Материнство как призвание: история семьи Медведских, где любовь измеряется детскими объятиями

Всё начинается с семьи Общество

Мінула некалькі тыдняў пасля наведвання мнагадзетнай сям’і Мядзвецкіх, а перад вачыма і зараз той кранальны малюнак. Двухгадовая Ева, на нешта раззлаваўшыся, моцна плакала. І вось маці бярэ малую на рукі, яна ўсім цельцам прыціскаецца, плечыкі паступова перастаюць уздрыгваць – і дзяўчынка поўнасцю супакойваецца. Толькі ў матуліных абдымках можаш адчуваць сябе такім абароненым. Толькі побач з бацькамі мы лічым сябе дзецьмі, колькі б ні мінула год.

Дар’я Сяргееўна сваю матулю заўсёды называе “мамачкай”. Яе ўжо няма, таму яшчэ даражэй бабуля з дзядулем, якім штодня тэлефануе. “У мяне ж нікога з родных. Толькі яны і сям’я. Вельмі дрэнна вырасці і застацца адной, калі няма да каго прытуліцца. Таму я і хацела многа дзяцей. Не дзеля сябе – для іх, бо “прафесія” бацькоў – самая цяжкая ў свеце, якой да таго ж нідзе не вучаць. Цудоўна, што муж ва ўсім падтрымлівае, ён таксама вельмі любіць дзяцей і “круціцца”, каб у нас усё было. Мы адны ў наваколлі і падымаем дэмаграфію. Не хочацца, каб і Глыбачанскую школу зачынілі”, – пераходзіць на жарт 35-гадовая жанчына.

Іх дом жа насупраць Вяркудскай, на жаль, ужо непрацуючай. Аднак не сталі мяняць аграгарадок на іншы населены пункт, хоць маглі пусціць сямейны капітал на дом ва Ушачах. Розніцы ў кошце жылля практычна не існуе, а тут ім заўсёды дапамогуць з дзецьмі пасядзець, агарод пасадзіць. Маці Аляксандра Тамара Іванаўна побач жыве, ды і браты падтрымліваюць.

А вось пазычыць стартавага капіталу ім ніхто не мог, станавіліся “на крыло”, разлічваючы на сябе… і на гектар зямлі. Гэта яшчэ адна з прычын, чаму не перабраліся ў райцэнтр, дзе вырасла Даша Кагалёнак. Трымалі свінаматку, чатырох парсюкоў, авечак, курэй, праводзілі на агародзе ўвесь час. Тут як абысціся без трактарка, які быў у сям’і Сашы. Ды і пражылі не ў здымным жыллі, а ў кватэры Мядзвецкіх-старэйшых колькі гадоў.

Дом, у які перабраліся на Новы 2023 год, рамантуюць і зараз: цэлафанам завешана зала, ды і звонку ён у лясах. У прыватным жыллі, як кажуць, заўсёды ёсць чым заняцца, але спачатку рабілі самае неабходнае: мянялі падлогу і вокны, уцяплялі сцены, пабудавалі гараж. Зараз ідзе замена франтонаў і адмосткі, дэкаратыўная тынкоўка з’явілася на сценах новай веранды – так аздоблена і большасць пакояў. Стыльна, ды і практычна, можна сцерці нават намаляванае фламастарам, а мастачкі ў сям’і Мядзвецкіх – абсалютна ўсе. Хіба што школьніцы Віка і Маша не лічаць шпалеры мальбертамі.

На абсталяванне дома пайшло не менш грошай, чым на набыццё. Спачатку бралі звычайны крэдыт, потым атрымалі бязвыплатную субсідыю, цяпер ільготную пазыку. І гэта пры тым, што большасць работ імкнуцца выконваць самі, а адзенне і абутак ад адной дачкі перадаецца другой. Цяпер, калі Аляксандр перайшоў з камунгаса на Слабадскі ўчастак “Віцебскаграпрадукта”, парсюкоў трымаць нельга – іх замянілі трусамі. Пушыстыя звяркі даспадобы і дочкам, а растуць жа сапраўдныя памочніцы. Ужо зараз старэйшыя самастойна робяць сабе немудрагелістыя хвосцікі. Ну а калі ў школе ці садку ранішнік або іншае мерапрыемства – Дар’я Сяргееўна абавязкова едзе ў Глыбачку і на месцы стварае прыгожыя прычоскі. Бацькі ганарацца сваімі пявуннямі і танцоркамі, без якіх не абыходзіцца ні адно мерапрыемства. “А жылі б ва Ушачах, наколькі б прасцей было. І ў музыкалку б дзяўчаткі хадзілі…”. “Дык яны і так ходзяць, – не дае пералічыць усе выгоды райцэнтра Даша. – Старэйшыя абедзве вучацца іграць на фартэпіяна. Мяркуем інструмент купляць, бо і меншыя ж пойдуць у школу мастацтваў. Дадому вяртаюцца не рана, так. Затое ўсе ўрокі ў “прадлёнцы” падрыхтаваны – і нам калі толькі што праверыць застаецца. Каля дома спакойна і прасторна, не трэба хвалявацца, хаця яны без дазволу нават да бабулі не пабягуць. Возера блізка, а наш тата заўзяты рыбак. Так што невядома, дзе больш выгод. Ну а працаваць усюды трэба”.

Падымаецца маладая жанчына заўсёды ў шэсць гадзін раніцы. Гатуе сняданкі, збірае дачок і “зсабойкі” мужу, прыступае да абедаў, уборкі і мыцця. Жартуе – пашчасціла, што дочкі, таму нават на семярых ежу варыць не ў ”тазіках”. Ды і ўсе аднолькава любяць баршчы, кураціну, пюрэ з сасіскамі і пельмені, не трэба рыхтаваць асобныя стравы. Ну і абавязкова лахарцікі. На Вялікдзень на іх стале стаяла 7 звычайных кулічоў плюс спецыяльныя прыгожа аформленыя крафіны (пячэ Даша заўсёды сама), ну а стуканне чырвонымі яйкамі зацягнулася на чвэрць гадзіны.

“Існуе меркаванне, што некаторыя мнагадзетныя сем’і нараджаюць дзяцей дзеля грошай. Я гэтага не разумею. На такое можа пайсці толькі абсалютна безадказны чалавек. Бо самае цяжкае – не прыгатаванне ежы, хваробы аднаго, а значыць і ўсіх адразу, а ўвага. Нельга праігнараваць пытанне чатырохгадовай і таму да ўсяго асабліва цікаўнай Яны – яе пакуль не аддавала ў сад, таму яна заўсёды побач. Нельга не заўважыць крыўды (і канечне, самай вялікай у жыцці) Сафіі, якая сёлета пойдзе ў першы клас. Нельга праігнараваць падзеі школьнага дня чацвёртакласніцы Вікі і другакласніцы Машы. І кожнай трэба аддаць менавіта яе персанальны час, каб не пакрыўдзіць і застацца аднолькава роўнымі бацькамі,” – расказвае Даша.

З татам, дарэчы, дочкі бавяць час не горш, чым з мамай, асабліва калі гэта рухомыя гульні: веласіпеды, самакаты, арэлі, батут. Для іх зімовага захоўвання адведзены цэлы пакой у прыбудовах да дома, а побач з ім на супрацьлеглым баку ад агарода Мядзвецкія заклалі свой хвойны лес.

Пішу пра гэту дружную сям’ю і прыгадваю кінастужку “Однажды двадцаць лет спустя”. Калі галоўную гераіню, былую выдатніцу класа, якая зрабіла “кар’еру” маці, выхаваўшы 10 дзяцей, запыталіся, чаго яна чакае ў жыцці, яна ўсміхнулася і адказала: “Дзіцяці”. Вось і Даша, юрыст па адукацыі, чакае чарговае дзіця. Ну а калі дакладна, то, канечне, хлопчыка. І лічыць мацярынства самай пачэснай кар’ерай для жанчыны.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *