Іосіф Эдуардавіч Клімашэўскі – ліквідатар вынікаў той страшнай катастрофы. У зоне адсялення ён апынуўся ў самы разгар – у жніўні 1986 года – усяго праз тры месяцы пасля аварыі. Яшчэ штодня засыпаўся рэактар разбуранай станцыі, у трыццацікіламетровай адлегласці жылі людзі, працавалі саўгасы і нават пракладаўся водаправод. Менавіта на гэтыя работы і накіравалі брыгаду з ушацкай “Райсельгастэхнікі”, у складзе якой быў тады 37-гадовы вадзіцель Іосіф Клімашэўскі.
– Мы стаялі ў вёсцы Савічы, у цэнтры гаспадаркі, заможным паселішчы, якое нават знешне адрознівалася ад нашых. Дабротныя вялікія дамы. Багацей, лепш за нас жылі там сяляне, што і зразумела – намнога лепшы клімат і землі. І вельмі гасцінныя, добразычлівыя людзі. Прыкмеціў, што адзін аднаго клікалі выключна ласкава: Танечка, Валечка, Іванка… Калі мы прыехалі, у сяле ўжо было вельмі многа пустых дамоў – моладзь з’ехала, а заставаліся пажылыя людзі. Яны не хаваліся ад радыяцыі, сядзелі вечарам на вуліцы на лавачках, і мы часта размаўлялі, параўноўвалі быт нашых розных абласцей. Дарэчы, у маленькіх вёсках стаялі хаты з саламяным дахам. Ну а паколькі калодзежамі карыстацца было нельга, мы і клалі водаправод. Краіна не сутыкалася з такой страшнай катастрофай раней, таму ў першыя месяцы пасля аварыі спрабавалі мінімізаваць вынікі такімі спосабамі, а зусім хутка перайшлі да кардынальных мер.
У Беларусі з-за Чарнобыльскай трагедыі не існуе больш 500 населеных пунктаў, з якіх выселена 137 тысяч чалавек.
Стаяў самы багаты на плады месяц. У садах – грушы, маліна, слівы… усяго, як і на градках. З задавальненнем ласаваліся садавіной і мы, і мясцовыя. Ніякай перасцярогі не было. Што і казаць, калі і рэспіратараў не апраналі – колькі ў іх пасядзіш у кабіне машыны. Нават узровень радыяцыі нам вайскоўцы не агучвалі – памераць па вопратцы і зямлі навокал, махнуць рукой і пойдуць. Саўгас працаваў, ферма ў вёсцы, малако тое, напэўна, вылівалі, але даяркі таксама хадзілі на работу.
Канечне, хапілі мы там апраменьвання, бо край траншэі, у якую ўкладалі поліэтыленавыя трубы, знаходзіўся якраз на ўзроўні твару. Закрывалі іх спачатку рыдлёўкамі ўручную, а потым падключаўся экскаватар. У нас не было такога, каб нехта стаяў, а іншыя працавалі. Я хоць і вадзіцель, аднак калі не ехаў на сваім ГАЗ-52 у Брагін за трубамі, быў у траншэі разам з усімі. Ну а ў дарозе радыяцыйным пылам надыхаўся не менш. Справа ў тым, што “зразаў” шлях і пэўны ўчастак ехаў не па асфальце, а па гравійках, а на запраўку ў мясцовую гаспадарку наогул кіламетраў пяць па тарфяных палетках. Не думаў пра бяспеку. На трасе ж іншая справа: там літаральна кожную машыну спынялі салдаты і праводзілі дэзактывацыю, а таксама пастаянна змывалі асфальт.
У зоне адчужэння ў 1988 годзе створаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, супрацоўнікі якога вахтавым метадам працуюць на станцыі Масаны (так называлася блізкая да рэактара вёска ў Хойніцкім раёне).
Мы працавалі ў Брагінскім раёне, аднак да райцэнтра было далей, чым да станцыі. Не скажу, колькі дакладна кіламетраў, аднак мы выдатна бачылі верталёты, якія завісалі над рэактарам, скідвалі, напэўна, пясок і вярталіся назад ужо з пустымі ёмістасцямі. Пра вельмі блізкую адлегласць нашага размяшчэння гаворыць і той факт, што калі праз пэўны час наш майстар І.І.Ярмош паехаў туды за дакументамі, вёскі ўжо не было – Савічы поўнасцю зруйнавалі. Як і калонкі нашага водаправода, якія стаялі праз 30 метраў. Не засталося ні знаёмых нам старажылаў, ні сабак, якіх мы шчодра падкормлівалі каўбасой – іх гаспадары выехалі, а яны бегалі па вёсцы.
Харчаванне было вельмі добрым. У абед прывозілі гарачае, а на дзень выдавалі сухія пайкі, у якіх абавязкова было кола каўбасы. Адчувалі сябе нармальна, толькі галава пастаянна “чыгунная” была, ды сухасць у роце. Два месяцы правялі мы там – больш нельга: падлічвалі сумарную норму радыяцыі, і нас замяніла наступная брыгада.
Іосіф Эдуардавіч перанёс аперацыю на гартані, згубіў голас і зараз мае статус інваліда. Ці звязана гэта з Чарнобылем? Напэўна. Аднак ільготай – правам раз у год ездзіць у санаторый ён не карыстаецца.
Падрыхтавала Вольга Караленка.