Ушачский прорыв в книге «Мы Белорусы»

70-годдзе Перамогі

Звяртаюся да вас, землякі, з той нагоды, што пастаянна памятаю пра клятву, якую мы далі ў маі 1944 года падчас прарыву варожай блакады. Шмат тады страцілі сяброў, вось і пакляліся, што той, хто застанецца ў жывых, будзе расказваць патомкам аб цяжкой вайне з ворагам, аб тых нашых земляках, хто аддаў жыццё за Радзіму. Баюся, што выканаць клятву ў чарговы раз 9 мая 2010 проста не змагу. Таму прашу надрукаваць мой расказ “Ушацкі прарыў” з кнігі “Мы беларусы”, у якой сабраны аповеды пра самых знакамітых людзей і самыя значныя падзеі краіны. Пакланіцеся ад мяне ўсім тым, хто застаўся ў жывых і сваёй працай аднаўляў народную гаспадарку. Жадаю ўсім маім землякам асабістага шчасця, добрага здароўя і поспехаў.

З глыбокай павагай В.КЛАЧКОВА,

былы баец партызанскага атрада імя Фрунзе

брыгады імя Чапаева, узнагароджана ордэнамі

Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны,

Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Пашаны і 17 медалямі.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на Ушаччыне дзейнічала патрыятычнае падполле, якое да пачатку 1942 года перарасло ў партызанскі рух.

Вясной 1944 года праціўнік кінуў на партызан Полацка-Лепельскай зоны групоўку ў 60 тысяч чалавек, 235 гармат, 137 танкаў, 70 самалётаў, 2 бронецягнікі. Іх разлік на маланкавы разгром партызан праваліўся. Доўжыліся месяцы. Партызаны змагаліся за кожны метр сваёй зямлі. Трацячы людзей, тэхніку, аэрадромы, пазбаўляючыся магчымасці атрымліваць боепрыпасы і адпраўляць за лінію фронту параненых. Да партызанскіх атрадаў далучылася насельніцтва. Гэта яшчэ больш ускладняла становішча партызан.

Партызаны выходзілі з аднаго акружэння, але тут жа траплялі ў другое. I гэтак некалькі разоў да Паперынскага лесу, да ракі…

У самы момант пераправы, на заходзе сонца, немцы адкрылі агонь з усіх відаў зброі. Рака была запоўнена людзьмі. Я бачыла, як мацяркі гублялі дзяцей, якія танулі ў рацэ. Пад кулямётным агнём жанчыны кідаліся ў ледзяную ваду ў пошуках сваіх дзяцей. Параненыя прасілі прыстрэліць іх, толькі б не патрапіць жывымі ў рукі ворага.

Каманда была адна – прарывацца наперад! 3 боем наперад!

Перабраўшыся цераз раку, партызаны ўступілі ў бой з ворагам. Шарэнгі нямецкіх салдат прыціснуліся да зямлі, а пасля сталі адыходзіць. Нашы кулямёты вымусілі замоўкнуць варожыя агнявыя кропкі.

Дабраўшыся да лесу, партызаны сталі збіраць свае падраздзяленні. Але здалёку пачуўся гул матораў. Узвіліся ў неба ракеты. Прагучаў чыйсьці голас: танкі!

Праз некалькі хвілін мы ўбачылі, як стальныя махіны рухаліся ў нашым накірунку. За імі беглі гітлераўцы. 3 левага флангу партызаны брыгады Дзмітрыя Цябута адкрылі агонь. Але танкі ўсё бліжэй і бліжэй. Па іх б’юць з ПТР. Хтосьці шпурнуў супрацьтанкавую гранату. Першы танк закруціўся на месцы і стаў. За ім спыніўся і другі. Ланцужкі наступаўшых гітлераўцаў заляглі. Мы адкрылі па іх агонь. Але ў гэты момант з’явіліся самалёты. 3 пранізлівым выццём паляцелі да зямлі бомбы. Гарачыя хвалі апякалі нашы твары. Адкрылі агонь гарматы і мінамёты, стралялі кулямёты, вінтоўкі, аўтаматы. У паветры і на зямлі, здавалася, перамяшалася ўсё. Дыхаць не было чым.

Партызаны з крыкам «Ура!» кінуліся на ворага. Рукапашная схватка ўсчалася ля варожых машын і павозак. Выбухі гранат, крыкі, стральба, стогны і каманды…

 
 

 

 

Нарэшце прарваны і гэты ланцуг акружэння. Бой на нейкі час заціх. Надышла ноч. За ноч партызаны брыгады імя Чапаева, у якой я знаходзілася, адышлі ўглыб лесу на поўнач ад Ушачаў і вывезлі свой шпіталь. Раненых сабралася ці не 500 чалавек. Перавязачнага матэрыялу не было. Хірургічныя аперацыі рабіліся проста на калёсах. Для ампутацыі канечнасцей прымянялася звычайная піла. Абязбольваючых сродкаў не было. Прадукты харчавання скончыліся. Коні без корму знясільваліся, а на кожным возе было па 4-5 параненых. Становішча найцяжэйшае.

 
 

 

 

 

 

 

 

:Людзі не елі некалькі дзён. Давялося прыстрэльваць саслабелых коней, варыць мяса і карміць людзей.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *