Завяшчанне – гэта пісьмовае распараджэнне, якое чалавек робіць на выпадак сваёй смерці. Пры жыцці ён мае права змяніць ці адмяніць яго: скласці новае або знішчыць. З 19 лістапада 2024 года ў заканадаўстве з’явіўся новы спосаб адмены завяшчання.
Калі раней знішчаліся ўсе яго экзэмпляры, то цяпер складаецца пасведчанне распараджэння аб адмене завяшчання. Пры такім спосабе ўсе экзэмпляры завяшчання знішчае толькі натарыус, пры ўмове, што грамадзянін перадае і той дакумент, які захоўваўся ў яго. За здзяйсненнем указанага дзеяння завяшчальнік можа звярнуцца да любога натарыуса, заплаціць тарыф за пасведчанне распараджэння аб адмене завяшчання ў памеры 42 рублі і за складанне і падрыхтоўку яго праекта – 8 рублёў 40 капеек.
У дакуменце аб адмене завяшчання абавязкова павінна быць указана наступная інфармацыя: дата пасведчання завяшчання, прозвішча, імя і імя па бацьку натарыуса або іншай упаўнаважанай асобы, якая засведчыла завяшчанне, нумар, пад якім яно зарэгістравана ў рэестры натарыяльных дзеянняў. Такое распараджэнне складаецца ў двух экзэмплярах і падпісваецца ўласнаручна ў прысутнасці натарыуса завяшчальнікам. Адзін экзэмпляр захоўваецца ў натарыуса, другі выдаецца завяшчальніку. Адмена завяшчання па даверанасці законам не дапускаецца.
Жанна КАВАЛЕНКА, натарыус Ушацкай натарыяльнай канторы.