Ушачи оказались на 500 лет старше: археологи нашли следы поселения X–XI веков

Общество

Ушачы старэй на 500 гадоў?  Такая інфармацыя з’явілася на гэтым тыдні ў рэспубліканскай газеце “Беларусь Сегодня”. Выснова аб узросце нашага райцэнтра зроблена супрацоўнікам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук на падставе ацэнкі фрагментаў ганчарнай і ляпной керамікі, а таксама бронзавага наканечніка шыйнай грыўні. Яны на думку кандыдата гістарычных навук Марата Клімава адносяцца да Х і ХІ стагоддзяў. Мы звязаліся са старшым навуковым супрацоўнікам аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу НАН Беларусі, каб высветліць усе акалічнасці.

Каштоўныя знаходкі адшукалі пры закальцоўцы газаправода ў раёне вуліц Дзяржынскага і Полацкай. Перад пачаткам работ супрацоўнікі “Полацкгазбуда” падалі запыт у Нацыянальную акадэмію навук – і М.В.Клімаў прысутнічаў пры раскопках, а таксама абследаваў прылеглыя ўчасткі. Акрамя прыгаданых вышэй знаходак была раскапана брусчатка.

– Марат Васільевіч, наколькі рэдкія гэтыя знаходкі? Ці гліняны посуд усё ж сустракаецца часцей за ўсё?

– Даволі рэдкія па дзвюх прычынах. Па-першае, знойдзены фрагмент не шырока распаўсюджанага керамічнага гаршка – венчык на ім з карнізікам. Па-другое, знаходкі кшталту шыйнай грыўні звычайна сустракаюцца пры раскопках курганоў (пры пахаванні людзей на іх заставаліся элементы ўпрыгожванняў, якім і з’яўляўся бронзавы шыйны абруч), а не паселішчаў. Ну і нарэшце мы маем справу з рэчамі, якія былі ва ўжытку тысячу год таму (!), што само па сабе ўнікальна. І яны яскрава сведчаць пра існаванне старажытнага паселішча менавіта ў цэнтры сучасных Ушач, ля ракі, ад якой і пайшла назва населенага пункта, а не ля возера Вечалле (льнозавода), дзе раней вяліся раскопкі.

– Будаўнічыя работы ў гарпасёлку вядуцца часта, аднак далёка не заўсёды пры іх прысутнічаюць археолагі, ды яшчэ кандыдаты гістарычных навук. Існуюць нейкія пэўныя ўчасткі, якія ўяўляюць цікавасць для навукоўцаў?

– У адрозненні ад Полацка, ва Ушачах няма дакладных граніц на карце, тэрыторыя якіх належала б да археалагічных помнікаў. Аднак цікавасць адназначна ўяўляюць вуліцы ўздоўж ракі, як і было ў дадзеным выпадку. Таксама паступіла да нас заяўка ад Белтэлекама, мяркую, што таксама прыедзем да вас, калі пачнуць пракладаць оптавалакно.

– Ці будуць працягвацца раскопкі?

– Гэта вельмі праблематычна, паколькі тэрыторыя шчыльна забудавана і давялося б бурыць агароды і прыватныя сядзібы. А аб тым, што ля ракі ў цэнтры Ушач людзі жылі мінімум у X-XI вяках, мы ведаем на падставе апошніх знаходак. Ну а ўзрост населенага пункта вызначаецца па пісьмовых звестках, і пакуль не адшукалі больш ранніх – гэта 1484 год.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *