Идеологический семинар-практикум прошёл недавно в Ушачском райпо

Общество

Ідэалагічны актыў – гэта аўтарытэтныя прадстаўнікі прадпрыемстваў раёна, людзі, здольныя арганізаваць, павесці за сабой, а калі трэба – растлумачыць і пераканаць. У кагосьці гэта атрымліваецца лепей, некаторым яшчэ ёсць чаму павучыцца, і цудоўную магчымасць для гэтага дае такая дзейсная форма работы, як выязныя семінары-практыкумы. Напярэдадні Новага года па старым стылі ідэалагічны актыў раёна гасцінна прымала раённае спажывецкае таварыства.

Месца правядзення семінара было абрана невыпадкова – работа прадпрыемства неаднаразова адзначалася на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Па выніках 2008 і 2009 гадоў яно прызнавалася першым, 2010 – другім сярод адпаведных арганізацый вобласці. Райспажыўтаварыства займаецца гандлёвым абслугоўваннем насельніцтва, грамадскім харчаваннем, вытворчасцю кулінарных, кандытарскіх і хлебабулачных вырабаў, будаўніцтвам, у яго склад уваходзяць прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы “Ушацкая аўтабаза” і “Ушацкі каапнарыхтпрам”, адасобленыя структурныя падраздзяленні “Гандлёвае прамысловае прадпрыемства” і “Харчгандаль”. Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама В.М.Захарэнка, адрэгуляваць складаны механізм гэтай шматструктурнай арганізацыі няпроста, аднак кіраўніцтву таварыства гэта ўдаецца, аб чым сведчаць не толькі добрыя вытворчыя паказчыкі, але і аналіз выязных прыёмаў насельніцтва. Пытанні, якія ўзнімаюцца ў іх ходзе, як правіла, носяць прыватны характар, а паступіўшыя заўвагі адразу выпраўляюцца.
За прайшоўшы год у кнігах заўваг і прапаноў па сістэме райспажыўтаварыства было зроблена 57 запісаў, з іх дзве заўвагі, 1 прапанова, 54 удзячнасці.
Вялікая заслуга ў гэтым належыць галоўнаму ідэолагу, кіраўніку арганізацыі У.М.Кругліку. Вядома ж, усім прысутным было цікава пачуць з яго вуснаў расказ аб дасягненнях і планах таварыства, метадах і накірунках дзейнасці. У гэты складаны для беларускай эканомікі год тут назіралася станоўчая дынаміка нават пры невыкананні некаторых прагнозных паказчыкаў. А па асобных з іх тэмпы росту перавысілі прагнозныя. Так, па нарыхтоўчым абароце атрыманы 121 працэнт пры прагнозе 107 (адна толькі нарыхтоўка чарніц прынесла 160 мільёнаў рублёў прыбытку), па вытворчасці прамысловай прадукцыі – 150 працэнтаў (прагноз 118), па аказанні платных паслуг насельніцтву – 141,8 (110). Апошнія лічбы, дарэчы, звязаны з паспяховай работай адкрытай у мінулым годзе цырульні, і тут нельга не падкрэсліць, што кіраўніцтва таварыства знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых форм дзейнасці. Паслугамі цырульні з задавальненнем карыстаюцца не толькі ўшачане (аўтар гэтых радкоў – не выключэнне), але і кліенты з Расіі, якіх прыемна здзіўляе якасць і таннасць паслуг. Госці раёна, як правіла, застаюцца ў захапленні ад страў, якія гатуюць нашы работнікі грамадскага харчавання. “Каб можна было жыць у Мінску, а на абед прыязджаць ва Ушачы!” – выказаўся нядаўна адзін са сталічных кліентаў рэстарана. Падобныя ж каментарыі можна пачуць і наконт ушацкіх мясных, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў (іх маюць магчымасць ацаніць нашы суседзі падчас выязнога гандлю). Ну а па экспарце тавараў райспажыўтаварыства атрымала 442 працэнты пры прагнозных 197.
Усё гэта дазволіла выдаткоўваць сродкі на інавацыйныя праекты, рамонт і пераабсталяванне гандлёвых кропак. У прыватнасці, вядзецца рэканструкцыя хлебазавода, закуплена французская лінія па вытворчасці хлебабулачных вырабаў. Надаецца сучасны выгляд вясковым магазінам.
У 2011 на рамонт і рэканструкцыю гандлёвых кропак было патрачана каля 400 мільёнаў рублёў уласных сродкаў.
Рэканструяваны магазіны ў аграгарадку Глыбачка, “Лясных азёрах”, Сарочыне, Градзянцы. Сёлета тое ж плануецца зрабіць у Слабадзе і некаторых іншых вёсках. З больш маштабных планаў – адкрыццё ў райцэнтры сучаснага ўніверсама, абсталяванага па еўрапейскіх гандлёвых стандартах. Магчыма, пад яго будзе адведзены першы паверх універмага. Вядзецца рамонт будынка райспажыўтаварыства.
Адным словам, няпросты мінулы год стаў для таварыства даволі паспяховым. Галоўны сакрэт стабільнасці – у спалучэнні двух накірункаў: работы з працоўным калектывам і работы па абслугоўванні насельніцтва. Вялікая заслуга ў гэтым намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце М.В.Храмёнак. Гэты вопытны спецыяліст разам з ідэалагічным актывам прадпрыемства робіць усё, каб згуртаваць вялікі калектыў, выхоўваць у работнікаў адданасць прадпрыемству і працоўную дысцыпліну.
У сістэме таварыства зараз працуе 555 чалавек, сярэдняя заработная плата за год склала 1519 тысяч рублёў (шосты паказчык па вобласці сярод прадпрыемстваў спажывецкай кааперацыі).
Трэба актыўна займацца пытаннем падрыхтоўкі кадраў – лічыць Марыя Васільеўна. Зараз, напрыклад, па мэтавым накіраванні прадпрыемства атрымліваюць адукацыю 7 чалавек, 24 вучацца завочна. Пры гэтым вельмі зручна выкарыстоўваць інтэграваную сістэму, калі, напрыклад, паспяхова адвучыўшыся год у каледжы, студэнт адразу паступае ў профільную ВНУ. Дарэчы, работа з моладдзю з’яўляецца тут адным з прыярытэтных напрамкаў. Маладым спецыялістам у першую чаргу прадстаўляюцца месцы ў інтэрнаце, кампенсуюцца выдаткі на здымнае жыллё. Не застаюцца па-за увагай і тыя, хто аддаў прадпрыемству многія гады працоўнага жыцця. У склад ветэранскай арганізацыі таварыства ўваходзяць 163 чалавекі, сярод іх 5 ветэранаў вайны.
Удзельнікі семінара мелі магчымасць пабачыць, як на прадпрыемстве вядзецца работа з дакументацыяй па асноўных накірунках ідэалагічнай работы, ацаніць прыгожае афармленне Дошкі гонару і іншых стэндаў, пачуць, як тут падтрымліваецца пастаянны ўзровень падпіскі на друкаваныя выданні, аб дасягненнях на разнастайных конкурсах і спаборніцтвах, узаемадзеянні з грамадскімі арганізацыямі.
Моцныя ўражанні пакінула экскурсія на Ушацкі агароднінасушыльны завод, дзе прадстаўнікі ідэалагічнага актыву раёна змаглі пабачыць праведзеную тут рэканструкцыю вытворчых памяшканняў і новую лінію па разліве напіткаў.
Увогуле ж, мерапрыемства атрымалася надзвычай цікавым і прайшло ў атмасферы сяброўства і ўзаемаразумення людзей, якія робяць агульную справу.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *