Сакавік заўсёды асацыіруецца са святам вясны і жанчын. Якой бы суровай ні была зіма, а ўсё роўна будзе абуджэнне прыроды. Вельмі дарагі мне гэты месяц яшчэ і за тое, што ў ім ёсць асаблівая для нашай сям’і дата – 7 сакавіка, дзень нараджэння сястры Людмілы Храмцовай. Любімай, адзінай і непаўторнай. Тым больш гэты год для яе знамянальны –ёй споўніцца 50.
Многа гэта ці мала?
Калі прыгадаць усе цяжкасці, якія давялося адолець, – то шмат. А калі ўлічыць аптымізм, жыццялюбства і адвагу, з якімі мая сястра бярэцца за любую справу, – зусім мала.
За свае 50 гадоў наша Людміла прайшла няпросты шлях. Адразу пасля заканчэння школы паступіла ў педінстытут. Прычым, не вагаючыся абрала будучую прафесію. Сваю ролю ў гэтым адыгралі бацькі – педагогі, якія сваёй працай і настойлівасцю нам, сваім дзецям, з маленства прывівалі чуласць, дабрыню, працалюбства.
Адзінаццаць гадоў Людміла адпрацавала настаўніцай матэматыкі ў Старасельскай школе. Да цяперашняга гаворыць, што гэта былі самыя лепшыя гады ў яе жыцці. А той, хто ведае яе па тым часе, прыгадвае, якой яна была вясёлай, актыўнай, знаходлівай, як разам з іншымі такімі ж настаўнікамі ажыўляла жыццё калектыву. Вельмі цікава яны тады выпускалі насценную газету, з віншаваннямі, з гумарам. І смачны пірог да святаў быў зроблены яе рукамі.
Але па волі лёсу Людміла аказалася ў Глыбачцы. Хапіла рашучасці з двума дзецьмі на руках пайсці ад мужа з-за яго ганебнай звычкі. Хаця пазней яго бацька жыў у яе.
Давялося працаваць спачатку прадаўцом у магазіне, пасля – выхавальніцай у дзіцячым садзе. Яе часу і любові хапала на ўсіх дзяўчынак і хлопчыкаў. Якія цікавыя вырабы стваралі сваімі рукамі, з якім жаданнем праводзіліся заняткі.
З 2003 года Людміла займае пасаду старшыні Глыбачанскага сельскага Савета дэпутатаў. Спачатку было ўсё: разгубленасць і слёзы, на жаночыя ж плечы ляглі такія праблемы, што, здавалася, не вытрымае, здасца. Увесь каляндарны год – столькі спраў.
Зімой, асабліва як сёлета, цяжэй за ўсё – столькі снегу, і яго неабходна расчысціць аж да самых дальніх вёсак, нават дзе жывуць па аднаму-два чалавекі. Некага трэба адвезці ў бальніцу, каму дапамагчы з дрывамі, а каго – адправіць у апошні шлях. Кожнага жыхара нашага сельсавета Людміла ведае, знаёма з іх клопатамі, прымае ўдзел у вырашэнні іх праблем.
Вясна і лета – пара добраўпарадкавання. Агароджы і лаўкі – гэта не адна яе заслуга. Нібыта з-пад зямлі выраслі штучныя грыбы ля будынка сельскага Савета, з’явіліся арыгінальныя кветкі. Хочацца кіраўніку мясцовай улады, каб вёска была прыгожай. Мая сястра заўсёды гаворыць: “Калі б кожны зрабіў там, дзе пражывае, хоць нешта сваімі рукамі, лепш і прыгажэй стала б жыць усім”.
Восень нясе свае клопаты па ўборцы агародаў. Кожнаму хочацца, каб яго падсобная гаспадарка была прыведзена ў парадак перш за ўсё. А як растлумачыць пенсіянеру, які добрасумленна адпрацаваў, што камбайнаў столькі няма, каб змалаціць усім і адразу, дзялілася са мной сваімі клопатамі сястра.
Але, па маіх назіраннях, Людміла спраўляецца са сваімі праблемамі, імкнецца не ўпусціць нечага галоўнага, чалавечага. Праўда, ёсць такая задача, якую так проста не вырашыць, аднаму не па сілах, пра што ведаем і мы, настаўнікі. Тут трэба змагацца ўсім разам. Гэта п’янства. Сапраўднае гора, калі ў сям’і мужчына заглядвае ў чарку, а калі яшчэ жанчына робіць тое ж, то ні парадку ў доме, ні дзеці не дагледжаны. Змагаецца з такой з’явай мясцовая ўлада ў нас у Глыбачцы, але вынікі не радуюць. Пакуль свядомасць самога чалавека не дойдзе, не дапамогуць ні довады, ні ўгаворы.
Мне хочацца, каб у маёй сястры хапіла цярпення, энергіі для рашэння ўсіх праблем, якія ставіць жыццё. Думаю, яна ўсё зможа. Тым больш, што дома ў яе надзейная падтрымка і апора. Гэта любімы муж і дзеці. Сын Андрэй скончыў Аршанскі тэхнікум чыгуначнага транспарту, адслужыў у арміі, працуе ў Полацку на чыгунцы брыгадзірам. Дачка Вікторыя – студэнтка Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, будучы бухгалтар. Ім заўсёды прыемна бываць дома. Маці чакае дзяцей штораз і здзіўляе нечым цікавым. Вось і нядаўна звязала вельмі прыгожыя рэчы – у яе залатыя рукі.
Віншую цябе, мая дарагая сястрыца, з Днём жанчын. А заўтра мы павіншуем цябе з юбілеем. Круглая дата – нібы скрыжаванне на шляху, каб толькі на імгненне спыніцца, азірнуцца і зноў упэўнена рухацца наперад, да новых дасягненняў.
В.КАЛІНОЎСКАЯ, настаўніца Глыбачанскай сярэдняй школы.
На здымку:
Л.В.Храмцова.