Почему молодёжь не задерживается на своих рабочих местах?

Выясняем ситуацию Образование и молодежь

Літаральна ўсе маладыя спецыялісты, што прыехалі па размеркаванні ва ўстановы аховы здароўя за апошнія тры гады, так і працуюць на раёне. Калі пачаў высвятляць ушацкі феномен, зразумеў прычыны: заработная плата маладых урачоў 2600 тысяч рублёў, тады як па вобласці – 2040, сярэдняга медперсаналу адпаведна – 1950 і 1460. Сем’ям адразу выдзяляецца жыллё.
Такія прыклады прывёў на апошнім пасяджэнні райвыканкама першы намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Уладзімір Мікалаевіч Севярын. Вышэй абласнога ўзроўню замацаванасць маладых спецыялістаў нават у будаўніцтве і сельскай гаспадарцы. Аднак мала застаецца на першых працоўных месцах моладзі ў прамысловасці (14,6%), гандлі і бытавым абслугоўванні (22,2). І прыкладна палова з усіх маладых спецыялістаў адпрацоўвае толькі абавязковы тэрмін. З аналізам па такой злабадзённай тэме – замацавання ў раёне маладых спецыялістаў — выступіла на пасяджэнні райвыканкама начальнік аддзела моладзі Н.І.ГАРДЗІЁНАК.

Заработная плата і меры стымулявання

Па прыбыцці на першае працоўнае месца маладым спецыялістам выплачваюцца “пад’ёмныя”, а на працягу двух гадоў з моманту заключэння кантракту маладыя ўрачы, работнікі ўстаноў адукацыі і сельскагаспадарчых арганізацый атрымліваюць штомесячныя даплаты ў памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду. Пры заключэнні кантракта з маладымі спецыялістамі на ўвесь тэрмін абавязковай работы прадугледжаны меры стымулявання працы: павышэнне тарыфнай стаўкі (не больш чым на 50 працэнтаў) і прадастаўленне дадатковага заахвочвальнага водпуску з захаваннем заработнай платы да пяці каляндарных дзён.
Сярэдняя зарплата маладых спецыялістаў з улікам усіх выплат складае ад 700 тысяч рублёў у работнікаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй да двух мільёнаў рублёў з вышэйшай адукацыяй. Аднак, як паказала апытанне, больш 60 працэнтаў маладых спецыялістаў лічаць сваю заработную плату нізкай.

Жыллё

У раёне станоўча вырашаецца пытанне забяспечанасці жыллём маладых спецыялістаў у першую чаргу за кошт размеркавання іх па месцы жыхарства бацькоў (штогод больш 50 працэнтаў), а таксама выдзялення індывідуальных службовых дамоў сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі.
Так, у 2006 годзе выдзелена 5 дамоў, у 2007 – 4, у 2008 – 11, у 2009 – 10, у 2010 – 9. Часта жыллё выкарыстоўваецца і як інтэрнат, як, напрыклад, у КУСГП “Кублічы” – пакоі ў дамах прадастаўлены сямі спецыялістам гаспадаркі і фельчару ФАПа.
У КУСГП “Глыбачаны”, “Дубраўка” маладым спецыялістам выдзяляюцца кватэры, урачам Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы – службовыя дамы ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”. Прадпрыемства меліярацыйных сістэм, райспажыўтаварыства, ПМК-66 пры наяўнасці месцаў забяспечваюць сваіх маладых работнікаў інтэрнатам.
Аднак некаторыя маладыя спецыялісты адмаўляюцца ад прапанаванага жылля, паколькі іх не задавальняюць умовы пражывання (трэба самім тапіць, рабіць рамонт) і здымаюць добраўпарадкаванае жыллё.

Сацыяльныя гарантыі

У калектыўных дагаворах арганізацый раёна прадугледжаны шэраг сацыяльных гарантый для маладых спецыялістаў: у ПУП “Сарочына”, ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, “Ільюшынскі”, УП “Ушацкае ПМС” пры прызыве на ваенную службу аказваецца матэрыяльная дапамога, у лясгасе, райаграсэрвісе, ПМС маладым работнікам, якія паспяхова вучацца завочна і атрымліваюць сярэдняю спецыяльную, вышэйшую адукацыю, прадугледжаны водпуск з захаваннем зарплаты. У лясгасе і райспажыўтаварыстве згодна калектыўнага дагавора часткова аплачваецца наём жылых памяшканняў.
Згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, маладым спецыялістам выдаецца льготны крэдыт на набыццё хатняй маёмасці. За апошнія тры гады правам атрымання крэдыту скарысталася 15 чалавек.

Не працай адзінай

Моладзь пастаянна ўдзельнічае ў самых розных мерапрыемствах. Традыцыйнымі сталі свята “Пасвячэнне ў прафесію”, акцыя “Прызыўнік”, спартыўныя спаборніцтвы па валейболе, удзел у абласным маладзёжным турзлёце, конкурсах прафесійнага майстэрства і іншае. Штогод на раённым свяце, прысвечаным Дню моладзі, праводзіцца ўшанаванне лепшых прадстаўнікоў працуючай моладзі.

Нягледзячы на ўсе вышэй пералічаныя станоўчыя моманты, праблема замацавання ў раёне моладзі застаецца адной з самых актуальных. Лічбы ўсё роўна не вельмі радуюць: з 55-ці маладых спецыялістаў 2008 года ў раёне засталося 23 чалавекі, у 2009 годзе прыбыло на працу 68 спецыялістаў, а зараз працуе 32, з 72 размеркаваных у 2010-м працуе 49 чалавек. Пасля адпрацоўкі тэрміну маладыя людзі пераязджаюць на месца працы свайго мужа (жонкі), на радзіму, шукаюць працу ў гарадах або наогул мяняюць прафесію. Таму адной з мер па замацаванні маладых спецыялістаў павінна стаць мэтанакіраваная прафарыентацыйная работа. “Кіраўнікам, асабліва сельскагаспадарчых арганізацый трэба пачынаць са школы, падбіраць там зацікаўленых мясцовых юнакоў ці дзяўчат, даваць ім мэтавыя накіраванні, па сутнасці самім рыхтаваць сабе спецыялістаў”, – зазначыў на пасяджэнні райвыканкама яго старшыня А.А.Кавалёнак. Трэба абавязкова паведамляць навучальным установам пра факты неналежнай падрыхтоўкі выпускнікоў, ухілення імі ад адпрацоўкі абавязковага тэрміну, што, дарэчы, і было зроблена кіраўніцтвам КУСГП “Глыбачаны” ў адносінах да былога галоўнага інжынера. У такім выпадку, па законе, давядзецца поўнасцю кампенсаваць затраты, якія пайшлі на навучанне. Моладзь павінна свядома выбіраць навучальную ўстанову, будучую прафесію, каб потым працаваць у пэўнай сферы, а не быць у ёй выпадковым чалавекам. Ну і не менш важны момант – мікраклімат у калектыве. Калі моладзь будзе адчуваць падтрымку і клопат, то і пытанні аб змене працы будуць узнікаць значна радзей.
Матэрыял падрыхтавалі В.КАРАЛЕНКА, В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *