У цяперашні час дзелавыя, навуковыя, культурныя сувязі паміж краінамі свету становяцца ўсё больш шырокімі – ладзіцца шмат канферэнцый, сімпозіумаў, семінараў, кірмашоў, выстаў. Такім чынам павялічваецца роля турыстычнага напрамку, які суправаджае гэтыя мерапрыемствы. Інтэнсіўна развіваецца ён і ў Беларусі.

З гістарычным багажом
Людзі спрадвеку адпраўляліся ў падарожжы, звязаныя з родам іх дзейнасці. Дастаткова прыгадаць буйныя сярэдневяковыя кірмашы ў Еўропе, караван-сараі, пабудаваныя для абслугоўвання тых, хто рухаўся па Вялікім шаўковым шляху. Формай гэтага напрамку можна назваць і ВДНГ у Маскве, дзе працаваў і павільён БССР: паглядзець дасягненні Краіны Саветаў прыязджалі мільёны гасцей.
У другой палове мінулага стагоддзя свае правы на лідарства ў гэтым сегменце заявіла Германія, якая стала пляцоўкай для сусветных кірмашоў. Зараз за год тут праходзіць каля 180 міжнародных выстаў і кангрэсаў, што прыносіць эканоміцы краіны больш 12 мільярдаў еўра прыбытку.
Па даных Сусветнага савета па турызме і падарожжах, у 2015 годзе агульныя выдаткі на дзелавыя паездкі складалі каля 1,1 трыльёна долараў, летась гэтая лічба павялічылася да 1,5 трыльёна.
На буйных форумах
Мы ж па традыцыі звярнуліся за каментарыем да прафесіянала турыстычнай сферы Ю.Акудовіча, які ў свой час меў непасрэднае дачыненне да развіцця прыгаданага напрамку. “У пачатку 90-х кампанія “Дойчэ Мессе” прапанавала мне стаць прадстаўніком нямецкіх кірмашоў у Беларусі, – распавядае Юрый Васільевіч. – Мы арганізоўвалі ўдзел нашых прапрыемстваў у самай буйной у Еўропе Гановерскай прамысловай выставе. Яе маштабы нават цяжка ўявіць: каля 500000 квадратных метраў выставачных плошчаў, сотні тысяч наведвальнікаў, дзясяткі рэстаранаў і нават некалькі аўтобусных маршрутаў для руху па тэрыторыі… Мы дапамагалі беларусам афармляць візы, вырашалі іншыя арганізацыйныя пытанні – было вельмі прыемна спрыяць выхаду на сусветны рынак айчынных тавараў і распрацовак. У 1998-м Беларусь атрымала статус краіны-партнёра выставы, а Германію з рабочым візітам наведаў наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, які пабываў у тым ліку і на Гановерскім кірмашы. Кіраўнік дзяржавы высока ацаніў патэнцыял гэтага напрамку, і сапраўды, удзел у форуме штогод прыносіў нашым кампаніям выгадныя кантракты, дамоўленасці наконт сумесных даследаванняў”.
Удзельнічае Беларусь і ў іншых маштабных праектах. Так, павільён нашай краіны, прадстаўлены на самым буйным дзелавым форуме – Сусветнай выставе EXPO-2020 у Дубаі, наведала больш мільёна гасцей.

Айчынныя перспектывы
А ці мае перспектыву дзелавы турызм у нашай краіне? Галоўным стрымліваючым фактарам да нядаўняга часу была адсутнасць у Беларусі пляцоўкі належных маштабаў, таму адкрыццё Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра на 37 тысяч квадратных метраў стане моцным стымулам для развіцця. Акрамя памяшканняў для экспазіцый тут ёсць кангрэс-хол і канферэнц-залы, абсталяваныя па сучасных стандартах. Гэта вельмі важна, бо апроч выставачнай дзейнасці ў Беларусі адкрываецца перспектыва стаць месцам правядзення карпаратыўных мерапрыемстваў. Нашым асноўным дзелавым партнёрам, асабліва зараз, з’яўляецца Расійская Федэрацыя. У гэтай краіне шмат буйных банкаўскіх карпарацый, фінансавых і іншых арганізацый з вялікай сеткай філіялаў у рэгіёнах – перыядычна ўзнікае патрэба сабраць разам іх прадстаўнікоў, кліентаў, пастаўшчыкоў, а паколькі Масква і Санкт-Пецярбург перагружаны, ды і ёсць жаданне мяняць лакацыю, Мінск ідэальна падыходзіць для такіх мерапрыемстваў.
На думку расійскіх партнёраў, Беларусь выгадна выглядае сярод іншых краін постсавецкай прасторы не толькі з-за зручнай лагістыкі, а і дзякуючы паспяховай рабоце вышэйшага кіраўніцтва, дыпламатычнага корпусу.
Мінск мае прамыя авіязносіны з цэлым шэрагам расійскіх рэгіёнаў, паміж сталіцамі курсіруюць “Ластаўкі”. Дарэчы, па прапанове Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы кіраўніцтва расійскай чыгункі прыняло рашэнне аб запуску па выхадных трэцяга рэйсу гэтых хуткасных электрапаяздоў.
Плануецца вывучыць з пункту гледжання дзелавога турызму і іншыя беларускія гарады.
У нашым абласным цэнтры, напрыклад, вядзецца паэтапная рэканструкцыя брэндавага атэля “Віцебск” – гэта частка шырокай праграмы па развіцці турыстычнай прывабнасці горада.
Што да Ушач, то відавочна, што гэта не самы актуальны для нас напрамак, ды ўсё ж на пэўным узроўні развіваць яго магчыма. “Ужо зараз у нас ёсць аб’екты, дзе можна пасяліць і арганізаваць харчаванне ўдзельнікаў невялікіх карпаратыўных мерапрыемстваў, семінараў. Апошнія, дарэчы, на Ушаччыне праводзяцца нярэдка, так што “парасткі” дзелавога турызму на нашай глебе праглядаюцца”, – лічыць дырэктар Турцэнтра Ушацкага раёна Дар’я Мілая.
* * *
Зрэшты, пры ўсіх дасягненнях гэты турыстычны напрамак у нашай краіне толькі пачынае разгортвацца: неабходна ўдасканальваць інфрастуктуру і прававую базу, укараняць лічбавыя тэхналогіі, рыхтаваць граматны персанал. Але тая ўвага, што надаецца яму з боку дзяржавы, настройвае на аптымістычны лад.
Наталля БАГДАНОВІЧ.