Калі ў камерцыйнай арганізацыі не праводзіцца індэксацыя заработнай платы, паколькі яна не прадугледжана калектыўным дагаворам, ці трэба даплачваць работнікам да мінімальнай заработнай платы з улікам індэксацыі?
– У адпаведнасці з артыкулам 59 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь заработная плата не можа быць меншай за мінімальную зарплату (МЗП), паколькі апошняя выступае мінімальным стандартам у вобласці аплаты працы за работу ў нармальных умовах пры выкананні ўстаноўленай (месячнай або гадзіннай) нормы працы. Памер мінімальнай зарплаты з’яўляецца абавязковым для наймальнікаў у якасці ніжэйшай мяжы аплаты працы.
Памер МЗП устанаўліваецца Урадам з 1 студзеня. Так, у бягучым годзе паводле пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь месячная мінімальная заработная плата складае 460 тысяч рублёў, гадзінная – 2 тысячы 710 рублёў. Трэба адзначыць, што пад памерам мінімальнай зарплаты варта ўсё ж разумець МЗП з улікам індэксацыі. Асабліва актуальна гэта ў бягучым годзе, паколькі ў сувязі з высокімі тэмпамі росту інфляцыі памер мінімальнай заработнай платы індэксаваўся з красавіка. Так, у красавіку памер МЗП з улікам індэксацыі складаў 494 тысячы 920 рублёў, у маі – 541 тысяча 350 рублёў, чэрвені – 577 тысяч 740 рублёў, ліпені – 611 тысяч 730 рублёў, жніўні – 687 тысяч 370 рублёў, верасні – 778 тысяч 500 рублёў, кастрычніку – 856 тысяч 60 рублёў. У выпадку, калі налічаная работніку заработная плата акажацца меншай за мінімальны яе памер (гэта значыць меншай за МЗП з улікам індэксацыі), трэба правесці даплату да яе ўзроўню.
Калі ў вас узніклі пытанні наконт правільнасці налічэння заработнай платы, трэба звярнуцца за кансультацыяй ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ушацкага райвыканкама або па тэлефоне 2-96-07.
Варта нагадаць, што за незахаванне патрабаванняў працоўнага заканадаўства наймальнік нясе адміністрацыйную адказнасць.
В.ГУГІНА, намеснік начальніка
ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.