З 1 па 31 сакавіка дзейнічае забарона на вылаў шчупака. Аб гэтам павінны памятаць усе рыбаловы-аматары, каб не трапіць на кручок работнікам прыродаахоўнай інспекцыі.
Нераст шчупака адбываецца ранняй вясной, калі яшчэ толькі пачынае кранацца лёд. Працякае нераст даволі бурна, на невялікай глыбіні ў прыбярэжнай зоне азёр і ў пойме рэк. Нераставанне найбольш інтэнсіўна праходзіць раніцай і ўвечары. Абсалютная пладавітасць вагаецца ад 4,5 да 240 тысяч ікрынак у залежнасці ад узросту і памеру самкі. Расце шчупак хутка, саступаючы ў гэтых адносінах у нашых рэках і азёрах толькі сому. Шчупакі, якія жывуць у вадаёмах з багатым кормам, важаць у паўтара, а то і два разы больш за сваіх сародзічаў у бедных на корм вадаёмах. На прырост значны ўплыў аказваюць кліматычныя ўмовы і іншыя фактары навакольнага асяроддзя. Максімальны ўзрост шчупака не перавышае 20 гадоў, хоць бываюць і выключэнні.
Шчупак – галоўны санітар нашых вадаёмаў і для рыбалоўных угоддзяў, якія маюць прамысловае значэнне, наяўнасць у іх такога драпежніка павінна быць не менш 5 працэнтаў ад агульнай колькасці рыбы. Строга выконваючы Правілы вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства і тэрміны забароны мы з вамі робім вялікі і значны крок па захаванні запасаў гэтай каштоўнай рыбы.
Л.ХАМЯНОК, дзяржінспектар Полацкай МРІ.