4160 рублёў – такую агульную суму на пакрыццё нанесенай навакольнаму асяроддзю шкоды давядзецца заплаціць чатыром жыхарам раёна, якія выпальвалі расліннасць на землях агульнага карыстання населеных пунктаў. Гэтыя парушэнні выявілі ўдзельнікі сумесных рэйдаў райаддзела МНС і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Так, у адной з вёсак гаспадыня наводзіла парадак на тэрыторыі побач са сваім агародам, запаліла вогнішча і на некаторы час пакінула яго без нагляду. Полымя пабегла па сухой траве, і расліннасць выгарэла на 70 сотках. Такім чынам прыродзе быў нанесены ўрон на суму 2932 рублі! А калі дадаць яшчэ 420 рублёў штрафу за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства (у такіх выпадках прызначаецца ад 10 да 30 базавых велічынь), то нескладана падлічыць, як дорага абышлося падобнае “навядзенне парадку”.
Зрэшты, нават калі б у прыведзенай сітуацыі трава не загарэлася, чалавека можна было б усё роўна прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за распаленае на грамадскай тэрыторыі вогнішча – Кодэкс прадугледжвае за гэта да 12 базавых велічынь.
Варта мець на ўвазе, што сухую траву на карані нельга спальваць нават на сваім участку! Разводзіць жа вогнішча на ім можна, але захоўваючы ўсе правілы супрацьпажарнай бяспекі. Пры гэтым нельга кідаць у агонь адходы з пластыка, бо такім чынам забруджваецца атмасфера.
Нагадаю яшчэ адзін нюанс: калі чалавек на працягу года не прыцягваўся да адказнасці (не вызваляўся ад яе) па “экалагічных” артыкулах КаАП, прызнаў факт парушэння заканадаўства і добраахвотна пакрыў нанесеную прыродзе шкоду, то ён вызваляецца ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджання. Гэта правіла, дарэчы, было прыменена да двух парушальнікаў, што трапілі пад увагу ўдзельнікаў прыгаданых рэйдаў.
Міхаіл ШУК, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.