Памяти Михаила Казицкого

В памяти их имена

 

У раённым Доме культуры прайшла вечарына памяці мастака М.Казіцкага. Але спачатку яе ўдзельнікі пабывалі на выставе яго карцін у музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка. P1010002

На мерапрыемства наведаліся ў асноўным тыя, хто якраз лепш за іншых ведаў гэтага творцу. Былі перш за ўсё жонка Міхаіла Антонавіча – Валянціна і дачка Антаніна, якая з’яўляецца прадаўжальніцай творчасці бацькі, толькі ў іншым напрамку – займаецца габеленамі, уваходзіць у склад народнага клуба майстроў «Адраджэнне» пры РДК.

Яго кіраўнік А.Кузусёнак вяла вечарыну, сабраўшы матэрыял пра М.Казіцкага. А яго дастаткова. Яшчэ пры жыцці мастака, кіраўніка гуртка разьбы па дрэве Дома рамёстваў, інфармацыя аб ім была змешчана ў кнізе «Памяць», наша газета неаднойчы пісала аб творчасці і рабоце Міхаіла Антонавіча, райбібліятэка выпусціла буклет, звесткі маюцца ў работнікаў музея. Але не лішнім было ў час гэтай вечарыны прыгадаць біяграфію, працоўныя і творчыя вехі ўшацкага творцы.

Цікава было прысутным паглядзець запіс інтэрв’ю М.Казіцкага па тэлеканале «Лад». Прагучалі з экрана і дзве песні ў яго выкананні.

Ад шчырага сэрца сказала сваё слова пра калегу па працы, старэйшага таварыша, майстар Дома рамёстваў Айгуль Смык. Яна адзначыла былую гатоўнасць Міхаіла Антонавіча заўсёды дапамагчы, даць добрую параду і ў рабочых справах, і ў жыццёвых.

Прадстаўнікі народнага клуба творчых сустрэч «Муза» пры РДК таксама добрымі словамі ўспомнілі свайго сябра па гэтым аматарскім аб’яднанні, які радаваў сваімі карцінамі, сваімі бясконцымі песнямі пад гітару. А як яго прымалі на выставе ў Наваполацку! Прагучаў верш пра майстроў Ушаччыны. Былі выкананы і дзве песні, якія Міхаіл Антонавіч любіў спяваць і слухаць. Іх словы цяпер ужо маюць асаблівы сэнс і вельмі дапасуюцца да вечарыны, якая адбылася. Сяргей Каранеўскі прачытаў свой праніклівы верш, які напісаў год таму, у дзень смерці Міхаіла.

Наведваўся мастак і бард таксама на асобныя пасяджэнні сяброў клуба «Ушачане» пры цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Е.Я.Лось. Кіраўнік гэтага аб’яднання Таццяна Гарбаценка расказала, якую радасць нёс М. Казіцкі сваёй творчасцю. А яшчэ раней ён прыходзіў у гэтую ўстанову як мастак-афарміцель. Удзельніца клуба Людміла Цяцерка падкрэсліла тое, што гэты цікавы творца яшчэ і пісаў вершы, прачытала іх і свае, якія нарадзіліся пасля размоў з ім, таксама – ад наведання выставы карцін.

Удзельніца двух клубаў М.С.Каплеўская расказала пасля мерапрыемства, што творчыя адносіны яе і М.Казіцкага працягваліся на сямейным узроўні. Ён даваў летняй парой кансультацыі ўнучцы, якая жыве ў Канадзе, а пазней паступіла ў Чыкагскі інстытут мастацтва. Сям’я дачкі захоўвае ў далёкай старане выяву герба Ушачы, зробленую гэтым майстрам з дрэва…

Пры жыцці выступаў Міхаіл Антонавіч і перад удзельнікамі клуба «Печкі-лавачкі» пры аўтаклубе, яго сустракалі жыхары вёскі Лутава Сяльцо. В. Міхно, якая ім кіруе, расказала, з якім інтарэсам сельскія жыхары слухалі двухгадзіннае песеннае выступленне. Яна прачытала прысвячэнне Міхаілу Антонавічу.

Пад павольную духоўную музыку пайшлі на экране слайды карцін мастака. Прысутным не хацелася разыходзіцца, здавалася, яго душа знаходзіцца недзе побач. Нядаўна ж ён радаваў усіх сваёй творчасцю…

«Ушачане» на выставе карцін М.Казіцкага.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.

На здымку:



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *