Жыхары аграгарадка Глыбачка абураліся, што падчас вядзення работ па замене цеплатрасы ля шматкватэрных дамоў работнікі ЖКГ знішчаюць кусты і дрэвы. Пракаменціраваць гэтую сітуацыю мы папрасілі намесніка дырэктара УП ЖКГ па ідэалагічнай рабоце П.М.ПАШКОВА.
Сапраўды, УП ЖКГ робіць зараз планавую замену труб цеплатрасы, якая, вядома ж, патрабуе правядзення маштабных земляных работ. Натуральна, што весці іх, не пашкодзіўшы навакольныя расліны, немагчыма. Але ж у месцы, дзе пракладзена цеплатраса, іх проста не павінна было быць. Пастановай Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь ад 11.08.2003 года №31 «Аб зацвярджэнні Правіл тэхнічнай эксплуатацыі теплавыкарыстальных установак і цеплавых сетак спажыўцоў і Правіл тэхнікі бяспекі пры эксплуатацыі цеплавыкарыстальных установак і цеплавых сетак спажыўцоў» зацверджаны тэхнічныя патрабаванні да цеплавых сетак. У прыватнасці, паводле п.105 названага дакумента, «у месцах пракладкі цеплаправодаў узвядзенне пабудоў, складзіраванне, пасадка дрэў і шматлетняга кустоўя на адлегласці менш 2 метраў ад праекцыі на паверхню зямлі краю будаўнічай канструкцыі цеплавой сеткі або бесканальнага трубаправода забараняецца.
Ёсць і іншыя законы, якія рэгламентуюць пасадку дрэў і кустоў вакол камунальных дамоў. У прыватнасці, калі вы захацелі ўпрыгожыць двор шматпавярхоўкі, пасадзіўшы пад вокнамі бярозку, трэба мець на ўвазе, што яе нельга высаджваць бліжэй чым за пяць метраў ад сцяны пабудовы: праз некалькі год дрэва вырасце і будзе зацяняць вокны жыхароў ніжніх паверхаў. І ўвогуле трэба ўсведамляць, што па прыдомнай тэрыторыі праходзіць шмат камунікацый, і некаторыя, як напрыклад, кабелі сувязі, закладваюцца на невялікую глыбіню, таму іх вельмі проста пашкодзіць, за што потым прыйдзецца несці адказнасць.
Усім зразумела жаданне жыхароў шматкватэрных дамоў абзавесціся паблізу некалькімі градкамі, прычым, робяцца звычайна такія агародчыкі стыхійна, а іх гаспадары з цягам часу пачынаюць лічыць іх сваёй законнай уласнасцю і агрэсіўна ўспрымаюць спробы парушыць гэтую «гармонію». Але ж трэба разумець, што пад такім градкамі могуць праходзіць камунікацыі, якія неабходна абслугоўваць, ці адпаведна генеральнаму плану забудовы «захопленая» пад агарод зямля можа стаць будаўнічай пляцоўкай. Таму, перш чым скардзіцца і выказваць абурэнне, прааналізуйце сітуацыю: магчыма, менавіта вы самі, наўмысна ці не, парушылі патрабаванне заканадаўства.