З надыходам цёплага сезона матацыклістаў на дарогах істотна прыбавілася.
Як і здарэнняў з іх удзелам: сёлета ў краіне іх зарэгістравана 30 – 6 чалавек загінулі, 30 атрымалі траўмы. Ці гатовы да бяспечнай язды на Ушаччыне? За адказам на гэтае пытанне ў рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Матацыкліст” з супрацоўнікамі аддзялення ДАІ РАУС мы накіраваліся ў рэйд па населеных пунктах Сарочынскага, Вяркудскага і Глыбачанскага сельсаветаў.
Па дарозе інспектар ДПС Сяргей Калбасаў сцісла апісвае праблему: “Часцей за ўсё аварыі з матацыкламі адбываюцца з-за ліхацтва, а таксама недахопу навыкаў кіравання. Гэта датычыцца ў першую чаргу бяспраўнікаў і тых, хто толькі што атрымаў катэгорыю. У ліку частых парушэнняў – ігнараванне патрабаванняў дарожных знакаў і разметкі, выезд на сустрэчную паласу, няправільнае манеўраванне”.
Рух на аўтадарогах Сянно-Бешанковічы-Ушачы, Лепель-Полацк-мяжа Расійскай Федэрацыі, ды і на мясцовых, якія ў мінулы чацвер адпрацоўваліся з 10 да 13 гадзін, даволі ажыўлены. У патоку аўтамабіляў час ад часу праносяцца матацыклісты. Правяраем аднаго, другога, трэцяга… З дакументамі, што радуе, ва ўсіх поўны парадак. Аляксандр на чорным Suzuki пазіцыянуе сябе як прыхільнік бяспечнай язды: “Пільнасці не губляю: на дарозе пясок, а ён, як вядома, не лепшы сябар матацыкліста. Плюс ноччу тэмпература можа апусціцца, а значыць, пакрыццё астыне, гума задубее, адпаведна счэпныя якасці пагоршацца”. На жаль, не ўсе матацыклісты пасля зімовага перапынку гэтак жа ўлічваюць асаблівасці язды на байку. Так, нядаўна ў Лагойску 30-гадовая жанчына не справілася з кіраваннем Kawasaki, дапусціла занос, у выніку чаго ўпала на праезную частку і атрымала траўмы.
Сёлета ва Ушацкім раёне зарэгістравана каля 25 парушэнняў Правілаў дарожнага руху па лініі мотатранспарту. Трое вадзіцеляў не мелі права кіравання.
У Сарочыне здалёк прыкмячаем матацыкл, які едзе без уключанага святла. Пра патрабаванне пункта 166.1 ПДР вадзіцель, канечне, ведаў – проста ў сонечнае надвор’е, як запэўніваў, не звярнуў увагі, што фара не гарыць. Паколькі дагэтуль у ліку парушальнікаў мужчына не значыўся, на гэты раз быў вызвалены ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджання. Дарэчы, стаў адзіным з дзевяці матацыклістаў, да каго ў гэты дзень узніклі пытанні. З усімі праваахоўнікі правялі прафілактычныя гутаркі.
“Прывяду павучальны прыклад, – зазначыў напрыканцы нашага рэйду начальнік аддзялення ДАІ Мікалай Гаўрылюк. – Тыдзень таму ў Старынцы Жарскага сельсавета нецвярозы бяспраўны вясковец ехаў на электраскутары знаёмай. Тая вырашыла часова пабыць пасажырам і даверыла яму руль. Вось толькі абое не ўлічылі, што транспартны сродак па сваіх характарыстыках прыраўноўваецца да мапеда, а значыць патрабуе ад вадзіцеля наяўнасці пасведчання катэгорыі АМ. У выніку мужчыну пагражае штраф у памеры 200 базавых велічынь за п’яную язду, яшчэ 5 – за бяспраўную і пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі на 5 гадоў. Па ўсёй строгасці закону адкажа і гаспадыня электраскутара: за перадачу руля нецвярозай асобе прадугледжаны штраф ад 50 да 100 базавых велічынь, а таксама пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на 3 гады. Асобна нагадаю пасажырам мотатранспарту: падчас язды, як і вадзіцелі, яны абавязаны быць цвярозымі – інакш атрымаюць штраф да 3 базавых. Матацыклістам жа трэба выкарыстоўваць моташлемы, не забываць пра тэхагляд, выбіраць бяспечныя хуткасць і манеўры”.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.