Сергей и Полина Бугаевы: история семьи, в которой любят труд, деревню и спорт

Общество

Нам нярэдка задаюць пытанні, якім чынам мы выбіраем герояў нашых публікацый. У многіх выпадках падказку даюць чытачы, іншых вылучаем самі, і як правіла цікавімся рэпутацыяй гэтых людзей у тых, хто іх добра ведае. Сяргею і Паліне Бугаёвым годную характарыстыку далі і калегі, і аднавяскоўцы, і старшыня сельсавета. Ды і падчас нашага першага знаёмства на леташнім узнагароджванні пераможцаў раённага конкурсу па добраўпарадкаванні гэта маладая сям’я пакінула самае прыемнае ўражанне. І вось мы ў іх утульным доме ў Касарах.

Абое яны мясцовыя, з ранняга дзяцінства звыклыя да працы. Іх матулі шчыравалі на ферме, а бацька Сяргея быў трактарыстам, электрагазазваршчыкам, так што і сын з маленства тэхнікай цікавіўся. У тыя гады вяскоўцы вялікую гаспадарку трымалі: у хлявах і парсючкі, і буронка, і розная птушка мелася. У сям’і Паліны было пяцёра дзяцей, і ўсім на падворку работы хапала. А вось што прыгадвае Сяргей: “На канікулах мы з раніцы на веласіпедах імчалі купацца ў Заазер’е, апоўдні ж прыганялі статак, і я ляцеў праз лес дамоў, каб сустрэць нашу кароўку – не дай Божа спазніцца. Сена ж усё лета нарыхтоўвалі не толькі сабе, а і бабулі ў Бабовішчы”.

Дзяўчына і хлопец пачалі сябраваць яшчэ ў школе, і калі ў арміі некаторыя сябры Сяргея гаравалі, што іх каханыя выйшлі замуж, то ён у вернасці сваёй абранніцы не сумняваўся. Згулялі вяселле, на свет з’явілася дачушка Алёна, і маладая сям’я вырашыла абзавесціся ўласным жыллём – набылі недарагі дом у роднай вёсцы, паступова зрабілі добры рамонт і зараз іх сядзіба – адна з самых прыгожых і дагледжаных у наваколлі. Сяргею – усяго 43, а стажу ўжо 25 год. З прыемнымі пачуццямі ўзгадвае час сваёй працы ў ААТ “Ушачы” ў выдатным калектыве пад кіраўніцтвам Васіля Бяльковіча – пачынаў на касарскім участку прадпрыемства, калі ж ён закрыўся, мясцовую брыгаду спецыяльна падвозілі на работу ў райцэнтр. Цёпла прынялі працавітага кампанейскага хлопца і ў Касарскім лясніцтве, куды ён уладкаваўся вальшчыкам пасля закрыцця таварыства.

Паліна ж атрымала прафесію повара і карміла вучняў, пакуль не зачынілася мясцовая школа, потым некалькі год працавала ў вялікадолецкім магазіне, а з нядаўняга часу стала сацыяльным работнікам. З цеплынёй расказвае пра сваіх падапечных, якіх у яе 10: “У Глінішчы двум пажылым братам дапамагаю: вось, бялізну сёння дамоў прынесла, каб у машынцы памыць, а ў Мазулях мяне чакаюць дзве сястры-бабулі, таксама вельмі добрыя і душэўныя. Ды ў мяне ўсе такія!”

Але ж трэба расказаць і пра самага малодшага члена гэтай сям’і – тым больш што 10-гадовы Мікіта ўжо дае для гэтага падставы. Яго фота змясцілі на школьную Дошку гонару, а Уладзімір Мікалаевіч Лапіцкі называе хлопчыка адной з галоўных біятлонных надзей вялікадолецкай каманды: сёлета на трасе абласнога этапу “Снежнага снайпера” Мікітка быў самым маленькім па ўзросце, але ледзь не прайшоў у склад зборнай, што паехала ў Раўбічы – літаральна некалькіх секунд не хапіла. Вельмі перажываў і гарыць жаданнем лепш падрыхтавацца на наступны год. Хлопчык з гонарам паказаў нам новы турнічок, які зладзіў для яго ў двары тата. Калі ж мы запыталіся, ці не думала іх сям’я пераехаць у горад, Мікіта абурыўся: “Вы што! Тады ж мне давядзецца хадзіць у іншую школу, а там не будзе Уладзіміра Мікалаевіча, біятлоннай каманды, нашай настаўніцы Галіны Васільеўны Пугач… Не хачу я ў горад!”

Падзяляюць яго меркаванне і тата з мамай. “З маёй вялікай сям’і толькі я ў родных мясцінах засталася і зусім аб гэтым не шкадую. Хоць і прапаноўвалі нам пераехаць, ды мы не згадзіліся. Як бы я жыла без лесу, без сваіх любімых кветачак – у мяне іх паўсюль бачыце колькі! Ды і Сяргею вясковае жыццё даспадобы”, – усміхаецца гаспадыня.

Любіць родную вёску і дачка Алёна: хоць і жыве зараз у Мінску (набыла ў каледжы спецыяльнасць манцёра электраабсталявання і працуе на адным з аўтатранспартных прадпрыемстваў), але кожныя выхадныя прыязджае да бацькоў. Сяргей з гонарам паказаў нам яе падарунак – футболку з надпісам “Самы лепшы ў свеце тата”.

“А яшчэ ў нас суседзі вельмі добрыя, з цікавымі лёсамі… Можа б вы і пра іх напісалі?” – і Паліна з Сяргеем пачалі агучваць прозвішчы аднавяскоўцаў. Да сваіх чытачоў, як ужо казалі вышэй, мы заўсёды прыслухоўваемся, так што чакайце новых гісторый з тутэйшых мясцін.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *