На тым гектары ворыўнай зямлі,
Што дзеду ў сельсавеце адвялі,
Адвеку ні асот не рос, ні кветка,
І раптам узбуяла рэпка.
За сто гадоў жыцця-быцця старога
Меў дапамогу ён ад бабкі і ад Бога.
Стары перахрысціўся тры разы:
Пацягне рэпка цэлых два вазы.
І выцягнуць не кепска б рэпку гэту.
Адзін не ссіліў, стаў гукаць кабету:
“Гэй, бабка, не праведвай ты суседку,
Дапамажы лепш выцягнуці рэпку”.
Схапіла бабка рэпку за лісты,
Як ірване – ды бух ажно ў кусты.
І дзедка на нагах не ўтрымаўся,
На бабцы, небарака, аказаўся.
Раскрыла бабка як мага свой рот,
Затросся сад і нават агарод:
“І ў маладосці спрытны ты не быў,
Ах, каб цябе, стары, пярун спаліў!
Куды ты ўзваліўся, як мяшок.
Ажно баліць спіна і левы бок.
Ды за твае за гэтакія штучкі…”
Крычыць… Ды бачыць на дарозе ўнучку.
Ідзе ўнучка з бору пакрысе
І поўны кош баравікоў нясе.
“Кідай грыбы ў крапіву на мяжы,
Ды рэпку нам цягнуць дапамажы”.
Зноў цягнуць: унучка – бабку, бабка – дзедку,
А дзедка, як за бабін бок, за рэпку.
Хоць быў напор і лаянка там чулася,
Ды рэпка нават з месца не кранулася.
А ля хлява, упёршыся ў сцяну,
Грызла ляніва Жучка касціну.
Бы салавей-разбойнік, свіснула ўнучка,
Умомант да яе падбегла Жучка.
Зубамі джынсы рве, упёршыся ілбом,
І рые лапамі зямлю, аж пыл слупом.
Ды не кранецца з месца кепская гародніна.
Суседкай, мусіць, нешта тут падроблена.
Ляніва тлусты дзедаў кот руды
Сачыў за рыбкамі ў чароце ля вады.
Ласкавае пачуўшы “кыс-кыс-кыс”,
Ляцеў дадому, ледзь на плоце не павіс.
І, ухапіўшы Жучку (хоць разок кусну) за скуру,
Поўсць кіпцюрамі ў яе вырваў здуру.
Сцярпеў сабака. Затрашчала рэпка.
Але яшчэ трымалася не кепска.
Паклікаў кот руды суседку-мышку,
Якая, норку вырыўшы ўзацішку,
Цягнула зернетка з гароду праз дарогу.
Пачуўшы вокліч, шыбанула на падмогу.
Хоць і вялікай рэпка ўрадзіла,
Не вытрымала. Гэтакая ж сіла!
Работнікаў зямлёю закідаўшы,
Ляжыць на агародзе, хвост задраўшы.
Кліч пераможны аж на тры вярсты:
– Без калектыву што тут зможаш ты!
Вера ДРОЗД,в.Двор Пліна.