Па інфармацыі Ушацкага РАУС, у першым квартале 2025 года ўзровень злачыннасці ў нашым раёне знізіўся больш чым напалову. Калі за аналагічны перыяд 2024-га было ўзбуджана 25 крымінальных спраў, то зараз усяго 12. Па лініі крымінальнага вышуку іх колькасць паменела з 19 да 6.
Гарачыя разборкі з халоднай зброяй
Злачынства, якое адносіцца да катэгорыі асабліва цяжкіх, напачатку сакавіка ўчыніў ураджэнец Адворні 1979 года нараджэння. У яго нядаўняй біяграфіі ўжо была судзімасць за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, аднак такі факт не надта аслабіў гарачы тэмперамент мужчыны. Калі падчас застолля ў кампаніі таварышаў разгарэлася сварка, той схапіўся за нож і пачаў размахваць перад апанентамі. Аднаму не пашанцавала – халодную зброю сабутэльнік накіраваў у яго грудную клетку. З сур’ёзнымі траўмамі пацярпелы быў дастаўлены ў бальніцу.
У ход ішлі кулакі
Не лічыў патрэбным утаймоўваць уласныя пачуцці і жыхар райцэнтра 1988 года нараджэння. Пасля прыняцця алкаголю, што бывала нярэдка, кідаўся да сужыцельніцы з кулакамі. Па факце катавання ў адносінах дамашняга агрэсара ўзбуджана крымінальная справа.
“Эканамісты”
Па-ранейшаму ў міліцэйскія зводкі трапляюць неплацельшчыкі аліментаў. На гэты раз крымінальныя справы ўзбуджаны ў адносінах адразу траіх. Адзін з мужчын не пералічаў сродкі на ўтрыманне непаўналетняй дачкі, другі на ўвесь 2024 год “забыўся” пра траіх дзяцей, не перастаў такім чынам “эканоміць” і трэці, які ўжо меў судзімасць за падобнае.
Без грошай і тавару
Жыхарка раёна пацярпела ад дзеянняў інтэрнэт-махляроў. На адным з акаўнтаў у сацыяльнай сетцы “Інстаграм” жанчына знайшла прывабную аб’яву аб продажы пральнай машыны. “Прадавец” запатрабаваў перад адпраўкай тавару аплаціць увесь яго кошт. Вось толькі калі 477 рублёў былі пераведзены на ўказаны рахунак, ён перастаў выходзіць на сувязь. Ніякіх даставак наша зямлячка так і не дачакалася.
Незаконны арсенал
захоўвалі двое нашых землякоў. Так, набор боепрыпасаў праваахоўнікі выявілі ў Якаўках – у адносінах гаспадара ўзбуджана дзве крымінальныя справы. У Альшанах жа пры аглядзе домаўладання памерлага чалавека быў знойдзены порах.
Добра затарыўся
У чужым гаражы, вароты якога не былі зачынены, пажывіўся нецвярозы малады ўшачанін, які нідзе не працуе і ўжо меў праблемы з законам. Яго здабычай сталі зварачны паўаўтамат, паветраны кампрэсар, вуглякіслотны балон і шліфмашынка. Урон, які панёс гаспадар, склаў 2340 рублёў.