведаючы, як грунтоўна падыходзіць ён да просьбаў сваіх выбаршчыкаў, як стараецца дапамагчы ў развіцці рэгіёна, людзі, канечне, скарысталіся прадстаўленай магчымасцю. P1140774

Як і заўсёды, былі калектыўныя звароты. Валянціна Іванаўна Салавей прыйшла з суседкай, прадстаўляючы інтарэсы ўсіх жыхароў дома № 8 па вуліцы Ленінскай. Іх дом – адзін з самых старых у гарпасёлку, а капітальнага рамонту яшчэ не было. Атрымалі жыхары канкрэтны адказ, што сёлета заказваецца дакументацыя, а ў наступным годзе распачнецца рамонт, але ўсё роўна прыйшлі, таму што не ўбачылі ў праекце замены акон. Рамы ж, па меркаванні жанчын – асноўная крыніца ўцечкі цяпла, хто меў сродкі – даўно замяніў, для пенсіянераў жа гэта складана. Жанчыны атрымалі адказ ад старшыні райвыканкама А.А.Кавалёнка, што дадаткова будзе праведзена абследаванне дома і пры неабходнасці ўнесены змены ў дакументацыю.

Яшчэ адзін калектыўны зварот паступіў ад жыхароў вёскі Іллюшына. Жыхары ведамаснага жылля, аднаго з першых, што ўзводзілася ў вёсцы, просяць правесці газ у іх дамы. Старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак быў у курсе спраў, больш таго, дэталёва разбіраўся з сітуацыяй і, як гаворыцца, ведае цану пытання. Яна крыху больш 60 мільёнаў. Менавіта столькі трэба, каб заказаць новую дакументацыю, набыць катлы і зрабіць унутраную разводку, нічога не разбураючы ў дамах, да якіх газавая ветка пракладзена. Алег Анатольевіч паабяцаў, што газ да дамоў будзе падведзены да пачатку ацяпляльнага сезона.

Алена Валянцінаўна Шаўчэнка звярталася па жыллёвым пытанні. У сям’і выхоўваецца дзіця-інвалід, яна стаіць першай на чарзе на сацыяльнае жыллё, і прыйшла, пэўна, каб падстрахавацца.

Жыллёвае пытанне – самае складанае, і ніколі ніхто не даваў абяцанняў у абыход заканадаўства. Па закону ж жанчына хоць і першая на чарзе і будзе будавацца тры кватэры сацыяльнага прызначэння, аднак няма гарантыі, што яна яе атрымае. Справа ў тым, што існуе пазачарговая катэгорыя – сіроты, і калі з іх ліку з’явяцца прэтэндэнты на жыллё, чарга жанчыны аўтаматычна пераносіцца. Таму У.П.Андрэйчанка прапанаваў усё ж будаваць сваё жыллё, тым больш, што нядаўна ў лепшы бок памяняліся ўмовы крэдытавання для забудоўшчыкаў.

Таксама па жыллёвым пытанні звярталася Ефрасіння Піліпаўна Крыцкая. Яе сям’я год назад перажыла трагедыю – згарэў дом і да гэтага часу яны з мужам жывуць у Іллюшыне ў дачным доміку дачкі. Жанчына прасіла выдзеліць ведамаснае жыллё ці пабудаваць дом на былым месцы. Тое жыллё, дом і кватэра, якое да гэтага прапаноўвалася, жанчыну не задавальняе.

Як бачна, варыянты выйсця Ефрасінні Піліпаўне прапаноўваліся і раней, былі знойдзены новыя і падчас прыёму. Уладзімір Паўлавіч не пакінуў па-за ўвагай заслуг былога заатэхніка, прыкмеціў ордэн Леніна сярод узнагарод жанчыны і ўвайшоў у сітуацыю ветэрана працы, вырашаць якую ўсё роўна на мясцовым узроўні. Сышліся на тым, што жанчыне зноў будзе прапанавана некалькі варыянтаў, з якіх яна і абярэ падыходзячы.

Яшчэ два пытанні датычыліся пенсіі дзяржслужачых. М.А.Дук і А.Я. Кухта прыводзілі ўласныя прыклады наконт блытаніны з улікам гадоў, зарплаты і прасілі разабрацца ў сітуацыі. Паколькі ў гэтым пытанні сапраўды вельмі многа акалічнасцяў, кожны канкрэтны прыклад трэба разглядаць асобна. Уладзімір Паўлавіч прапанаваў А.Я.Кухту запісаць усё, з чым ён не згодны, і зварот будзе перададзены ў адпаведную камісію Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Паколькі М.А.Дук атрымаў дэталёвы адказ перад гэтым, нічога дабавіць Уладзімір Паўлавіч не мог.

Людміла Віктараўна Андзіна прасіла дапамагчы з інтэрнатам для дачкі-студэнткі. У сям’і два студэнты, адзін вучыцца на платнай форме, і вельмі складана здымаць нават пакой у сталіцы. Гэта не першы падобны зварот выбаршчыкаў. У кожным канкрэтным выпадку Уладзімір Паўлавіч імкнецца дапамагчы, аднак колькасць месцаў у інтэрнатах абмежавана, таму заўсёды ўлічваецца матэрыяльнае становішча сям’і.

Уладзімір Мікалаевіч Круглік прасіў дапамагчы з ільготным крэдытам на далейшую рэканструкцыю хлебазавода. У. П.Андрэйчанка абяцаў высветліць сітуацыю і дапамагчы, калі гэта рэальна.

В.КАРАЛЕНКА.
 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *