Хто добра ведае Правілы дарожнага руху, упэўнена круціць педалі веласіпеда і хутка аказвае першую медыцынскую дапамогу? Канечне, юныя інспектары дарожнага руху. Даказаць гэта прадстаўнікі ўсіх школ Ушаччыны змаглі на раённым злёце-конкурсе.
Паласу перашкод для веласіпедыстаў пераадолелі амаль без парушэнняў вучні Ушацкай школы Лізавета Шыла і Аляксей Салодкін (узроставая група 10-13 гадоў), Вольга Цімафеева і Глеб Курбака (14-17). У экзаменах на веданне Правілаў дарожнага руху лепшыя вынікі прадэманстравалі Ксенія Дукмасава і А.Салодкін з Ушацкай СШ, а ў старэйшай групе – Алёна Магерка і Мацвей Азарэвіч з Ільюшынскай. У медыцынскіх жа ведах апярэдзілі сапернікаў усё тыя ж Л.Шыла і А.Салодкін, а таксама Маргарыта Стрыжонак з Вялікадолецкай школы і Яраслаў Севярын з Ушацкай. Яркім этапам стала “Пазнавальная праграма” – праз харэаграфію, вершы, песні школьнікі прапагандавалі захаванне ПДР, дзейнасць сваіх атрадаў.
Усе выступілі дастойна, але званне лепшай заваявала каманда з райцэнтра (кіраўнікі – М.Далжонак і Д.Дрозд). Яна і прадстаўляла наш раён на рэгіянальным злёце-конкурсе, які прайшоў на мінулым тыдні ў Лепелі. Дарэчы, на ім парадавацца за ўшачан была нагода: усіх сапернікаў яны ўпэўнена абышлі ў конкурсе “Плакат сацыяльнай рэкламы”, заваявалі “срэбра” ў творчым выступленні, “бронзу” – у фігурным ваджэнні веласіпеда. Па выніках жа ўсіх этапаў нашы землякі аказаліся чацвёртымі, набраўшы аднолькавую колькасць балаў з гаспадарамі сустрэчы – тыя трапілі на п’едэстал толькі дзякуючы лепшаму выніку ў веданні Правілаў. Для нашай каманды гэта добры стымул, каб падцягнуць тэорыю і ў наступны раз узяць рэванш.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.