Вялікую колькасць узнагарод заваявалі гэтымі днямі на розных спаборніцтвах выхаванцы Ушацкай СДЮШАР.
Традыцыйна парадавалі юныя дзюдаісты: на адкрытым першынстве Віцебскай спартшколы Павел Марковіч, Руслан Шаўчэнка і Ганна Пугач заваявалі “срэбра”, а Герман Быкаў і Святлана Крупеня – “бронзу”. Павел і Герман папоўнілі скарбонку сваіх дасягненняў срэбранымі медалямі і на полацкім турніры памяці Д.Мішуты. А вось Валерыя Акулёнак перамагла на ім усіх сваіх саперніц і атрымала “золата”. У яе сябровак па камандзе Аляксандры Храмёнак і Ангеліны Алексяёнак – бронзавыя ўзнагароды.
На першынстве вобласці па лёгкаатлетычным кросе былая выхаванка нашай спартшколы Кіра Ісаева ўвайшла ў тройку прызёраў на дыстанцыі 1000 метраў – у дзяўчыны “бронза”, а Ілья Мялешка стаў лепшым у забегу на 3 кіламетры.
Ушацкія плыўцы годна паказалі сябе на адкрытым турніры ў Расонах. Двойчы ўзнімаўся на вышэйшую прыступку п’едэстала Арцём Казак, у Аляксея Салодкіна – тры медалі ўсіх вартасцяў, у Мацвея Пугача – па адным “золаце” і “срэбры”, двойчы станавіўся другім Дзямід Аўтушка, першае месца ў Паліны Марковіч, трэцяе – у Данііла Апёнка. Здабылі ўшачане і залаты медаль у эстафеце, у якой выступалі Мацвей Пугач, Паліна Марковіч, Захар Кучаронак, Арцём Казак.
Наталля БАГДАНОВІЧ.