Спектакль па п’есе вядомага драматурга Аляксея Дударава “Не пакідай мяне” выдатна адыгралі на сцэне раённага цэнтра культуры артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
Акрамя вячэрняга паказу быў яшчэ і дзённы з музычна-паэтычнай п’есай “Как я люблю глубину твоих ласковых глаз”. Абедзве пастаноўкі прысвячаліся 80-годдзю Вялікай Перамогі.
“Спецыяльна прасіла прывезці п’есы патрыятычныя, – расказвае дырэктар цэнтра культуры Валянціна Грыневіч. – А вось восенню, у наступны візіт тэатра, для дзяцей і дарослых падбяром камедыі, хаця ў выбары мы заўсёды абмежаваны. Не ўсё могуць паказаць з-за нашай малой сцэны ці пры наяўнасці ў спектаклях складаных дэкарацый. Да таго ж супрацоўніцтва з “коласаўцамі” ў нас даўняе і многае з рэпертуару ўшачане ўжо ведаюць. Наогул тэатральныя гастролі па Беларусі ажыццяўляюцца ў межах “Культурнай карты” і прыкладна на верасень запланаваны яшчэ і візіт Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Хочацца, каб ушачане не ўпускалі выдатную магчымасць культурна абагачаць сваё жыццё”.
Многія калектывы, як цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, ТЦСАН, савет ветэранаў, каб апынуцца ў першых радах, загадзя браніравалі білеты. Адразу дзесяць квіткоў набылі актывісты ветэранскай арганізацыі і не хавалі свайго задавальнення аб праведзеным вечары. “Пад уражаннем нават патэлефанавала сваім віцебскім сябрам – раіла абавязкова пабачыць пастаноўку. Аказалася, што я ў глыбінцы ведаю рэпертуар “коласаўцаў” лепш за віцябчан”, – падзялілася Людміла Рыгораўна Карабань.
Так, было б жаданне. Многія ўшацкія калектывы здзяйсняюць культпадарожжы. Ды і білеты пры гастролях, нягледзячы на большыя выдаткі, прадаюцца па ніжэйшым кошце, чым у Віцебску.
Вольга КАРАЛЕНКА.