Вы ведаеце, што такое эксгаустэр? Можаце адрозніць сінічнік ад шпакоўні? Адкажаце, чаму “аншлагі” бываюць не толькі ў тэатры, але і ў лесе? А вось для навучэнцаў Арэхаўскай сярэдняй школы імя Н.Л.Касцючэнкі гэтыя пытанні ніякай складанасці не ўяўляюць.
Справа ў тым, што экалагічнае выхаванне – адзін з асноўных накірункаў дзейнасці навучальнай установы. Школа з’яўляецца апорнай у Віцебскай вобласці па экалогіі, а з 2010 года – апорнай па інавацыйнай дзейнасці. Тэма аховы навакольнага асяроддзя прысутнічае і ў навучальным працэсе, і ў пазашкольных мерапрыемствах. У распараджэнні настаўнікаў і вучняў камп’ютары, хуткасны інтэрнэт, мультымедыйная ўстаноўка, інтэрактыўная дошка, спадарожнікавае тэлебачанне. Штогод папаўняецца экалагічная бібліятэка і медыятэка, працуе фітабар. Для кіравання ўсёй дзейнасцю створана творчая група настаўнікаў “Зберажом сябе і прыроду”.
Увогуле, само памяшканне школы нагадвае аранжарэю: усё тут прасякнута любоўю да роднай прыроды, ледзь не на кожным кроку – “зялёныя” куткі, маляўнічыя кампазіцыі з раслін і камянёў, іншыя шэдэўры дызайнерскай думкі. Уражвае “зялёны” клас – сапраўднае царства раслін (іх тут больш за 120 відаў, і кожная мае свой пашпарт). Ёсць тут між шматлікай флоры і прадстаўнік фауны – папугай Кеша. Ён, а таксама чырванавухія чарапахі – агульныя любімцы ўсёй школы. У гэтым кабінеце праводзяць свае заняткі юныя кветкаводы. Працуюць у школе і іншыя гурткі экалагічнага накірунку: “Сябры прыроды”, “Экалогія і мы”, “Экалогія чалавека”, “Экатэатр”.
Цэнтрам жа школьнага “прыроднага” жыцця з’яўляецца кабінет экалогіі. Колькі ж тут усяго цікавага! Чаго каштуюць толькі лясныя жывёлы, якія, размясціўшыся на галёрцы, “уважліва слухаюць” разам з вучнямі тлумачэнні настаўнікаў. Набыць гэтыя экспанаты дапамог школе Ушацкі лясгас. Ля вакна – падрыхтаваныя для птушак домікі. Тут і названыя вышэй шпакоўні з сінічнікамі (адрозніваюцца яны, дарэчы, дыяметрам адтуліны для пранікнення птушкі), і нават спецыяльныя домікі для сітавак, гарыхвостак і мухаловак. Майструюць гэтыя птушыныя палацы ўдзельнікі школьнага лясніцтва “Лесавічок”, сярод самых актыўных – Дзіма Пратасевіч, Віталь Дзямідаў, Арцём Долгі, Наталля Балотнік, Дзіма Прашкевіч. За апошнія 5 год юнымі лесаводамі пасаджана каля 70 гектараў лесу, выраблена 1,5 тысячы сінічнікаў. Дзеці размяшчаюць па лясах і ля вадаёмаў “аншлагі” – таблічкі з агітацыйнымі надпісамі на прыродаахоўную тэму, убіраюць смецце, развешваюць кармушкі. З ранняй вясны да позняй восені вядзецца работа ў школьным дэндрарыі. У маі 2011 года вучні ўпершыню сталі ўдзельнікамі абласнога злёту юных лесаводаў.
Садзейнічае фарміраванню экалагічнай культуры вучняў і работа на прышкольным вучэбна-вопытным участку. Школа поўнасцю забяспечвае сябе агароднінай, а частку рэалізуе насельніцтву і пры гэтым папаўняе спецрахунак.
А яшчэ арэхаўскія школьнікі накіроўваюцца ў традыцыйны паход па экалагічнай сцежцы, падчас якога вывучаюць прыроду і робяць карысныя справы: у прыватнасці, нядаўна на маршруце з’явіўся новы “прыпынак” – магіла невядомага салдата – завітаўшы сюды, вучні прыбіраюць месца воінскага пахавання.
Хлопцы і дзяўчаты збіраюць таксама звесткі для “Чырвонага сшытка” аб прадстаўніках флоры і фауны, занесеных у Чырвоную кнігу, якіх можна сустрэць на тэрыторыі мікрараёна школы. Дарэчы, загадкавы “эксгаустэр” – гэта прыбор для вывучэння насякомых. Яго, а таксама глядзельную трубу, біноклі, сачкі і іншыя прыстасаванні, школьнікі выкарыстоўваюць для назіранняў, даследаванняў. Гэта спецыяльнае абсталяванне Арэхаўская АСШ атрымала як удзельнік сумеснага праекта Еўрапейскага саюза і Праграмы развіцця ААН “Зялёныя школы”. На працягу года для атрымання сертыфікату школьнікі павінны выканаць шэраг заданняў. Зараз, напрыклад, яны вырабляюць хаткі для вожыкаў, схованкі для зімоўкі насякомых, вядуць маніторынг выкарыстання вады і электраэнергіі.
Увогуле, мясцовыя школьнікі з вялікім жаданнем набываюць экалагічныя веды. Пяцёра вучняў сталі слухачамі першага курса Рэспубліканскай школы актыву юных лесаводаў пры Рэспубліканскім экалагічным цэнтры дзяцей і юнацтва. На працягу навучальнага года яны атрымліваюць тэарэтычныя заданні, а падчас канікулаў накіроўваюцца ў Мінск на заняткі. Дарэчы, бясплатны падвоз дзяцей да сталіцы ажыццяўляе Ушацкі лясгас. У сувязі з гэтым дырэктар навучальнай установы І.Ф.Сыроўчанка выказала вялікую ўдзячнасць названаму прадпрыемству і, у прыватнасці, яго кіраўніку А.П.Рудасаву, які ніколі не адмаўляе школе ў дапамозе. Адзначыла Іна Фёдараўна і намаганні Сарочынскага лясніцтва, работнікі якога на чале з С.М.Ільюшэвічам цесна супрацоўнічаюць з Арэхаўскай СШ. Аказвае дапамогу раённая прыродаахоўная інспекцыя. І, вядома ж, нельга не назваць прозвішчы настаўніц, пад кіраўніцтвам якіх дзеці вучацца жыць у гармоніі з прыродай, спасцігаюць экалагічную навуку. Гэта Таццяна Міхайлаўна Жарнасек, Святлана Фёдараўна Папко, Юлія Сяргееўна Бучкіна.
Святлана Фёдараўна, дарэчы, днямі прымала ўдзел у рэспубліканскім семінары “Праграмаванне комплекснай падтрымкі адукацыйных практык у інтарэсах устойлівага развіцця ў Віцебскай вобласці”. “Падчас мерапрыемства інспектар абласнога аддзела адукацыі В.В.Горбаль адзначыў, што Арэхаўская школа – адна з нямногіх у Віцебскай вобласці, якая мае свой твар. Такая ацэнка нашай дзейнасці дае ўпэўненасць, што мы на правільным шляху, і пабуджае да новых практык і праектаў”, – падзялілася ўражаннямі настаўніца.
Матэрыял падрыхтаваны пры ўдзеле
настаўніцы Арэхаўскай СШ С.ПАПКО.