Золотой успех «Радуги»: хор Ушачской ДШИ стал лучшим на областном конкурсе «BEL CANTO»

Культура

Днямі Узорны хор “Вясёлка” Ушацкай ДШМ узяў чарговую вяршыню – стаў лаўрэатам 1 ступені Віцебскага абласнога конкурсу вакальна-харавой творчасці дзяцей і юнацтва “BEL CANTO”.

У перакладзе з італьянскай мовы гэты тэрмін азначае “цудоўныя спевы” – і нашы землякі цалкам яму адпавядалі.

Для сёлетняга выступлення была падрыхтавана спецыяльная праграма. “Паколькі трэба было паказаць духоўны ці класічны нумар, спынілі свой выбар на творы Дзмітрыя Бартнянскага “Хваліце Госпада з нябёсаў”. Яго можна выконваць у любое праваслаўнае свята, таму гэты нумар пачуюць і ўшачане падчас адпаведных канцэртаў”, – кажа мастацкі кіраўнік хору Жанна Савіцкая. Вядома ж, напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі ў праграмах канкурсантаў былі і ваенна-патрыятычныя песні. Наш калектыў выканаў твор “Званы Хатыні” Уладзіміра Алоўнікава, спецыяльную аранжыроўку для якога зрабіла Жанна Віктараўна. Выступленне было вельмі пранікнёным і прафесійным – гэта ацанілі і журы, і гледачы.

“Хочацца шчыра падзякаваць усім удзельнікам нашай “Вясёлкі”, а найперш тым, хто ўжо скончыў школу мастацтваў, але працягвае хадзіць на рэпетыцыі. Неверагодны прыклад іншым паказвае Ксенія Барысёнак, якая адначасова рыхтавалася да фіналу рэспубліканскай алімпіяды і паспявала хадзіць на рэпетыцыі любімага хору. Не развітваюцца з калектывам Паліна Аўласенка і Насця Клачок, ну а без Сашы Калясінскага выступленні ўвогуле немагчыма ўявіць. З задавальненнем далучаюцца да нас педагогі школы і моцна дапамагаюць у выкананні. Ну і, канечне, асобныя словы ўдзячнасці – канцэртмайстру Святлане Раманаўне Валовай”, – зазначае Ж.Савіцкая.

Віншуем калектыў і жадаем яму заўсёды трымаць высокую планку!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *