В Ушачах прошёл традиционный день призывника

Общество

Школу мужнасці, загартоўкі характару пачнуць праходзіць сёлетняй вясной 16 ушацкіх юнакоў, якія прызываюцца на службу ва Узброеныя Сілы нашай краіны. Для іх у аўторак праведзены традыцыйны Дзень прызыўніка.

Пачалася праграма ў святым для ўшачан месцы – ля помніка загінуўшым воінам і партызанам. “Ужо некалькі пакаленняў беларусаў не ведаюць жахаў вайны. Вельмі хочацца, каб і вашы нашчадкі жылі пад мірным небам незалежнай краіны”, – зазначыў у прывітальным слове намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў. Ён падкрэсліў, што на плечы юнакоў кладзецца адказны абавязак – абараняць радзіму. Прысутныя ўсклалі вянок, ушанавалі памяць герояў хвілінай маўчання, а пасля накіраваліся ў храм вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы ў Арэхаўне, каб атрымаць благаславенне на службу. Протаіерэй Вячаслаў Лобец акрапіў хлопцаў святой вадой і падарыў кожнаму абразок і нацельны крыжык.

Працягнулася дзейства ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Начальнік адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Дзмітрый Заікін, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Уладзімір Андрыковіч патлумачылі, чаго чакаць хлопцам ад службы ў арміі, сказалі, што выпрабаванні толькі загартуюць, навучаць не пасаваць перад жыццёвымі праблемамі. Наказ прызыўнікам агучыла першы сакратар райкама БРСМ Рыта Хрыпель.

Маладых людзей гэтага прызыву дзецьмі не назавеш: толькі двое нарадзіліся ў 2006 годзе, старэйшы ж з прызыўнікоў – у ­2001-м. Прыемна адзначыць, што амаль усе паспелі паспрабаваць смак уласнага “хлеба”. Большасць з хлопцаў маюць сярэднюю спецыяльную і прафесійна-тэхнічную адукацыю. Дарэчы, службу яны будуць несці ў розных воінскіх часцях, прычым, не толькі ў межах Віцебскай вобласці. “Я, напрыклад, паеду ў Печы, што пад Барысавам, – расказвае ўшачанін Уладзіслаў Байцоў. – Канечне, з роднымі, сябрамі цяжкавата развітвацца, аднак трапіць менавіта ў вучэбку хацеў даўно – люблю авалодваць новымі ведамі і навыкамі”.

У прыгаданы дзень ва ўрачыстай абстаноўцы юнакам былі ўручаны павесткі і памятныя сувеніры. Парадавала таксама святочная канцэртная праграма, падрыхтаваная культработнікамі. У добры шлях, абаронцы Айчыны!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *