Васіль Рудзёнак

70-годдзе Перамогі

 

Васіль Восіпавіч Рудзёнак – цяпер адзіны ветэран Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Матырына. Гады няўмольна бягуць і ўносяць з сабой сведак тых страшных падзей. Якім жа каштоўным з’яўляецца сёння аповед чалавека, хто прайшоў праз гэтае пекла! Мяне заўсёды здзіўляе, як яны, людзі, каму 80 і больш гадоў, добра памятаюць цяжкія дні ваеннага ліхалецця. Ветэраны на гэты конт гавораць: “Хіба ж такое можна забыць? Сёння жывеш, а заўтра – як Бог дасць… Адбітак гэтых нечалавечых пакут – у памяці на ўсё жыццё”.

Васілю Восіпавічу сапраўды пашчасціла выжыць нават тады, калі нямецкі кулямёт “прашыў” яго цела, калі балота некалькі тыдняў яго, параненага, паіла і карміла… А цяпер аб усім па парадку.

Да вайны ён паспеў скончыць сем класаў, а як толькі немцы ўварваліся на тэрыторыю Беларусі, разам з іншымі камсамольскімі актывістамі, Васіль Рудзёнак кантраляваў перамяшчэнне нямецкіх войск, ахоўваў вёску.

Першага мая 1943 года Васіль Восіпавіч быў ужо ў саставе брыгады імя К.Я.Варашылава, у атрадзе “За Радзіму”.

– Многа тады матырынцаў падалося ў партызаны, каб дапамагчы сваёй радзіме вызваліцца ад фашысцкай навалы, – расказвае ветэран, – і нікога не прымушалі. Панаваў дух самаадданасці, гераізму, высокі патрыятызм і гатоўнасць на любыя ахвяры, нават жыццё аддаць. Я і сёння дзіўлюся таму часу і разумею, што менавіта высокі маральны дух і не змаглі перамагчы немцы пры ўсёй сваёй падрыхтаванасці і ўзброенасці.

На пачатку партызанскага руху атрад “За Радзіму” дыслацыраваўся пад Ветрынам. У яго задачу ўваходзіла кантраляваць чыгуначную ветку Ветрына-Полацк. Мініравалі, падрывалі чыгунку, хадзілі ў разведку, абаранялі свае пазіцыі падчас баёў з немцамі. Кожнаму партызану тады паставілі задачу-мінімум: забіць хоць бы аднаго немца, і ў якасці доказу прынесці яго зброю ці яшчэ што-небудзь. Мой суразмоўца прызнаецца, маўляў, яму ўдалося яе выканаць. І хоць рэчавых доказаў ён не прынёс, затое мясцовыя жыхары засведчылі такі факт. Пра ўсё гэта Васіль Восіпавіч расказвае як пра ўчарашні дзень, яскрава і дакладна, з прозвішчамі і датамі. Толькі бачна, з якім напружаннем і стараннем імкнецца па-мужчынску, без эмоцый, трымацца.

Поплеч з В.Рудзёнкам служылі аднавяскоўцы Васіль Алексяёнак, Пётр Прыстаўка, якія загінулі падчас выканання заданняў. А вось майму герою сапраўды пашчасціла выжыць нават тады, калі шанцаў на жыццё ўжо не заставалася.

– Падчас блакады партызанам брыгады выдалі па два кілаграмы сухароў і загадалі рухацца ў нямецкі тыл, успамінае Васіль Восіпавіч. – Чыгунка была ўмацавана трыма лініямі абароны. Наш узвод падзялілі на дзве групы, я трапіў у тую, каму было загадана рухацца ў накірунку Ушачы. Трапілі ў акружэнне, аказаліся адсечаныя ад сваіх у Матырынскім лесе. Пасля прарыву блакады немцы з сабакамі хадзілі па лясах і дабівалі ўсіх, хто застаўся жывым. 14 мая 1944 года карнікі натрапілі на нас, дзевяць партызанаў. Кулямётам прашылі ўсіх, а мне толькі раздрабіла руку і твар асколкамі. Разам з усімі я заваліўся на зямлю. Некаторым нашым яны зрабілі кантрольны выстрал, а мяне, акрываўленага, прынялі і так за мёртвага. Канечне, гэта быў падарунак лёсу. Я пачуў, што яны адыходзяць, а я яшчэ жывы. Сам сабе не верыў, і толькі боль ад ранення прымушаў паверыць у рэчаіснасць.

Потым Васіля чакалі доўгія блуканні па лясах і балотах. Карэнні і трава былі ежай, балотная вада і мокры мох – піццём. Выйсці ў вёску было яшчэ небяспечна, бо там заставаліся немцы. Аднойчы ноччу ў Салонцы Васіль Восіпавіч натрапіў на двух медсясцёр. Яны зрабілі яму перавязку, і ён зноў падаўся ў лес. Праз некалькі дзён на ўмоўным месцы партызан ужо не сустрэў дзяўчат-выратавальніц, даведаўся, што забралі немцы. Калі знайшоў сваіх, ісці ўжо не мог, сышоў крывёй і абяссілеў з голаду. Усіх партызан брыгады, хто застаўся ў жывых пасля блакады, сабралі ў Ветрыне для далейшай адпраўкі на фронт. Васіля ж адправілі ў шпіталь. Пазней, пасля выздараўлення, атрымаў групу інваліднасці і ўжо шукаў месца ў родным калгасе, дзе б маглі спатрэбіцца яго рукі для аднаўлення разбуранага вайной.

Васіль Восіпавіч Рудзёнак дапамагаў арганізоўваць калгас “Сормавец”, доўгі час быў брыгадзірам паляводчай брыгады, жывёлаводам, брыгадзірам-учотчыкам на ферме, прадаўцом у магазіне. 43 гады добрасумленна і аддана працаваў на карысць мясцовай гаспадаркі. А пасля выхаду на пенсію аж да 70 гадоў быў зборшчыкам малака ад насельніцтва.

Са сваёй жонкай, Зінаідай Аляксееўнай, пражылі разам у каханні і згодзе 62 гады. І яго верная спадарожніца сёння ўпэўнена, што ён застаўся цудам жыць менавіта для яе — чалавека, які падарыў яму сапраўднае каханне і шчасце, дзетак і доўгае сямейнае жыццё.

 

А.ПАШКОВІЧ. На здымку:

ветэран вайны Васіль Восіпавіч Рудзёнак.

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *