Современные технологии на страже порядка: как ГАИ использует систему видеомониторинга для повышения безопасности дорожного движения

Общество

Дзяржаўтаінспекцыя Ушаччыны асвоіла новую методыку кантролю за бяспекай дарожнага руху. Для гэтага інспектары сталі выкарыстоўваць вулічныя камеры відэаназірання. З моманту выяўлення парушэнняў да прыцягнення вінаватых да адказнасці часта праходзіць менш за гадзіну. Як працуюць тэхналогіі ў справе – у нашым матэрыяле.

Маніторынг каля манітора

Рэспубліканская сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі выкарыстоўваецца ў нашай краіне не першы год. Напэўна, многія прыкмячалі ў райцэнтры і на пад’ездзе да яго камеры відэаназірання, прымацаваныя да будынкаў, ліхтароў, ды і ў памяшканнях устаноў. Першапачаткова планавалася з іх дапамогай кантраляваць грамадскі парадак – такая практыка выкарыстоўваецца ва ўсім свеце і дапамагае змагацца са злачыннасцю. Дзяржаўтаінспекцыя ж убачыла яшчэ адзін варыянт карыснага прымянення тэхналогій.

Алгарытм – вельмі просты і не патрабуе значных фінансавых выдаткаў. Аказалася, на ўзроўні нашага раёна дастаткова аднаго рабочага месца з камп’ютарам у райаддзеле міліцыі. У рэжыме анлайн і ў запісе на манітор можна вывесці трансляцыю абсалютна з любой камеры, прычым, не толькі ўшацкай – у доступе ўсе беларускія.

Начальнік аддзялення ДАІ Ушацкага РАУС Мікалай Гаўрылюк паказвае карцінку, якую можна разгледзець з розных адлегласцяў, захапіўшы агульны ці буйны план, наблізіць, удакладніць нумарныя знакі. Звычайна пры выяўленні парушальніка праглядаюцца кадры з некалькіх камер – для максімальнай дакладнасці.

На экране – перакрыжаванне Ленінскай і Савецкай. У пятнічны дзень аўтамабілістаў шмат, аднак праблем з іх распазнаваннем – ніякіх. Без націскання паўзы паспела разгледзець і ўсе транспартныя сродкі, і тых, хто знаходзіўся ў салоне (“на аўтамаце” ледзь не памахала знаёмым рукой). Высокая якасць здымкаў дазваляе ўбачыць і непрышпілены рэмень бяспекі, і мабільны тэлефон у руках вадзіцеля.

Парушэнні, якім надаецца максімальная ўвага, – абгон у забароненым месцы, няпропуск пешахода і іншыя, якія адносяцца да катэгорыі грубых. Пераважная іх большасць рэгіструецца ў выхадныя дні і перад імі, а таксама ў гадзіны пік: прыблізна з 7.00 да 8.00 і з 16.30 да 18.00.

Знайсці бяспраўніка

Праглядаем нядаўнія запісы. Вось кадры з камер на рэдакцыі і магазіне “ПраЗапас”. На павароце вадзіцелі “Аўдзі”, “Фіят” і “Рэно” хуткасці не змяншаюць – насуперак правілам не прапускаюць пешахода, які спыніўся ля “зебры”. Пазней да скрыжавання пад’язджае “Нісан” – вадзіцель размаўляе па мабільным, а яго пасажыр – хлопчык гадоў пяці – едзе стоячы, трымаючыся за бацькавы плечы.

“Такія карціны можна назіраць даволі часта, – каменціруе М.Гаўрылюк. – Толькі за сакавік 2025-га дзякуючы камерам выявілі 43 парушэнні. У трох выпадках да адказнасці былі прыцягнуты бяспраўнікі – жыхары Мінска, Оршы і Ушач”.

Дарэчы, прыгаданая катэгорыя – на асаблівым кантролі. Як толькі аўто, якое належыць пазбаўленаму права кіравання чалавеку, трапляе пад камеры – сістэма маніторынгу аўтаматычна апавяшчае пра гэта праваахоўнікаў. Адгаварыцца, маўляў, за рулём быў нехта з блізкіх, не атрымаецца: ёсць магчымасць прасачыць маршрут руху транспарту і дакладна зафіксаваць твар вадзіцеля – ніякія капелюшы ды кепкі гэтаму не перашкодзяць.

З доказамі на руках

Відэазапісы з доказамі парушэнняў захаваны. Далей – два варыянты развіцця падзей. Часцей за ўсё супрацоўнік, які вядзе маніторынг, працуе сумесна з нарадам ДПС, які нясе службу. Інфармацыя перадаецца патрульнаму экіпажу, які і спыняе парушальнікаў. Або з вадзіцелем звязваюцца напрамую, тлумачаць прычыну і выклікаюць для разбіральніцтва ў ДАІ. Пры неабходнасці ў абодвух выпадках дэманструецца відэазапіс ці раздрукаваны скрыншот. Звычайна яны адказваюць на ўсе пытанні.

На ўнівермагу і аўтастанцыі, у Ліпаўцы і на АЗС… Зараз у райцэнтры і яго наваколлі звыш 70 відэакамер, падключаных да рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. У бягучым квартале плануецца ўстанавіць яшчэ каля 40 – з’явяцца яны, напрыклад, адразу на некалькіх шматпавярхоўках па вуліцы Віцебскай.

Стымул не парушаць

У надзейнасці новага спосабу ў аддзяленні ДАІ Ушацкага РАУС не сумняваюцца. На камерах праглядаюцца найбольш ажыўленыя ўчасткі дарог, добра бачны лініі разметкі, рух на пешаходных пераходах. Зрэшты, прыярытэтная мэта дыстанцыйнага маніторынгу – не пакараць, а дысцыплінаваць удзельнікаў дарожнага руху.

Жыхарка раёна: “На днях ва Ушачы падвозіў знаёмы, які ніколі аматарам правільная язды не быў. А тут нават здзівіў: і патрэбную хуткасць вытрымаў, і рэменем бяспекі прышпіліўся. На маё пытанне, у чым справа, ён указаў на ліхтар з камерай. Прызнаюся: пасля гэтага спакайней стала адчуваць сябе на дарозе”.

Трэба сказаць, дапамагае такая сістэма не толькі дарожны рух кантраляваць. Актыўна карыстаюцца тэхналогіяй, напрыклад, у аддзяленні крымінальнага вышуку РАУС. Як расказаў яго кіраўнік Мікалай Баратынскі, дзякуючы камерам летась удалося хутка ўстанавіць асобу злодзея, які без сведак выкраў з Глыбачанскага лясніцтва грузавік лесапрадукцыі.

Пахуліганіў нядаўна на запраўцы яшчэ адзін – не падумаў, што адразу з некалькіх кропак вядзецца запіс.

Па выніках мінулага года Ушацкі РАУС сярод аддзелаў сваёй катэгорыі быў прызнаны лепшым у вобласці і краіне. Пасадзейнічала гэтаму ў тым ліку работа з сістэмай маніторынгу – палепшылася раскрывальнасць спраў, актывізавалася прафілактыка. Ды і пачатак бягучага года парадаваў зніжэннем узроўню злачыннасці – наяўнасць побач “усёвідушчага вока” адназначна стымулюе.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *