
Зразумела, што ўсё ўпіралася ў сродкі. І рамонт заключаўся ў здачы на заводы рухавікоў, выклікам гарантыйшчыкаў, ды такой дробяззю, як рамонт баронаў. Сёлета бюджэтныя сродкі атрымалі намнога раней і могуць рыхтаваць тэхніку. З 220 мільёнаў першага траншу не ўсе грошы паступілі непасрэдна на рукі гаспадаркам, частка была накіравана на маторарамонтныя заводы, а на 147 гаспадаркі набывалі запчасткі. Падпісаны дакументы і на выдачу другога траншу на 132 мільёны, аднак гэта таксама не задаволіць поўнай патрэбы сельгаспрадпрыемстваў. Праведзеная дэфектоўка тэхнікі выявіла патрэбу сродкаў на вясеннюю пасяўную ў суме 765 мільёнаў.
Аднак, нашы народныя ўмельцы, прывыкшыя, што грошай усё роўна не хапае, з году ў год многа робяць проста з падручнага матэрыялу. Вось і ў “Глыбачанах”, радасныя, што атрымалі новую каробку перадач для МТЗ-1221 – аднаго з асноўных цягачоў, два рухавікі на МТЗ-82, паўтара мільёна на электраабсталяванне. Аднак і металалом пускалі ў ход.
Як ні падключала фантазію, аднак так і не ўявіла, як з таго жалеззя, што ляжала пад нагамі, можна нешта сабраць. Дырэктар жа з работнікамі аптымістычна заключылі, што праз тыдзень у іх будзе ўласная зварка на колах.
– Без перасоўнай проста немагчыма пры нашых адлегласцях, – тлумачыў Сяргей Іванавіч Кірпічонак, – таму і паклікалі на дапамогу пенсіянера з залатымі рукамі Віктара Уладзіміравіча Аніскава. Ён прыроджаны тэхнар, зробіць. Культыватар толькі адзін быў, знайшлі раму, зубы, вось ужо і два. Сеялкі ў нас будуць хадзіць тры, шасціметровы пасяўны агрэгат – на вялізных плошчах, трохметровы на меншых, і старая сеялка там, дзе контурнасць малая. А вось апрацоўка глебы заўсёды адставала. Сёлетняя ж вясна будзе вельмі няпростай, 1270 гектараў толькі зерневых, калі летась яравых было ўсяго шэсцьсот.
Пасяўная кампанія ўскладняецца не толькі павялічанымі плошчамі, але і асаблівасцямі восені. На палеткі, і не толькі глыбачанскія нізіны, як вядома, тэхніцы было не заехаць, таму і засталося няўзнятым ворыва. А гэта азначае, што менавіта вясной трэба падымаць і восеньскі пласт работы.
Складаная сітуацыя будзе ва ўсіх гаспадарках. І на тэхніку сёлета як ніколі павышаныя стаўкі. Глыбачанцы разумеюць, што каб выканаць такі аб’ём, трэба будзе працаваць у дзве змены. Таму і рыхтуюцца зараз лепш за многіх, нават ранняя вясна для іх не будзе нечаканасцю. І пасяўны агрэгат перагледзелі, і культыватары, гатовы плугі. А ў майстэрні былі практычна ўсе механізатары, таму што інакш у іх і быць не магло. На 15 адзінак тэхнікі дванаццаць механі- затараў, мінус мінімум трое на адвозцы ўгнаення і кармоў. Таму і задзейнічаны ўсе працуючыя, як пенсіянеры, так і моладзь. Спадзявацца больш няма на каго – толькі на сябе.
В.КАРАЛЕНКА.