Почему в торговых точках нашего района цены значительно выше, чем в других городских?

Выясняем ситуацию

– У нас што, запрацаваў нафтаперапрацоўчы завод?
Шчыра кажучы, падвоху ў пытанні Паўла Пятровіча Прашковіча адразу і не зразумела. А гэта наш чытач так падводзіў да пытання аб высокіх цэнах ва ўшацкіх магазінах. “Тварог, віно, што ні глянь, даражэй, чым у іншых раёнах. А спрадвечная адгаворка, што ў нас няма чыгункі і таму даражэй падвоз – не спрацоўвае – большасць пастаўшчыкоў самі завозяць тавар”, – не супакойваўся наведвальнік і настойваў “раскрыць карты” ўшацкай спажыўкааперацыі.

Чым далей, тым дзешавей

Дарэчы, не ён першы прыкмеціў гэту розніцу. Самым дарагім горадам Беларусі назвалі Ушачы наведвальнікі нашага сайта. “Не ведаю, на якія зарплаты ў вас разлічаны цэны?” – казала настаўнік-віцябчанка, выбіраючы на рынку фрукты. Так, зарплаты ў нас не наваполацкія, а цэны… таксама не наваполацкія. Праўда, зноў жа не ў лепшы для ўшачан бок: першае ніжэй, апошняе – вышэй. Не на ўсе тавары, але…
Больш чым 600 тысяч у месяц эканоміць сям’я з чатырох чалавек, набываючы прадукты харчавання ў “Еўраопце” – гэта інфармацыя афіцыйная. У нас, на жаль, няма і яго, таму і выбіраем з таго, што прапаноўваюць спажывецкая кааперацыя і камерсанты. Адзін аднаму, дарэчы, не надта саступаюць. Многія ўшачане зараз займаюцца рамонтам, набываюць адно, другое. І, канечне, шукаюць, дзе танней. “Не спатрэбіліся сілікатныя блокі, хачу прадаць. У вас у магазіне намнога даражэй, чым у нас у Лепелі, думаю, хутка купяць”, – казаў задаволены рэкламадаўца нашай газеты. Працэнтаў на 10 танней, чым у магазінах, пад заказ прывозіць будаўнічыя матэрыялы “Прамбудлід”. Больш за 700 тысяч зэканоміў, выбіраючы поліпрапіленавыя трубы, краны, фурнітуру да іх жыхар райцэнтра М.Ганчаронак, з’ездзіўшы ў Віцебск. Хоць і машыну давялося наймаць – не шкадуе: 19,5 каштаваў метр трубы ва Ушачах на рынку і 15 у Віцебску. Выгада – відавочная, і яна ж – страчаная як для рыначнага гандляра, так і для спажыўкааперацыі, ва ўшацкіх магазінах такой трубы проста няма ў асартыменце.
У выхадныя “Дамавёнак” быў зачынены і мантажную пену наша супрацоўніца вымушана была набыць роўна ў два разы даражэй у “Будматэрыялах”. Можа падасца, што гэта адзінкавыя прыклады. Давайце тады пацікавімся вынікамі апытання на нашым сайце, якое мы прысвяцілі менавіта гэтай тэме. На першым месцы па водгуках (50 працэнтаў ці 16 рэспандэнтаў) адказалі: “Перыядычна закупляюся ў “Еўраопце”. На другім месцы адказ: “На рынку ў Полацку” і толькі на чацвёртым: “У магазінах Ушач і раёна”. Дарэчы, за такое паняцце, як страчаная выгада ці недаатрыманы прыбытак кіраўнікоў прадпрыемстваў могуць прыцягнуць і да адказнасці… А ў гандлі, пэўна, падлічваюць толькі атрыманы прыбытак.

Тавар-уцэнка-грошы

Грошы-тавар-грошы. Класічная марксаўская схема ва ўсім свеце працуе на хуткасці замены гэтых складальнікаў. Калі ж “праляцеў” гандляр з густам пакупнікоў, уцэньвае тое, што не пайшло ў сезоне, каб грошы мелі абарот. І мяркуючы па колькасці акцый і пастаянстве прыгаданай вышэй схемы – страт, пэўна, не маюць. Ва Ушачах жа можна атрымоўваць патэнт на супрацьлеглым. Усе, напэўна, памятаюць, як заўзята аглядалі прылаўкі вясковых магазінаў у тыя ж савецкія часы – у надзеі набыць заляжалае, тое, што даўно паступіла па старым і адпаведна нізкім кошце. Напэўна, настальгія ў нашым райспажыўтаварыстве па мінулым вельмі трывалая. Бо дзейнічае тая ж схема: завезлі, паляжала, абясцэнілася – прадалі. Схема, трэба зазначыць, таксама прыбытковая. Ну што губляе райспажыўтаварыства, паставіўшы ў магазіне мэблю. Дзень, месяц ці год яна там будзе стаяць – асабліва не хвалюе. За яе ж разлічваюцца з фабрыкай па факце продажы, ну а закладаюць такі свой працэнт!
Хоць, што гэта я перабольшваю. Працэнт звычайны, як пераважна на ўсё – 30-40. Толькі калі на ўсім “накрутка” не так кідаецца ў вочы з-за адпускной цаны без шасці нулёў, то на “Пінскдрэве” яна вымяраецца менавіта мільёнамі. Калі аптовая цана на мяккі куток была 6 мільёнаў 789 тысяч 300 рублёў, то ў нас у продажы ён з’явіўся па 10 мільёнаў 242 тысячы 150 рублёў.
Скажаце – неактуальна, бо зараз у сістэме прамысловых тавараў акцыі, скідкі. І якія. Ажно 20 працэнтаў вам саступяць, калі вы адразу аплаціце ўсю суму. Барскі падарунак, адразу на мільён рублёў патаннеў мяккі куток, які ў час прыбыцця падаражэў на палову адпускнога кошту. Так проста, без аргументацыі затрат, паколькі іх няма. Хіба што прадбачліва ўлічылі, што тавар паўгода будзе займаць плошчы, а прадаўцу трэба плаціць зарплату, ды і ўтрыманне памяшкання тое-сёе каштуе.
А тавар стойка стаіць. З лютага тэлевізар “Віцязь”. З лістапада мінулага года мяккі куток “Рыкарда”, які ўжо можна лічыць часткай інтэр’еру магазіна.
– Людзі прывыклі, ведаюць, што кожны месяц акцыя, прыходзяць за таварам нават без аб’яў, – кажа дырэктар АСП “Гандлёва-прамысловае прадпрыемства” Н.Чабатар. Мабыць і прывыклі, мабыць і набываюць, чакаючы скідак. Але большасць за вялікім таварам усё роўна едзе за межы раёна. Бо навошта чакаць 10-працэнтных скідак з тавару, на які накручана 40, калі фірменныя магазіны даюць той жа тавар у растэрміноўку, калі столькі самых розных прапаноў гучыць штодня.

Зайдросная вытрымка

Добрая слава з даўніх часоў замацавалася за лепельскім універмагам. А чаму не за нашым? Чаму не да нас едуць за абуткам, бялізнай, мэбляй (дарэчы, у прыватным ушацкім магазіне яна ў разы танней, хоць і іншых вытворцаў). Папрацаваўшы месяц на тавары райспажыўтаварыства, камунгас пачаў самастойна папаўняць свой буфет у лазневым комплексе. “Мы ж літаральна нічога сабе не пакідалі, цяпер да нас ходзяць і кажуць, што ў нас піва танней”, – кажа касір В.Тамашкова. Хоць на піва нацэнка ў іх 30 працэнтаў, на напіткі і мінералку адпаведна 35, 40. Зразумела, маленькі буфет канкурэнцыі райспажыўтаварыству не створыць. Камерсанты таксама не надта жадаюць. Тут яшчэ пахадзіць трэба, каб пралічыць, у каго танней, хоць выдаткі ў апошніх сапраўды меней, чым у райспажыўтаварыства. “У нашых гандляроў на рынку дзіцячыя басаножкі 140 тысяч, у Наваполацку такія ж 100-110, – я заўсёды там купляю, тым больш што і скідкі адчувальныя”, – кажа Г.Хвошч.
Не ведаю, як у Наваполацку, а нашы рыначныя гандляры салідарныя. Цэны трымаюць адзін пад аднаго, а калі хто вылучаецца, не здзірае з землякоў тры шкуры, такія праклёны ў след шлюць… Хоць гэта, дарэчы, на абарот не ўплывае. Уплывае колькасць завозаў і працэнт надбаўкі. Можна зарабляць абаротам пры мінімальнай накрутцы, а можна “паставіць” палову ад пачатковай сумы і з жалезнай вытрымкай чакаць, пакуль прадасца. Дарэчы, у тым жа магазіне “Мэбля” свяцільнікі былі ў разы танней за аднатыпныя ў Полацку. Гэта мне паведамілі наведвальнікі магазіна. Наш пакупнік не лічыць адлегласць у 40 кіламетраў вызначальнай, каб не параўнаць, не прыгледзецца.
Праўда нацэнку ў райспажаўтаварыстве вызначае не той, хто гандлюе, таму пэўна, і нервы ў спакоі. З пакупнікамі ж сустракаюцца прадаўцы, якія, дарэчы, таксама не разумеюць, навошта ў нашым сельскагаспадарчым раёне ўстанаўліваць такія нацэнкі.
Мне гэта нагадвае анекдот пра мужыка, які ўтрая даражэй прадаваў на рынку курыцу. На пытанне, чаму так дорага, чэсна гаварыў: грошы вельмі патрэбны.
Грошы, зразумела, патрэбны ўсім. Райспажаўтаварыству таксама – на адкрыццё супермаркета на першым паверсе ўнівермага, на пакрыццё затрат аўтамагазінаў, утрыманне немалога штата… І я, канечне, не таваразнаўца, каб падказваць, якім шляхам лепш зарабляць. Аднак разумею, што пры такіх нягібкіх падыходах пусцее кішэня не толькі ў нас, пакупнікоў, але і райспажаўтаварыства, міма якога праходзяць важкія сумы. І разам з нашымі чытачамі рэдакцыя будзе чакаць адказу на пытанне, зыходзячы з чаго ўстанаўліваюцца нацэнкі на тавары, якія канкрэтна на прадукты харчавання і прамысловыя, і чаму ў нас многае даражэй.
Р.S. Дарэчы, дапамажыце вызначыць працэнт на цэглу, якая паступіла з завода за 857180 рублёў за тысячу ўмоўных адзінак, а прадажная цана ўстаноўлена ў 4005200. Гэта апіска, памылка, ці свядомы ход? Накручваць, дык у разы.
В.КАРАЛЕНКА.



3 комментария по теме “Почему в торговых точках нашего района цены значительно выше, чем в других городских?

  1. Подпишусь под каждым словом!Спасибо газете,что наконец обратили внимание на эту проблему на бумаге(на сайте она уже не раз поднималась в рубрике вопрос к руководству-безрезультатно)
    Дорогие Ушачане!Неужели мы на самом деле такие богатые что бы переплачивать такие деньги на всё самое необходимое.Пожалуйста, давайте вместе что то менять и стучаться к нашим слугам народа (власти),только тогда что то может изменится.Это не политиченский лозунг, а вопрос к нашему районному руководству -почему всё так запущенно.!!Ё!!

  2. Что верно, то верно! И после этого ещё кто-то задается вопросом: «А почему всех тянет в Минск?» (ну, или другие города). Так ведь там и зарплаты, и выбор, и цены найти можно гораздо ниже наших… И где справедливость?!

  3. Не самая достоверная статья! Живу в Новополоцке, никто из членов семьи не работает на заводе(семья большая), живу в 1-комнатной квартире, которая находится очень далеко ОТ ЦЕЛЫХ 2 ЕВРООПТОВ(КАК МНОГО).Зарплата маленькая. Нефтянником не работаю и не ем икру!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *