Студенты-физкультурники в гостях у ушачан

70-годдзе Перамогі

Студэнты – гэта маладыя людзі, якія ўжо сфарміраваліся ў духоўным плане. Сям’я, школа зрабілі сваё. І ў той жа час працягваецца сталенне гэтых юнакоў і дзяўчат, паглыбляецца свядомасць, яшчэ больш замацоўваюцца арыенціры.P1010022Свой “зорны паход”, прысвечаны 65-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, студэнты і настаўнікі Беларускага дзяржаўнага універсітэта фізічнай культуры здзейснілі ва Ушачы, дзе кожная сцежка памятае партызанскія паходы, жах і пакуты мірнага насельніцтва ў час ліхалецця.

– Ведаеце, з якім хваляваннем і нават адкрыццём успрынялі нашы юнакі і дзяўчаты тыя гістарычныя падзеі, аб якіх расказвала нам экскурсавод музея народнай славы імя У. Е. Лабанка, –дзялілася ў той дзень намеснік старшыні па ідэалогіі грамадскай арганізацыі “Беларуская алімпійская акадэмія” С.А.Васіленка. – У нашай групе ёсць студэнтка-кітаянка Ван Цяо Мэй, яна не разумее беларускай мовы, і рабяты пераводзілі ёй інфармацыю аб ваенных падзеях у вашай мясцовасці, дык дзяўчына была ўражана тым, што давялося перажыць ушачанам. Тым больш, што экскурсавод падавала як агульныя звесткі, так і дэталі.

У гэты ж дзень студэнты пабывалі на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, куды ехалі на лыжах, дзе яшчэ глыбей пранікліся ваенным мінулым, усклалі кветкі да мемарыяльных пліт.

Была і яшчэ адна частка шырокага маладзёжнага мерапрыемства: сцэнічная. Студэнты выступілі ў раённым Доме культуры перад вучнямі Ушацкай сярэдняй школы, іншымі гледачамі. Гэта было па-сапраўднаму захапляючым відові- шчам. Дзяўчаты і юнакі дэманстравалі свой спрыт лёгка і дасканала. Майстры спорту па мастацкай, спартыўнай гімнастыцы, члены нацыянальнай зборнай па акрабатыцы, іншыя студэнты з кожным сцэнічным нумарам здзіўлялі ўсё больш і больш. З незвычайнай цікавасцю ўспрынялі гледачы дэманстрацыю тэхнікі бою без зброі (ушу) і з ёю. Былі таксама бальныя танцы і рытмы Лацінскай Амерыкі, лірычныя песні. За ўсё гэта зала аддзякавала выступаючым апладысментамі, а час ад часу чуліся выгукі захаплення. Калі, напрыклад, адзін спартсмен ляжаў, а другі кідаў яму на жывот востры нож.

Эфект ад выступлення быў адзін – захапленне і, напэўна ж, жаданне многіх хлопцаў і дзяўчат: вось бы мне так. Юныя спартсмены нашага гарпасёлка, якія займаюцца спортам, якраз і мараць у далейшым паступаць у БДУФК. Таму вельмі дарэчы было і выступленне студэнтаў разам з выкладчыкамі, і словы выкладчыкаў, звернутыя да залы. А гэта майстар спорту, старшы выкладчык, аўтар і пастаноўшчык большасці нумароў Таццяна Анатольеўна Мікуліч, старшы выкладчык, які доўгі час узначальваў ва універсітэце турыстычную работу, Аляксандр Мікалаевіч Анісім, майстар спорту па ушу, старшы выкладчык Святлана Аляксандраўна Капейкіна. Кіраўніком праекта з’яўляецца рэктар Міхаіл Яфімавіч Кобрынскі.

Святлана Аляксандраўна Васіленка з гонарам гаварыла аб тым, што выпускнік БДУФК Аляксей Грышын стаў чэмпіёнам алімпіяды ў Канадзе. Сёння былыя студэнты гэтай навучальнай установы запатрабаваны ў Беларусі. Універсітэт фізічнай культуры рыхтуе новых і новых чэмпіёнаў і прызёраў алімпійскіх гульняў, а разам з тым яго выпускнікі займаюцца з дзецьмі і дарослымі, прывіваючы здаровы лад жыцця. Фізічныя заняткі і спорт – гэта аснова жыцця, без чаго не можа быць здароўя. У нашай краіне, сказала выступаючая, шмат сродкаў выдзяляецца для развіцця спорту, і гэта робіцца менавіта ў інтарэсах нацыі.

Удзельнікі паходу пакінулі ва Ушачах інфармацыю для школ аб тым, што можа цікавіць сённяшніх школьнікаў, заўтрашніх абітурыентаў. А для нашага раёна, дзе моладзь займаецца спортам, гэта актуальна.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.

 
 


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *