«50 вопросов взрослому»: Наталья Маркович ответила на вопросы юных ушачан

Общество

У рамках праекта “50 пытанняў даросламу” сектара дзіцячай і юнацкай кнігі раённай бібліятэкі адбылася адметная сустрэча. У гэты раз да старшакласнікаў прыйшла не проста паспяховая асоба, а чалавек, чыё жыццё стала яркім прыкладам таго, як мэтанакіраванасць і самаўдасканаленне могуць прывесці да высокіх дзяржаўных пасад. Наталля Марковіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і старшыня раённага Савета дэпутатаў адказала на шматлікія пытанні юных ушачан.

А пачалася размова з… дзіцячых мар. “У маленстве я любіла маляваць і хацела стаць мультыплікатарам, – з усмешкай прыгадала Наталля Мікалаеўна. – Мне здавалася, што няма прафесіі цікавей, чым ствараць анімацыйныя фільмы”. Аднак лёс распарадзіўся інакш – пасля школы яна выбрала эканамічны напрамак, скончыла спачатку Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт, а затым і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце.

Шлях да палітычнай кар’еры пачаўся з пасады звычайнага эканаміста, але дзякуючы свайму прафесіяналізму, кантактнасці, лідарскім якасцям Наталля Мікалаеўна паступова праходзіла прыступкі кар’ернай лесвіцы: ад спецыяліста па разліках да кіраўніка вытворча-эканамічнага аддзела, ад дырэктара цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва да намесніка старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях. “А чаму Вы вырашылі балаціравацца ў дэпутаты?” – пацікавіліся школьнікі. “Мне заўсёды падабалася дапамагаць людзям, – адказала Наталля Мікалаеўна. – Калі з’явілася магчымасць рабіць гэта ў большым маштабе, я без роздумаў згадзілася”.

Штодзённая праца народнага абранніка – гэта пастаянны паток зваротаў ад грамадзян. Жыхароў рэгіёну хвалююць самыя розныя аспекты: ад рамонту дарог і праблем ЖКГ да заканадаўчых ініцыятыў у сферы аховы здароўя і пенсійнага забеспячэння. Напрыклад, на нядаўняй “прамой лініі” была ўзнята тэма ўнясення змяненняў у заканадаўства, якое датычыцца крымінальнай адказнасці за абарот наркатычных сродкаў, у прыватнасці, магчымасці прымянення амністыі да непаўналетніх. “Кожны падобны зварот разглядаецца з асаблівай увагай, – падкрэслівае сенатар. – За сухімі фармуліроўкамі законаў стаяць чалавечыя лёсы, калі ж размова ідзе пра дзяцей і падлеткаў – ступень адказнасці яшчэ большая”.
“Рабочыя будні сенатара распісаны літаральна па хвілінах. Пры гэтым планы пастаянна карэкціруюцца: дзён, калі ўсе было “па пунктах”, у нашай працы практычна не бывае”, – зазначае Наталля Мікалаеўна. У Савеце Рэспублікі, дзе яна з’яўляецца членам Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, даводзіцца аналізаваць мноства законапраектаў, кантраляваць работу мясцовых органаў улады. Што датычыцца дзейнасці дэпутатаў райсавета, то ім прыходзіцца вырашаць шэраг канкрэтных пытанняў, накіраваных на паляпшэнне якасці жыцця людзей. Нядаўна, напрыклад, была зацверджана інвестыцыйная праграма на 2025 год, асаблівая ўвага ў якой надаецца добраўпарадкаванню сельскіх тэрыторый.

Школьнікі пацікавіліся, ці сустракалася Наталля Мікалаеўна з кіраўніком нашай дзяржавы. “Асабіста пазнаёміцца з Прэзідэнтам пакуль не атрымалася, – адзначыла яна, – але я прысутнічала на дзвюх яго інаўгурацыях і Усебеларускіх народных сходах. Гэтыя падзеі пакідаюць неверагоднае ўражанне – ты літаральна адчуваеш магутную энергетыку сапраўднага лідара”.

Нечаканым для многіх стала пытанне пра знешнасць і яе ролю ў кар’еры. “Лічу, што публічнаму чалавеку неабходна сачыць за сваім іміджам, імкнуцца ствараць прыемнае ўражанне. І тут важныя не столькі прыродныя знешнія даныя, колькі акуратнасць і дагледжанасць, – лічыць сенатар. – Канечне, гэта патрабуе пэўнага часу і намаганняў: асабіста я ахвярую ранішнім сном – пад’ём у шэсць гадзін дазваляе штодня быць “у форме”.

Адным з запамінальных момантаў у яе жыцці стала рабочая паездка ў Кітай у складзе дэлегацыі нашага раёна. “Мяне ўразілі выключная дысцыпліна і працавітасць мясцовых жыхароў, – зазначае Наталля Мікалаеўна. – Але пабываўшы ў іншых краінах, пачынаеш яшчэ больш цаніць родную Беларусь, душэўнасць і адкрытасць нашых землякоў”. Ушаччына, паводле яе слоў, – цудоўнае месца для рэалізацыі самых амбіцыйных планаў. Дарэчы, любяць сваю малую радзіму і двое яе сыноў.

У завяршэнне сустрэчы госця атрымала ў падарунак ружы – свае любімыя кветкі. А юныя ўдзельнікі праекта – важны ўрок: якімі б ні былі стартавыя ўмовы – годная адукацыя, настойлівасць і вера ў сябе здольныя прывесці да самых буйных вышынь.

Караліна КЛАЧОК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *