В агроусадьбе «Николаевский посад» всегда рады гостям


Паняцце адпачынак часта зводзіцца да звыклага стэрэатыпу «мора, пальмы, белы цеплаход». Але ж апошнім часам усё больш людзей лічыць, што добра правесці час можна і ў Беларусі, што айчынныя пушчы і азёры не горшыя за экзатычныя дзівосы. Сведчанне гэтаму — запоўненыя на працягу ўсяго лета пакоі аграсядзібы «Мікалаеўскі Пасад», што размешчана на тэрыторыі былой турбазы ля вёскі Сержаны. Чым прываблівае гэтае месца адпачываючых — вырашылі высветліць мы, наспех арганізавалі невялічкую турыстычную групу і цудоўным жнівеньскім адвячоркам накіраваліся ў аграсядзібу, каб хоць на некалькі гадзін адчуць на сабе ўсе вартасці падобнага адпачынку.

Высадзіўшы свой дэсант ля ўваходу на тэрыторыю, дзе нас гасцінна сустрэў гаспадар Мікалай Дзмітрыевіч Падрэз, крыху разгубіліся: жыццё на сядзібе літаральна бурліла, амаль паўсюдна адбывалася нешта вартае нашай увагі. Каб нічога не ўпусціць, мы раздзяліліся і рушылі ў розных напрамках…

Квілінг і скаладром

У прасторным памяшканні сталовай адпачываючыя наладзілі работу гурткоў. Дзяўчаты, якія рабілі паштоўкі з узорамі з вузкіх палосак паперы, з гатоўнасцю паведамілі, што асвойваюць мастацкую тэхніку пад назвай квілінг, а падораць свае сувеніры мамам і настаўніцам на 1 верасня. Мінчане Вадзім і Улад на лаўцы побач з корпусам рэпеціравалі гітарны дуэт да вячэрняга канцэрту. «Прыязджаем сюды кожнае лета. Тут лепей, чым на моры!» — зазначылі маладыя людзі. А 15-гадовы Кірыл прызнаўся, што адпачываў сёлета ў лагеры «Зубраня», але ж у «Мікалаеўскім пасадзе» яму падабаецца больш, а ў адказ на нашы здзіўленыя позіркі дадаў: «Тут адчуваеш сябе свабодным, яднаешся з прыродай». «Ура! Мы перамаглі!» — пачулася побач: гэта вясёлая кампанія моладзі вярнулася з футбольнага поля, дзе гуляла ў лапту. А непадалёк разгарнуліся спаборніцтвы па скачках на батуце — яго прывезла з сабой адна з груп. Як патлумачыў Мікалай Дзмітрыевіч, улетку аграсядзіба карыстаецца асаблівай папулярнасцю ў прыхільнікаў актыўнага адпачынку. Нядаўна, напрыклад, прыязджалі аматары водных прагулак — белага цеплахода, праўда, з сабой не прывезлі, затое прыхапілі два дзясятка байдарак, на якіх штодня плавалі па возеры. Дарэчы, у гэтым годзе гаспадар аграсядзібы абсталяваў на вадаёме пляж, які плануе зрабіць яшчэ больш утульным і прыстасаваным для адпачынку. А вось групу альпіністаў зацікавілі высокія сосны, якімі багата наваколле: яны абсталявалі тут скаладром для трэніровак.

Не пустуе сядзіба і ў халодны сезон: тут спыняюцца паляўнічыя і рыбаловы, удзельнікі ралі, бываюць і госці з дальняга замежжа. Шырокі і ўзроставы дыяпазон кліентаў: адпачываюць сем’і з дзецьмі, а днямі спынялася на начлег дэлегацыя ветэранскай арганізацыі з Гродна.

Замест кватэры — мініцывілізацыя

Гледзячы на сучасныя пабудовы, прывабныя куточкі, арыгінальныя кампазіцыі, нават не адразу паверылі, што яшчэ сем гадоў таму на гэтым месцы былі толькі два невялікія старыя дамы. Аб тым, з чаго ўсё пачыналася, нагадваюць хіба што фотаздымкі, якія гаспадары беражліва захоўваюць у сваім фотаархіве.

Пытанне выбару месца для будаўніцтва будучай сядзібы ў сям’і Падрэзаў не ўзнікала. Жыхары Мінска, яны часта прыязджалі на сваю дачу ў Дворыцу, а таму добра ведалі ўшацкія краявіды, вартасці мясцовага адпачынку. Каб пачаць справу, Мікалаю Дзмітрыевічу і Тамары Сяргееўне давялося прадаць кватэру ў сталіцы і пераехаць у Сержаны. Год за годам, дзякуючы стараннай працы і, безумоўна, дзяржаўнай падтрымцы развіцця аграэкатурызму, будавалі, развівалі і ўмацоўвалі сваю справу. І вось ужо на працягу апошніх трох гадоў «Мікалаеўскі пасад» прымае гасцей.

Ва ўтульных двухпавярховых гасцявых карпусах ёсць усё для камфортнага адпачынку турыстаў: з густам абстаўленыя мэбляй спальні, кухні для прыгатавання ежы, прасторная сталовая і нават канферэнц-зала, у якой можна правесці час, хаваючыся ад непагадзі. Дарэчы, пакоі тут рознай ступені камфортнасці: ад самых простых да амаль «люксавых». І кошт на іх прымальны — ад 25 тысяч за суткі. А таму кожны тут знойдзе сабе варыянт па гусце і кішэні.

Ужо зараз «Мікалаеўскі пасад» зарабіў аўтарытэт у шматлікіх сваіх кліентаў: многія прыязджаюць сюды на адпачынак нават па некалькі разоў у год, выкладваюць адпаведныя фотаздымкі ў інтэрнэце, а таму рэкламаваць сядзібу гаспадарам не трэба. Асаблівы наплыў турыстаў тут, вядома ж, летам. Як расказаў нам Мікалай Дзмітрыевіч, у чэрвені-ліпені штодзень да яго звярталася па 4-6 чалавек, прыходзілася нават адпраўляць патэнцыяльных кліентаў да канкурэнтаў.

Спрыяе адпачынку на сядзібе і добра абсталяваная тэрыторыя. Так і хочацца пасядзець ва ўтульнай альтанцы, пакачацца на «крылатых» арэлях, паляжаць у гамаку ці пераадолець спартыўную паласу перашкод.

Гаспадары не спыняюцца на дасягнутым, штогод сядзіба прырастае новымі аб’ектамі. Вось і зараз дабудоўваецца лазня, хутка з’явіцца яшчэ адна кухня і навес перад гасцявым домам.

Беларуская шкварка з экзатычнай прыпраўкай

Аграэкатурызм — гэта не толькі арганізацыя адпачынку, адной з умоў з з’яўляецца наяўнасць асабістай падсобнай гаспадаркі. Мікалай Дзмітрыевіч, трэба сказаць, падышоў да гэтага пытання нефармальна і не абмежаваўся адной градкай ды дзвюма курамі. Жывёльны свет сядзібы нас, шчыра кажучы, уразіў. Даўно ўжо прапісаліся тут свінні, беларускія ды замежныя — в’етнамскай траваяднай пароды, праўда, не пасябравалі яны між сабой, таму і жывуць у розных загарадках. Адны і другія вельмі свойскія, кожнаму прыдуманы імёны. Ёсць тут прадстаўнікі і птушынай дынастыі — куры, якія доўгі час не маглі знайсці агульную мову з пеўнікам-навічком, качкі. А пасля таго, як Прэзідэнт краіны параіў развіваць у сельскай гаспадарцы авечкагадоўлю, вырашыўшы не адставаць ад аграрыяў, на сядзібе абзавяліся і гэтай рахманай жывёлай.

Кантынгент адпачываючых тут пераважна гарадскі, таму падсобная гаспадарка для іх — штосьці нязведанае і цікавае, ды і сама жывёла ўжо прывыкла да такой празмернай увагі.

Раслінаводства тут таксама на ўзроўні. Вось каралева палёў — кукуруза, якая пойдзе на корм жывёле, непадалёк і ўчастак з другім хлебам — бульбай. Ну а побач з домам ужо паспела выдатная агародніна, вырашчаная намаганнямі клапатлівай гаспадыні Тамары Сяргееўны. Менавіта яна ва ўсім дапамагае і падтрымлівае Мікалая Дзмітрыевіча, а ён у сваю чаргу з цёплай усмешкай называе яе «Вышэйстаячым Кіраўніцтвам». Ураджаю памідор, ды і наогул абсталяванай цяпліцы, пэўна б пазайздросціла кожная гаспадыня, удаліся і баклажаны, агуркі, перцы, гарбузы, кабачкі і астатнія віды агародніны. Ёсць тут нават невялікая бахча з кавунамі і дынямі! А яшчэ на прысядзібным участку жанчына вырошчвае розныя спецыі. Калі некаторыя абмяжоўваюцца толькі кропам, то ў Тамары Сяргееўны ёсць вялікі набор экзатычных прыпраў, якімі яна аздабляе стравы — атрымліваецца экалагічна чысты прадукт без усялякіх хімічных дабавак. Можа менавіта таму госці, якім жанчына часам гатуе ежу, у захапленні ад яе кулінарных здольнасцей.

— Гэта яшчэ не ўсё, у нас на тэрыторыі нават грыбы ёсць! Учора на суп назбіралі, мабыць, ужо новыя выраслі, — пахвалілася гаспадыня.

І сапраўды, там-сям пад дрэвамі цягнуліся да сонца самыя што ні на ёсць сапраўдныя падасінавікі.

Каб надзейна захаваць вырашчанае, Мікалай Дзмітрыевіч сёлета вырашыў пабудаваць спецыяльнае сховішча. Апошнія штрыхі — і хутка новы ўраджай размесціцца ў прасторным памяшканні. Не ўвесь, праўда, значная яго частка папоўніць харчовыя запасы чацвярых дзяцей гаспадароў, якія жывуць у сталіцы. Зрэшты, адзін з двух сыноў, Сяргей, зараз прыехаў да бацькоў, каб дапамагаць ім у такой немалой гаспадарцы.

У згодзе з усім светам

Нельга не прыгадаць і яшчэ пра адных пастаянных насельнікаў аграсядзібы — «службу аховы». Рэкс, Жучка і Бім некалі былі бяздомнымі дварнягамі, а цяпер кантралююць парадак на тэрыторыі, пільна аглядваючы яе са сваіх будак. Яны ўважлівыя, строгія і ў той жа час прыветлівыя. На словы «добры дзень» паважна працягваюць лапу, калі ж на тэрыторыю забрыдзе нехта падазроны — адразу сігналізуюць аб гэтым гаспадару. А персанальны ахоўнік гаспадыні — сабачка Чарлік — неадступна суправаджае яе ўсюды.

Зрэшты, ахоўваць сядзібу па сутнасці няма ад каго: з усімі яе ўладальнікі жывуць у згодзе. З першых дзён свайго прабывання на Ушаччыне яны знайшлі падтрымку ў раённых улад, а адносіны, якія склаліся ў гаспадароў «Мікалаеўскага Пасада» з кіраўніцтвам мясцовай гаспадаркі ААТ «Ільюшынскі», можна без перабольшвання назваць сяброўскімі. Даводзілася чуць, што некаторыя ўладальнікі аграсядзіб не знаходзяць агульнай мовы з мясцовымі жыхарамі (ці то зайздрасць апошніх у тым павінна, ці залішняя высакамернасць першых). У дадзеным жа выпадку сітуацыя зусім адваротная: вяскоўцы прынялі новых суседзяў, як родных, што і не дзіўна, бо Мікалай Дзмітрыевіч і Тамара Сяргееўна ніколі не адказваюць ім у дапамозе і нават выступаюць пасрэднікамі пры згладжванні сямейных канфліктаў.

Захоўваючы традыцыі

Ёсць і яшчэ адзін значны момант у дзейнасці аграсядзібы — патрыятычна-выхаваўчы. Прычым, робіцца гэта недакучліва і складаецца з такіх акалічнасцей, як рэчы старажытнага беларускага побыту, прадметы экіпіроўкі савецкіх салдат ваеннага часу, дамашняя бібліятэка, у якой на пачэсным месцы кнігі «Памяць» Ушацкага і суседніх раёнаў — усё гэта выстаўлена ў пакоях аграсядзібы. У нацыянальным народным стылі аформлена і адна з альтанак у двары. Усім жадаючым прапаноўваецца здзейсніць экскурсіі ва Ушацкі музей народнай славы імя У.Е.Лабанка і на мемарыяльны комплекс «Прарыў».

***

«Часы добрыя, усе ўмовы ёсць — толькі працуй!» — падвёў вынік нашай экскурсіі па сваіх уладаннях Мікалай Дзмітрыевіч Падрэз. Яшчэ доўга пасля ад’езду ўспаміналі і абмяркоўвалі мы ўбачанае і пачутае. Хто б мог падумаць, што ўмелыя чалавечыя рукі, чулыя сэрцы могуць так з’яднаць прыгажосць, камфорт і гісторыю на падворку адной сядзібы.

Н.БАГДАНОВІЧ, К.КАВАЛЕЎСКАЯ, В.КАМАРКОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *