Купальный сезон стартует раньше: как в Ушачском районе готовятся к летней безопасности на воде

Общество

З 1 мая ў Беларусі афіцыйна пачнецца купальны сезон. Гэта на два тыдні раней, чым у папярэднія гады.

Ва Ушацкім раёне маецца вялікая колькасць азёр, у тым ліку паблізу населеных пунктаў ці непасрэдна ў іх, а таму тэма бяспечных паводзін на вадаёмах не губляе актуальнасці, а на нас гэта накладвае вялікую адказнасць у плане правядзення прафілактычнай работы. З пачатку года раённай арганізацыяй праведзена больш 30 сустрэч на прадпрыемствах і арганізацыях, у школах раёна, сумесна з іншымі суб’ектамі прафілактыкі арганізавана 35 рэйдаў па водных аб’ектах.

У чарговы раз паўтару адно з самых галоўных правіл – ні ў якім разе не купацца ў стане алкагольнага ап’янення. Не трэба заплываць далёка, бо можна не разлічыць свае сілы і патануць. Не купайцеся і тым больш не нырайце ў незнаёмых месцах, на надзіманых матрацах і аўтамабільных камерах, асабліва калі не ўмееце плаваць. Не падплывайце блізка да лодак і катэраў. Ні ў якім разе не пакідайце дзяцей каля вады без нагляду.

З 1 мая пачне сваю работу выратавальны пост на пляжы возера Вечалле, ужо сфарміравана каманда матросаў-выратавальнікаў. На працягу месяца ідзе работа па падрыхтоўцы да сезона. Хутка тут з’явіцца пірс для выратавальнай лодкі, пост будзе электрафікаваны, што дазволіць устанавіць пражэктар, абсталяваць радыёрубку, падрыхтаваць месца для падзарадкі мабільных тэлефонаў. Выказваю ўдзячнасць працоўным калектывам, якія аказваюць фінансавую падтрымку таварыству выратавання на водах. Сабраныя сродкі накіроўваюцца на правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў, набыццё плаўсродкаў, вадалазнага аснашчэння.

Хочацца спадзявацца, што надыходзячы летні сезон прынясе ўшачанам толькі станоўчыя эмоцыі.

Нагадаем, што рашэннем райвыканкама вызначаны пералік месцаў, дзе забаронена купанне. Да іх адносяцца:

  • рака Ушача ля разбуранай плаціны ў Замошшы (Вялікадолецкі сельсавет);
  • возера Лутава;
  • меліярацыйныя і тэхнічныя каналы;
  • сажалкі, копанкі;
  • штучныя і пажарныя вадаёмы;
  • ачышчальныя збудаванні;
  • месцы размяшчэння мастоў, дамбаў і іншых гідратэхнічных збудаванняў.

Майя ПАЦЭЙКА,
старшыня раённага таварыства выратавання на водах.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *