Плануючы паездку на пасяўную ў “Ільюшынскі”, раздумвалі, у якім ракурсе сфатаграфаваць у гэты раз Анатоля Усовіка, каб здымак цалкам не паўтараў тыя, што робім з ім кожную вясну.
Як “асвяжыць” кампазіцыю, калі ў кадры будзе той жа чалавек, яго “Беларус” з шасціметровай сеялкай, ды і пейзажы красавіцкіх палеткаў не надта адрозніваюцца… Але ў “антуражным ланцужку” сёлета выявілася слабае звяно: пасля некалькіх тыдняў працы зламаўся рухавік трактара – агрэгат адправілі ў Віцебск на рамонт, а на стратэгічным працэсе самага вопытнага сейбіта падмяніў Дзмітрый Бурак на магутным МТЗ-3522, які на старце пасяўной працаваў з дыскатарам.
“Анатоль Віктаравіч як заўжды загадзя і рупліва рыхтаваў сеялку, так што я прыняў яе ва ўзорным стане. Вопыт работы на сяўбе ёсць, пераналадзіць агрэгат на розныя культуры дапамагае наш дырэктар Міхаіл Сяргеевіч Калбасаў, так што пастараюся дастойна замяніць калегу”, – паабяцаў Дзмітрый.
Зрэшты, першым на палетках ля Вацлавова мы спаткалі яго сябра Антона Коўшаля. Сустрэча была яркай – у самым прамым сэнсе: калі наблізіліся да “Кіраўца”, што стаяў на ўскрайку ўчастка, аднекуль з нетраў культыватара пырснуў фантан іскраў. Як аказалася, “спецэфект” быў справай рук механізатара, якога мы не адразу заўважылі за агрэгатам: Антон пусціў у ход балгарку, каб памяняць падшыпнік.
Падобныя паломкі здараюцца кожную змену – асабліва на такіх камяністых палях, як гэтае. Ухіляюць іх на месцы, а калі патрэбна нейкая запчастка – яе экстранна прывязе з майстэрні бацька маладога аграрыя Міхаіл Коўшаль, які дастаўляе і саміх работнікаў на аддалены аб’ект, бо тэхніка гэтымі днямі застаецца на старасельскім участку.
Прынамсі, пазнаёміцца з вадзіцелем, які працуе ў “Ільюшынскім” амаль усё жыццё, выпала нагода літаральна праз некалькі хвілін – Міхаіл Іванавіч разам з работніцай гаспадаркі Вольгай Міхейкай падвезлі на поле абеды. Дарэчы, па ініцыятыве кіраўніцтва прадпрыемства харчаванне для тых, хто працуе на палетках, зрабілі бясплатным. Але, канечне, пры ўмове адсутнасці парушэнняў працоўнай дысцыпліны. Кормяць жа сёлета ільюшынцаў ушацкія кааператары і, карыстаючыся выпадкам, хлопцы папрасілі выказаць ім падзяку за смачныя і разнастайныя абеды. Прадугледжаны і падвячорак, прычым грунтоўны: у гэты раз, напрыклад, Вольга Віктараўна раздала хлопцам вялікія кавалкі каўбасы і апетытныя міні-піцы.
На ўчарашні дзень у “Ільюшынскім” сяўба зерневых і зернебабовых культур (з улікам кукурузы на зерне) была праведзена больш чым на палове запланаваных плошчаў. Гэта прыкладна адпавядае і сярэднераённаму паказчыку. Лідарства ж утрымліваюць “Сафійскія дары”, дзе засеяна дзве трэці яравога зерневага кліну.
Мы ж, карыстаючыся абедзенным перапынкам, пагутарылі з яшчэ адным сямейным тандэмам: вопытны механізатар Васіль Калітуха ў гэты дзень падвозіў на поле насенне ячменю, а яго сын Мікіта дапамагаў загружаць яго ў бункер сеялкі. З апошнім, дарэчы, мы бачыліся два гады таму: пасля заканчэння Ульскага каледжа юнак пачынаў кар’еру ў роднай гаспадарцы, а за гэты час паспеў адслужыць у арміі і зноў вярнуўся на малую радзіму. Яму даручылі легендарны МТЗ-82, які ільюшынцы калісьці атрымалі на абласных “Дажынках” за добрыя вытворчыя вынікі. Трактар “нарасхват”: зімой хлопец карміў жывёлу на комплексе, а зараз ёсць работа ў полі.
Як і ў большасці ўшацкіх гаспадарак, тут прыкметны кадравы дэфіцыт, таму разлічвалі на падшэфныя арганізацыі. З 10 красавіка зачапіў плугі за МТЗ-1523 работнік лясгаса Віктар Кліменка. “Аграрыям дапамагаю некалькі апошніх сезонаў. Канечне, графік тут больш напружаны – на палеткі выязджаем а шостай гадзіне, вяртаемся з цёмным – аднак да неабходнасці часова змяніць працу лесавода на палявыя будні стаўлюся з разуменнем. Ды і вопыт ёсць: перш чым уладкавацца ва Ушацкае лясніцтва, 13 год працаваў у “Ільюшынскім”. Да таго ж і жыву я ў аграгарадку”, – падзяліўся з намі Віктар Міхайлавіч.
…Кароткі адпачынак скончыўся, і механізатары завялі рухавікі. Кожны з іх разумее, што лішнія хвіліны на размовы ў гэты час – недазвольная раскоша. Што пасееш – тое і пажнеш, у самым прамым сэнсе.
Наталля БАГДАНОВІЧ.