С вниманием и теплотой к каждому пациенту

Ими гордятся

Строгая і патрабавальная, адказная і працавітая, уважлівая і клапатлівая, сапраўдны прафесіянал сваёй справы, заўсёды гатовая прыйсці на дапамогу – усё гэта пра ўчастковую медыцынскую сястру Глыбачанскай бальніцы сястрынскага догляду Вольгу Анатольеўну Шастакову. Кожны, хто адчуў недамаганне, звяртаецца ў бальніцу да доктара і да яе – сваёй любімай медсястры. Кожнаму Вольга Анатольеўна дапаможа, параіць. Яна ведае ўсіх жыхароў свайго ўчастка, пры сустрэчы не прамінае пацікавіцца пра самаадчуванне і здароўе.
Часам прыходзілася чуць, што прафесія медсястры – не самая складаная: зрабіў укол, даў таблетку і ўсё на гэтым. Аднак кажуць так, напэўна, тыя, хто не ведае нюансаў работы медыкаў. Думаю, пабываўшы ў ролі медыцынскай сястры дзянёк-другі, многія б змянілі сваё меркаванне. Лічыце самі. У Глыбачанскай БСД працуе толькі адна медсястра – Вольга Анатольеўна, а населеных пунктаў, жыхароў якіх яна абслугоўвае, ажно 34. Пражывае тут 1 тысяча 175 чалавек. Медсястра разам з урачом ажыццяўляе прыём пацыентаў у амбулаторыі, займаецца патранажам цяжарных жанчын (іх зараз на ўчастку дзве), а таксама дзетак да года (пяць), па назначэнні ўрача робіць ін’екцыі на даму, наведвае нядобранадзейныя сем’і і сочыць за станам спраў у іх, праводзіць медыцынскія агляды вучняў мясцовай школы, дзіцячага сада. Часам даводзіцца выцягваць маленькіх непасед з-пад стала ці з-за шафы, каб зрабіць укол, супакойваць, угаворваць. І гэта толькі невялікая частка таго, што кожны дзень кладзецца на плечы медыцынскага работніка. Цяжкасцей дадае і немалая працягласць участка – 35 кіламетраў. І хаця ёсць у БСД свой транспарт, аднак паспрабуй паспець усюды! А вось В.А.Шастакова паспявае.  

У медыцыну яна пайшла па закліку сэрца. І ні разу не пашкадавала аб зробленым выбары. Скончыла ў 1983 годзе Аршанскае вучылішча, па размеркаванні трапіла ў тэрапеўтычнае аддзяленне другой Віцебскай гарадской бальніцы. А потым пазнаёмілася з будучым мужам, які родам з Глыбачкі, у 1986-м выйшла замуж і пераехала на Ушаччыну. З 18 чэрвеня 1987 года пачалася працоўная дзейнасць Вольгі Анатольеўны ўчастковай медыцынскай сястрой у амбулаторыі Глыбачанскай бальніцы сястрынскага догляду, дзе яна і працуе па сённяшні дзень.
За час работы зарэкамендавала сябе кваліфікаваным спецыялістам. Веды і практычныя навыкі аддае на паляпшэнне медыцынскага абслугоўвання і аховы здароўя насельніцтва. Не так даўно пачала рабіць аналіз крыві на цукар. Такая неабходнасць была выклікана тым, што лабарант амбулаторыі працуе толькі тры разы на тыдзень, а часам бываюць выпадкі, калі зрабіць аналіз трэба тэрмінова. І Вольга Анатольеўна без разважанняў узялася і за гэтую справу.
На наша пытанне, ці хацела б медыцынская сястра змяніць месца работы, пераехаць у горад, дзе больш перспектыў, яна адказала: “Зараз такога жадання няма. У нашай амбулаторыі вельмі дружны калектыў, заўсёды падтрымліваем адзін аднаго, дапамагаем. Многае залежыць і ад таго, як ты адносішся да сваёй работы, які сэнс у яе ўкладваеш. Хто працуе выключна дзеля “галачкі” або грошай, таму на любым месцы будзе некамфортна. Асабіста мне іншай работы не трэба!” Як прызналася Вольга Анатольеўна, у маладосці яе цягнула на радзіму – у Оршу, таму думала пра пераезд. Аднак тут, на Ушаччыне, затрымлівала каханне да мужа, сям’я. Зараз сваім другім домам жанчына лічыць ужо Глыбачку. У згодзе жывуць з мужам у яго бацькоўскім доме, радуюцца поспехам дзвюх дачок, дапамагаюць выхоўваць унука.
Ва ўсім В.А.Шастакова цэніць парадак і прыгажосць. У яе рабочым памяшканні – дзіцячым кабінеце амбулаторыі – бездакорная чысціня, роўнымі шарэнгамі выстраіліся па палічках карткі пацыентаў, строга і дзелавіта паглядаюць са сцен медыцынскія плакаты і бюлетэні. І ва ўсім гэтым парадку адчуваецца нейкая асаблівая ўтульнасць. Зараз Вольга Анатольеўна і астатні медыцынскі персанал Глыбачанскай БСД рыхтуюцца да пераезду на новае месца – у памяшканне былога дзіцячага сада.
Немагчыма пералічыць, колькім людзям яна дапамагла вылечыцца, захаваць жыццё за гэтыя 28 гадоў. Жанчына штодзённа здзяйсняе свой маленькі подзвіг – даследуе, выяўляе, лечыць, ратуе. Канечне, невыпадкова прозвішча В.А.Шастаковай занесена на раённую Дошку гонару.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *