Знаем неплательщика в лицо! Почему граждане не спешат оплачивать коммунальные услуги?

Выясняем ситуацию Главные темы Закон - один для всех

Аплата камунальных паслуг у Беларусі цяпер складае ў сярэднім 9 працэнтаў ад сукупнага даходу сям’і. Сярод краін СНД гэта самы нізкі паказчык. Тым не менш, запазычанасць па аплаце жыллёва-камунальных паслуг для пэўнай часткі жыхароў нашага раёна стала нормай. Неплацельшчыкі прывыклі, што можна на працягу некалькіх месяцаў (а некаторыя – і гадоў) бясплатна карыстацца камунальнымі паслугамі.

Пара прачнуцца сумленню

Хто яны – неплацельшчыкі паслуг ЖКГ? Малазабяспечаныя людзі, пенсіянеры ці проста тыя, хто замест таго, каб разлічыцца за камунальныя паслугі, бяжыць у магазін за “чарнілам”? З такімі пытаннямі звярнуліся да работнікаў ЖКГ Ушацкага раёна. І, прызнацца, былі здзіўлены пачутаму.  Аказваецца, асноўную масу неплацельшчыкаў на Ушаччыне складаюць усё ж працуючыя грамадзяне, якія маюць пастаянны даход. Цікава, што сярод іх ёсць і тыя, хто займае даволі высокія пасады ў нашым раёне і пры гэтым “умудраецца” не плаціць. Ну што ж, калі так будзе працягвацца, у наступны раз пазнаёмім чытачоў газеты з іх прозвішчамі. Думаецца, многім будзе цікава даведацца, хто ж яны – заможныя і нахабныя грамадзяне.

Часам ушачане трапляюць у спіс неплацельшчыкаў выпадкова. Хтосьці ляжаў у бальніцы ці, скажам, на некаторы час паехаў на заробкі ў Расію, забыўшыся пра неабходнасць своечасова разлічыцца з камунальнікамі.

  • Нагадаем, што плату за камунальныя паслугі за месяц трэба ўносіць да 25 чысла наступнага месяца. Бывае і такое, што грамадзяне ўносяць плату, не надаючы ўвагі яе памеру, – у выніку недаплачаныя 2-3 тысячы аўтаматычна ўносяць іх у спіс даўжнікоў.

Некаторыя грамадзяне не пражываюць па сваіх адрасах (пераехалі ў новы дом, знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі і інш.), не плацяць па рахунках, “назапашваючы” пры гэтым запазычанасць. А чаму б у такой сітуацыі, скажам, не перааформіць дом ці кватэру на сваіх дзяцей, якія будуць спраўна аплачваць “камуналку”, ведаючы, што гэта ўжо іх маёмасць?!

Тым грамадзянам, ва ўласнасці якіх знаходзіцца некалькі кватэр, адну з якіх яны здаюць, варта памятаць, што адказнасць за пагашэнне камунальных паслуг ляжыць на іх, а не на здымшчыках. Каб кватаранты адказвалі за аплату, як і за парадак у кватэры, трэба загадзя паклапаціцца пра заключэнне з апошнімі адпаведнага дагавору.

Як адзначаюць спецыялісты, прычыны неаплаты рахункаў ЖКГ часта яшчэ і ў тым, што пэўнай колькасцю спажыўцоў камунальныя паслугі ўспрымаюцца як тавар, якасцю і коштам якога яны не задаволены. Як расказаў нам намеснік дырэктара УП ЖКГ па ідэалагічнай рабоце П.М.Пашкоў, супрацоўнікам арганізацыі часам прыходзіцца чуць скаргі на недастатковую цеплыню ў кватэрах у ацяпляльны перыяд – так тлумачаць наяўнасць запазычанасці некаторыя неплацельшчыкі. Аднак прад’яўляць прэтэнзіі камунальнікам і патрабаваць змяншэння аплаты за адпаведныя паслугі вы можаце толькі ў тым выпадку, калі спецыяльна выкліканай камісіяй будзе ўстаноўлена адыходжанне ад стандартаў.

НЕпрыемна пазнаёміцца

На сённяшні дзень ва Ушацкім раёне за неаплату камунальных паслуг у спісе даўжнікоў налічваецца больш за 150 чалавек. Як паведаміў нам юрыст прадпрыемства І.Д.Датаў, за бягучы перыяд 2012-га ў суд накіравана ўжо 26 адпаведных выканаўчых лістоў (за ўвесь папярэдні – 24). Агульная сума доўгу такіх гора-жыльцоў складае больш за 36 мільёнаў рублёў.

Сярод “лідараў” Я.Кісялёў з Глыбачкі, 27б/17 (доўг – больш 4 мільёнаў), Г.Гардзіёнак з Арэхаўна, 36/2 (3,5 мільёна), А.Шука з Глыбачкі, 27/4 (больш 3). Перавысілі двухмільённы “рубеж” А.Юрасаў з Ільюшына, 30/8, М.Шарыпа з Фрунзе, 19,22 і С.Кавальчук з Глыбачкі, 32/11. Наступаюць ім на пяты М.Загавалаў, П.Вінаградаў, Ю.Байкоў з Глыбачкі; Л.Дранеўская з Ленінскай, 19/54; В.Каваленка з Савецкай, 19/1; Т.Маісеенка з Савецкай, 40/1; В.Каваленка з Арэхаўна 15/3. “Засвяціліся” таксама А.Белянюк з Броўкі, 11/3; Л.Жалванаў з Савецкай, 29/4; Л.Атрашкевіч з Савецкай 24/3; Д.Пятніца з Дзяржынскага, 8/4; Н.Трацьякова, Т.Шаршнёва, М.Загавалаў з Глыбачкі; А.Чабоха, С.Шылак з Арэхаўна, 15/3/1; Х.Сыдыкаў з Ільюшына, 28/3. У гэтым спісе было  яшчэ тры прозвішчы ўшачан, якія, пакуль рыхтаваўся нумар, знайшлі неабходныя сродкі і ўжо разлічыліся па рахунках.

Падчас размовы з ушацкімі камунальнікамі даведаліся пра некаторыя нюансы іх работы, якія, шчыра кажучы, здзівілі не на жарт. З чым толькі не даводзіцца ім сутыкацца: і з абразлівымі папрокамі ў свой адрас, і нават з пагрозамі неплацельшчыкаў.

Сістэма “усё  адключана”

Безумоўна, камунальнікі не сядзяць склаўшы рукі. З кожнай катэгорыяй неплацельшчыкаў яны працуюць па-рознаму. Калі доўг – адзін месяц, то тэлефануюць,  праводзяць індывідуальныя гутаркі аб неабходнасці заплаціць.

Калі ж сумленне ў грамадзян моцна спіць, то да іх прымаюцца больш жорсткія меры ў выглядзе адключэння вады, цяпла, электраэнергіі. Для таго, каб падключыць іх назад, неплацельшчыкам неабходна будзе выкласці з кішэні не толькі суму доўгу, але яшчэ і выдаткі, затрачаныя ЖКГ на правядзенне такіх работ. На сённяшні дзень паўторнае падключэнне электраэнергіі ў грашовым эквіваленце складае 70 тысяч рублёў, вады і ацяплення – па 60 тысяч за кожны стаяк. Думаецца, для так званых “выпадковых” даўжнікоў будзе падстава падумаць аб своечасовай аплаце “камуналкі”.

  • Улады індыйскага горада Патна для работы з даўжнікамі прыцягваюць еўнухаў. Яны ў суправаджэнні афіцыйных асоб танцуюць і спяваюць пад дзвярыма неплацельшчыкаў да тых пор, пакуль тыя не вернуць доўг. А вось работнікі гаспадарчых служб Троіцка (Чалябінская вобласць) нанімаюць акцёрскую каманду, якая пад дзвярыма неплацельшчыка іграе… пахавальны марш.

Ні кала, ні двара

Менавіта такая карціна ў хуткім часе можа чакаць злосных неплацельшчыкаў. Запазычанасць за камунальныя паслугі больш шасці месяцаў? З рэчамі на выхад! Згодна з новым Жыллёвым кодэксам Беларусі, які хутка ўступіць у сілу, у такіх неплацельшчыкаў ёсць рызыка наогул застацца без даху над галавой. Праўда, калі няма змякчальных абставін (малалетнія дзеці, агульная кухня, кватэра прыватызаваная і інш.).

Пернік замест бізуна

Сёння ў даўжнікоў ёсць добрая магчымасць атрымаць “камунальную амністыю”. Пасля выплаты асноўнага доўгу па рашэнні райвыканкама налічаная пяня (а яна часта бывае больш асноўнай запазычанасці) можа быць цалкам анулявана. Аднак перад прыняццем такога рашэння будзе дакладна вывучана матэрыяльнае становішча даўжніка, высветлены прычыны неаплаты паслуг і інш.

***

Безумоўна, бываюць розныя сітуацыі. Ніхто з нас не застрахаваны ад матэрыяльных праблем, аднак знайсці сімвалічную суму для аплаты “камуналкі”, думаецца, пад сілу кожнаму. Мы прызвычаіліся да банкаўскіх крэдытаў на набыццё транспартных сродкаў, мэблі і нават мабільных тэлефонаў. А можна выкарыстаць такую магчымасць, скажам, для пагашэння сваёй запазычанасці. І перастаць хвалявацца, што застанешся без даху над галавой.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *