12 августа свой профессиональный праздник отметят строители

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

Это праздник людей, чье призвание строить и создавать. Именно благодаря их усилиям воздвигаются новые уютные дома, объекты социальной инфраструктуры, промышленного и сельскохозяйственного назначения.

Для шчасця и камфорту ўшачан

«Кожны будаўнічы аб’ект нашага раёна фактычна нараджаецца ў гэтым кабінеце!» — так лаканічна і ёмка адказала на маё пытанне аб тым, чым займаецца ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, дырэктар прадпрыемства «УКБ Ушацкага раёна» Наталля Пятроўна Казьяніна. І сапраўды, паняцце «будаўніцтва» ў многіх з нас асацыіруецца найперш з чалавекам у спяцоўцы і касцы, які выкладвае цагляную сцяну. Ну ці яшчэ, мабыць, з архітэктарам, што схіліўся над праектам. І далёка не ўсе ведаюць, якую безліч неабходнай работы выконвае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, а менавіта гэта прадпрыемства выконвае функцыі заказчыка, займаецца арганізацыйна-каардынацыйнай дзейнасцю, без якой немагчымы будаўнічы працэс.

Пачынаецца яна з моманту прыняцця рашэння аб будаўніцтве і не заканчваецца нават пасля здачы аб’екта. Цяжка пералічыць усё, чым даводзіцца займацца работнікам прадпрыемства. Толькі на першай стадыі будаўнічага працэсу трэба падрыхтаваць цэлы шэраг дакументацыі, весці работу з праектна-доследнымі інстытутамі, заключыць дагаворы з падрадчыкамі. Непасрэдна працэс будаўніцтва таксама не абыходзіцца без актыўнага ўдзелу УКБ, якое каардынуе дзейнасць усіх яго ўчасткаў, ажыццяўляе кантроль і тэхнічны нагляд за выкананнем работ. Вельмі важная функцыя — забеспячэнне своечасовага фінансавання будаўнічай дзейнасці і разлікаў за выкананыя работы, кантроль за мэтавым выкарыстаннем сродкаў. Самы адказны і радасны этап — здача аб’екта — таксама даволі складаны працэс: трэба не толькі падрыхтаваць дакументацыю, але і атрымаць заключэнні аб гатоўнасці аб’екта ад многіх службаў. І нават калі будынак ужо перададзены эксплуатацыйнай арганізацыі, ён не знікае з-пад увагі УКБ, якое забяспечвае ўхіленне выяўленых у перыяд гарантыйнага тэрміну дэфектаў (летась, дарэчы, ён быў падоўжаны да 5 гадоў).
Будаўнічая галіна перажывае зараз няпростыя часы, аднак аб’ектаў, на якіх вядуцца работы, у раёне хапае. Заканчваецца будаўніцтва ЖБВК-13, узводзіцца будынак суда, пракладваюцца камунікацыі ў квартале прыватнай забудовы №9, вядзецца мадэрнізацыя даху паліклінікі і бальніцы, будынка Дома Саветаў, на чацвёрты квартал бягучага года запланаваны пачатак будаўніцтва райваенкамата. Узяло старт узвядзенне доўгачаканага фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Юнацтва», на яго будаўніцтва сёлета выдзелена 5 мільярдаў 463 мільёны рублёў. Зараз падрадчыкам — трэстам «Полацксельбуд» — вядуцца земляныя работы, пачалася пракладка інжынерных сетак, плануецца, што ў гэтым годзе будзе закладвацца фундамент. Маюцца будаўнічыя аб’екты і на сяле. Па праграме, зацверджанай указам Прэзідэнта, у аграгарадку Арэхаўна ўзводзіцца жылы дом для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Будуюцца таксама жылыя дамы ў Арэхаўне і Дубраўцы.
Калектыў прадпрыемства невялікі, але вельмі працаздольны і згуртаваны. «Нашы работнікі — прафесіяналы з вялікай літары. Чалавек непадрыхтаваны проста не зможа выконваць такі аб’ём абавязкаў,» — сцвярджае Н.П.Казьяніна, якая, трэба адзначыць, падае калегам прыклад у адносінах да справы. Дарэчы, аб складанасці работы на гэтай пасадзе сведчыць факт, што па нашай вобласці толькі чатыры ўпраўленні капітальнага будаўніцтва ўзначальваюць жанчыны. Навыкі і вопыт Наталля Пятроўна набывала паэтапна: у яе працоўным багажы работа спецыялістам па тэхнічным наглядзе, інспектарам дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага кантроля, галоўным інжынерам УП ЖКГ, намеснікам дырэктара санаторыя «Вечалле», і вось ужо на працягу дзесяці год яна паспяхова спраўляецца з кіраўніцтвам «УКБ Ушацкага раёна».
А побач працуюць надзейныя памочнікі. Перш за ўсё гэта галоўны бухгалтар Зінаіда Іванаўна Дунец, вопытны спецыяліст, якая аддала прадпрыемству 28 гадоў. Аб яе прафесійных якасцях красамоўна сведчыць факт, што за гэты перыяд пры правядзенні шматлікіх праверак галоўнаму бухгалтару не вынесена ніводнай заўвагі. Не дзіўна, што Зінаіда Іванаўна карыстаецца аўтарытэтам не толькі ў сваім калектыве, але і ў работнікаў іншых арганізацый.
Вядучы эканаміст Ірына Мікалаеўна Клемяценка на прадпрыемстве нядаўна, аднак, дзякуючы немалому вопыту работы ў будаўнічай сферы, хутка і паспяхова асвоіла працоўны працэс, які, дарэчы, патрабуе ад яе не толькі эканамічных, але і юрыдычных, аналітычных, інжынерскіх навыкаў.
Без вядучага інжынера Аляксандра Сяргеевіча Лосева проста нельга ўявіць сабе арганізацыю: ён адзін ажыццяўляе тэхнічны нагляд над усімі аб’ектамі раёна. Для гэтага спецыяліста няма сакрэтаў у будаўніцтве, бо за яго плячыма работа галоўным інжынерам ПМК-66. З-пад яго ўвагі не выпадзе ніводная хіба, ніводная дробязь, здольная паўплываць на якасць пабудовы.
Вядома ж, у такой справе не абысціся без транспарту, а значыць і без чалавека, які даставіць спецыялістаў у любы куток раёна і нават краіны. Як зазначаюць калегі, з вадзіцелем прадпрыемству пашанцавала: Мікалай Ягоравіч Эртман не толькі выдатны прафесіянал, але вельмі адказны і прыемны чалавек.
А скончыць гэты аповед хочацца словамі І.М.Клемяценка: «Работа ў нас складаная, затое вельмі прыемна адчуваць сваё непасрэднае дачыненне да таго, што на Ушаччыне вырастаюць новыя прыгожыя будынкі, якія робяць жыццё нашых землякоў больш камфортным і шчаслівым!»
Н.БАГДАНОВІЧ.

Плён работы старанных рук

Здаецца зусім непрыкметна вырас новы дом на Віцебскай, зараз там вядуцца ўнутраныя аддзелачныя работы і вельмі хутка ў новае жыллё заселяцца шчаслівыя навасёлы – 40 уладальнікаў кватэр. Чарговы жыллёва-будаўнічы кааператыў узведзены сіламі асноўнай будаўнічай арганізацыі нашага раёна – ПМК-66.

Сярод тых, хто зараз шчыруе на названым аб’екце – маляр Марыя Пятроўна Арцем’ева.
Кожнаму з нас, напэўна, даводзілася клеіць шпалеры, але так хутка і якасна, як гэта робяць прафесіяналы, справіцца з такой работай далёка не кожны. Роўненька прыклейваюцца адна за адной палосы, бездакорна супадае малюнак на іх. Ацэньваючы работу маляроў у новым доме, разумееш, што яны не проста выконваюць справу, а робяць гэта з віртуознай лёгкасцю. Мы прывыклі бачыць роўныя прыгожыя сцены, а за гэтым стаіць плён работы старанных рук будаўнікоў, у тым ліку маляроў.
– Я вельмі люблю свой занятак, мне падабаецца ствараць утульнасць у дамах – клеіць шпалеры, фарбаваць, класці плітку, таму і на працы заўсёды знаходжуся ў добрым настроі, – расказвае, не адрываючыся ад сваёй справы ў адной з кватэр новага дома на Віцебскай, маляр пятага разраду Марыя Пятроўна Арцем’ева.
Вось ужо на працягу 25 гадоў яна працуе ў ПМК-66, хоць па прафесіі швачка. Скончыўшы прафесійна-тэхнічнае вучылішча, па размеркаванні трапіла на працу ў Жодзіна, аднак абставіны прымусілі памяняць месца жыхарства і вярнуцца на родную Ушаччыну, дзе жылі бацькі. А тут прыйшлося памяняць і род дзейнасці, змяніць атрыманую прафесію на зусім супрацьлеглую. Тады якраз актыўна вялося будаўніцтва і адпаведная рабочая сіла была вельмі запатрабавана. Паступова вучылася, набывала навыкі, удасканальвала сваё майстэрства – і ў выніку сёння з’яўляецца адным з лепшых работнікаў будаўнічай арганізацыі.
– Марыя Пятроўна – добразычлівы чалавек і сапраўдны прафесіянал, – так адклікаецца пра жанчыну прараб Аляксандр Уладзіміравіч Клопаў, – усім бы работнікам такога запалу, энергіі, добрасумленнасці, жадання працаваць.
Акрамя таго Марыя Пятроўна выдатная гаспадыня, цудоўная маці, якая выхавала двух сыноў. Пра яе толькі добрыя словы можна пачуць ад знаёмых і калег. Чалавек сваёй справы, будаўнік па прызванні – гэта пра яе! Нездарма сёлета да прафесійнага свята М.П.Арцем’ева ўзнагароджана Ганаровай граматай Ушацкага райвыканкама.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *