Полоцк — мекка для культурного человека. Самый древний город Беларуси отметил своё 1150-летие!

Общество

На мінулым тыдні прайшлі асноўныя мерапрыемствы святкавання 1150-годдзя Полацка. Вядома, ушачане не маглі застацца ўбаку ад свята нашых бліжэйшых суседзяў, тым больш што яно стала ўсебеларускім. Акунуліся ў незабыўную атмасферу юбілейнага і мы. 

Аб тым, што ў Полацку ладзіцца грандыёзнае свята, станавілася зразумела яшчэ на ўездзе ў горад. Скажам па сакрэце, вынесены ў загаловак выраз мы падгледзелі на адным з тутэйшых будынкаў, і ён цалкам адпавядае рэчаіснасці. У гэтым горадзе, як нідзе, арганічна спалучаюцца помнікі старажытнасці з дасягненнямі сучаснасці. Як адзначыў у сваёй віншавальнай прамове Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, выступаючы перад палачанамі і гасцямі на галоўнай плошчы горада, “Полацк – бацька беларускіх гарадоў. Менавіта адсюль бярэ пачатак беларуская дзяржаўнасць”. Захоўваючы свой гістарычны твар, Полацк прырастае новымі сучаснымі кварталамі, тут актыўна развіваецца прамысловасць, укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі.

Да свята Полацк рыхтаваўся грунтоўна. Увогуле ж, жыхара нашай вобласці не здзівіш фестывальна-святочнымі мерапрыемствамі, ды і самі, шчыра кажучы, на шляху ў Полацк нічога звышнатуральнага не чакалі ўбачыць. Але былі прыемна здзіўлены не толькі прыгожым убраннем горада, але і прадуманасцю, арганізацыяй усіх момантоў свята. Літаральна кожны метр цэнтральных вуліц здзіўляў чымсьці цікавым.

Убачылі групу вясёлых дзяўчат у адмысловых сукенках з выявамі гербаў і назваў гарадоў і раённых цэнтраў вобласці. “Мы іх пашылі самі,” – пахваліліся навучэнкі аднаго з віцебскіх каледжаў, запрашаючы на выставу-кірмаш навучальных устаноў вобласці. А арганізавана яна была з выдумкай: тут можна было ўбачыць і мадэль першага выпушчанага ў Беларусі трактара, і жывога цяля, паназіраць за майстар-класам дрэваапрацоўшчыкаў. Сустрэлі мы тут, вядома ж, і прадстаўнікоў аддзела адукацыі Ушацкага райвыканкама разам з яго начальнікам Л.Р.Карабань. У продажы былі прадстаўлены работы ўсіх школ раёна — абярэгі, сашэ, вырабы з бісеру і саломкі. Папулярнасцю ў пакупнікоў карысталася расада кветак і агароднінных культур Арэхаўскай школы. Напрыклад, бягонію ўдалося прадаць імгненна. Трэба сказаць, што нашы педагогі выступілі не толькі ў ролі прадаўцоў – як яны пажартавалі, “самі прадаём, танцуем і пяём”. Сапраўды, талентаў нашым настаўнікам не займаць: з танцамі, вясёлымі прыпеўкамі яны задорна запрашалі гасцей мерапрыемства да сваёй палаткі.

Як заўсёды, прыцягваў шмат людзей і “Горад майстроў”, які размясціўся на цэнтральнай алеі. Вырабы з дрэва і вязаныя рэчы, жаночыя ўпрыгожанні і карціны – кожны мог знайсці сабе тут нешта для душы. Свае вырабы прапаноўвалі і ўшацкія майстры з клуба “Адраджэнне”. Напрыклад, ля карцін, сувеніраў і драўляных шэдэўраў сям’і Мурашовых, якія прыцягвалі ўвагу арыгінальнымі формамі і яркімі вобразамі, пастаянна было мнагалюдна. А паспрабаваць ушацкія стравы прапаноўваў клуб “Прысмакі”.

Асобна вылучаліся ў атмасферы свята падворкі раёнаў вобласці. Кожны з іх быў па-свойму аформлены: у адных можна было ўбачыць чучалы дзікіх жывёл, другія зрабілі акцэнт на старажытныя беларускія звычаі, а верхнядзвінскі падворак мусіў зацікавіць усіх пчаляроў: тут дэманстраваліся вуллі з іх насельнікамі і іншыя адпаведныя прылады (ля гэтых экспанатаў, дарэчы, мы сустрэлі старшыню райвыканкама А.А.Кавалёнка, які абменьваўся ўражаннямі са сваімі калегамі – прадстаўнікамі кіраўніцтва іншых раёнаў). На падворках быў арганізаваны гандаль, можна было прысесці адпачыць, перакусіць. А каб наведвальнікі не сумавалі, іх весялілі майстры мастацтваў. Аматары музычнай класікі маглі атрымаць асалоду ад жывых гукаў скрыпкі і цымбал. “Запальвала” публіку развясёлая “Верка Сярдзючка”, сыпаў жартамі абаяльны Папандопала, запрашалі ўсіх на танец двухметровыя бабры, кураняты, ваўкі. Актыўна спыняліся людзі і на ўшацкім падворку, дзе іх гасцінна віталі прадстаўнікі раённай улады, аддзела культуры, школы мастацтваў, удзельнікі творчых калектываў, а таксама работнікі райспажыўтаварыства на чале з кіраўніком У.М.Круглікам.

Увогуле, каб паглядзець на ўсё дзівосы свята, трэба было, напэўна, падняцца ў паветра на верталёце, а гэта маглі зрабіць усе жадаючыя. Эпіцэнтрам жа святкавання стала галоўная плошча Полацка, якая на некалькі дзён ператварылася ў вялікую канцэртную пляцоўку. Нам, напрыклад, пашчасціла назіраць тут жывы канцэрт арт-групы “Беларусы”, выступленне якой усіх прывяло ў захапленне. Адным з самых знакавых момантаў святочнай праграмы стала ўрачыстае адкрыццё помніка зодчаму Іаану ў мікрараёне аэрапорта.

Апісаць усё, што адбывалася ў гэтыя дні ў Полацку, проста немагчыма: гэта трэба было бачыць на свае вочы. Як адзначыў Прэзідэнт краіны, у гэтым горадзе павінен пабываць не толькі кожны беларус, каб адчуць гордасць за сябе, свой працавіты, таленавіты народ, але і кожны еўрапеец. А каб такое адбылося, трэба пераўтварыць горад у сапраўдную меку для культурнага чалавека – менавіта на гэта разлічаны Генеральны план узнаўлення Полацка, зацверджаны кіраўніком дзяржавы.

Калейдаскоп уражанняў і букет прыемных успамінаў, пах духмянага шашлыку і смак салодкай ваты разам з добрым настроем прывезлі мы ва Ушачы з юбілейнага Полацка. І калі вы не паспелі далучыцца да непаўторнага свята, вы яшчэ можаце гэта зрабіць: мерапрыемствы будуць працягвацца да 5 чэрвеня.

КацярынаКАВАЛЕЎСКАЯ, Вольга ПОЛАЗАВА, Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Полоцк — мекка для культурного человека. Самый древний город Беларуси отметил своё 1150-летие!

  1. К сожалению мне не удалось побывать в Полоцке на празднике ,а прочитала в районке репортаж ,и словно все увидела своими глазами, окунулась в праздничную атмосферу,представила и «Ушацки падворак » ,и Папандопалу,жаль только, что в газете фотки не цветные.А вообще ,хорошо,что съездили и рассказали.Спасибо.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *