Вось цікава, чаму некаторыя людзі могуць за пару хвілін літаральна з нічога стварыць кулінарны шэдэўр, а іншыя ўмудраюцца няўдала прыгатаваць нават магазінныя пельмені? Мабыць, справа ў прыроджаным таленце? “Хутчэй, у тым, якую ўвагу надавалі харчаванню ў сям’і. А яшчэ – у жаданні самога чалавека развіваць свае здольнасці”, – лічыць ушачанка Ірына Вяр’ясава.
Сервізы ў серванце не пыліліся
І прыгадвае ўражанні свайго ранняга дзяцінства, што прайшло ў Мажуйках. Бабуля Фэля Крывёнак гатавала проста і вельмі смачна, у яе было жалезнае правіла: кожнага, хто зайшоў у хату, трэба накарміць. Да слова, унучцы яна перадала не толькі здольнасці гаспадыні, а і каталіцкую веру. Свае традыцыі меліся і ў мамы Зоі Паўлаўны, якая прыгожа афармляла кожную страву, выразала з морквы, яек, таматаў цэлыя кветкавыя кампазіцыі. Сярод блізкіх і сяброў славілася яе фірменнае мяса па-каралеўску. А яшчэ ў іх сям’і накрухмаленыя сурвэткі, парадныя талеркі і прыборы вымалі з буфета не толькі з нагоды візіту гасцей, а і для звычайных дамашніх трапез. Адным словам, у Ірыны проста не было шансаў стаць пасрэдным кулінарам.
“Гадоў у дзесяць я ўзялася за выпечку. Мама іншы раз нават раздражнялася: прыходзіць з работы – літра смятаны ў халадзільніку як не бывала, а на стале – чарговы торт”, – усміхаецца гераіня аповеду.
Ідэя нарадзілася… у гарах
Пасля школы яна атрымала спецыяльнасць гісторыка, працавала ў розных сферах, займалася выхаваннем трох сыноў, кулінарыя ж заставалася захапленнем. А некалькі год таму сям’я паехала адпачываць у Грузію і кватаравала ў гаспадароў, якія кармілі сваіх пастаяльцаў. Ушачанка з захапленнем назірала за тым, як яны чаравалі над адмысловымі стравамі, як слухалі ўдзячныя водгукі турыстаў… Тады і прыйшла ідэя зрабіць нешта падобнае – гатаваць дома ежу для заказчыкаў. Муж Пётр задуму адобрыў, да слова, ён і сам – выдатны майстар па шашлыках, мантах і іншых прысмаках. Ірына прыйшла ў інспекцыю, атрымала кансультацыю па аплаце падаткаў – іх памер на той час быў зусім невялікі. Зараз нормы заканадаўства скарэкціравалі: грамадзяне, што аказваюць падобныя паслугі, павінны пералічваць сродкі ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва – затое перыяд такой дзейнасці ідзе ў стаж.
Акцэнт – на якасці
Для старту спатрэбіліся ўкладанні. Ірына адразу вырашыла, што зробіць акцэнт на якасці сэрвісу, і ў яе будзе не толькі смачная ежа, а і прыгожае афармленне сталоў. Абсталявалі спецыяльную кухню для выканання заказаў з посудамыечнай машынай, слайсарам для нарэзкі закусак, купілі параканвектамат – каб гарачыя стравы не смажыць, а запякаць. Набылі сталовыя прыборы магілёўскай маркі “Крамет”, драўляны посуд для сервіроўкі вырабіў пад заказ ушацкі рамеснік Павел Мурашоў, абрусы і сурвэткі з тканіны “Магатэкса” пашыла майстрыха Галіна Віннік. Апошнія, да слова, для святочных і жалобных сталоў асобныя, як і прыборы, якія пасля выкарыстання дадаткова дэзінфікуюць спецсродкам, а потым апрацоўваюць парай. Як і ўсе работнікі грамадскага харчавання, Ірына праходзіць санітарную камісію. Дарэчы, карыстаючыся выпадкам, яна хоча выказаць падзяку вопытнаму повару Святлане Паўлаўне Аўдошка, якая кансультавала яе на старце дзейнасці.
“З чаго пачынала? Са “стажыроўкі” на сябрах і знаёмых. Далі аб’яву ў “Патрыёце”, завялі старонку ў інстаграме. Добра памятаю свой першы заказ: гэта было невялікае вяселле на раёне. Мы з мужам распрацавалі схему вельмі аператыўнага накрыцця стала – каб усе стравы былі “з полымя, з жару”. Сканструявалі спецыяльныя пластыкавыя кантэйнеры з палічкамі, у якіх можна прывозіць ужо сервіраваныя блюды з закускамі – застаецца іх толькі на стол паставіць. І хоць папярэджвалі гаспадыню, што ежа будзе “ўпрытык”, яна занервавалася, калі за гадзіну да прыходу гасцей нас яшчэ не было. Але ж мы за 20 хвілін справіліся”, – расказвае Ірына.
Зараз за яе плячыма ўжо два гады кулінарнай практыкі. За гэты час накрывала сталы ў розных куточках Ушаччыны – ад Вяркуд да Казімірова, выязджала і ў іншыя раёны. Цікавы факт: многія нашы землякі карыстаюцца паслугамі глыбоцкіх кулінараў, а “БанкетМайстар” (так назвала ўшачанка свой сэрвіс) тым часам выконвае заказы суседзяў. У кожнага ёсць перавагі: нехта прываблівае больш таннай цаной, а хтосьці прапануе амаль рэстаранны ўзровень.
“Заўважыла, што жанчыны, якія заказваюць нашу паслугу, часта апраўдваюцца – маўляў, я б і сама справілася, але… Я ж лічу, што даручыць прыгатаванне прафесіяналам зусім не сорамна – навошта напярэдадні юбілею парыцца на кухні, калі гэты час можна прысвяціць сабе, напрыклад, у салон прыгажосці схадзіць”, – разважае гераіня аповеду.
Яна пастаянна ўдасканальвае сваё майстэрства, праходзіць анлайн-курсы. Стараецца, каб стравы былі карыснымі, не выкарыстоўвае фарбавальнікаў, іншых шкодных рэчываў. Што да спецыяў, то тут у прыярытэце лідская марка “Твітнік”. Сама робіць паляндвічку, маласольную скумбрыю. Эксперыментуе – напрыклад, далучыла ў меню італьянскую салату “Капрэзе”, дэсерт “Тэрамісу”.
Правіла Фэлі і зараз ва ўжытку
Пры патрэбе ёй дапамагаюць муж і нават васьмігадовы Лёша, які навучыўся чысціць бульбу. Старэйшыя сыны ўжо дарослыя. Мікіта працуе ўчастковым ва Ушацкім РАУС. Грунтоўна падышоў да выбару прафесіі Ілья: яшчэ ў дзяцінстве правёў апытанне родных і найбольш уразіўся аповедам свайго дзядзькі Сяргея Аваднёва, які на той час узначальваў райаддзел па надзвычайных сітуацыях. У шостым класе хлопец паступіў у ліцэй МНС, зараз жа вучыцца на другім курсе Мінскага ўніверсітэта грамадзянскай абароны. Ілья – чэмпіён краіны па зімнім і летнім мнагабор’і сярод курсантаў у сілавых структур. А яшчэ ён марыць размеркавацца на службу ў родныя мясціны – Ушаччыну шчыра любяць усе члены гэтай дружнай сям’і.
Напрыканцы ж аповеду зноў давядзецца прыгадаць бабулю Фэлю. Яе жалезнае правіла цяпер у арсенале ўнучкі: кожнага, хто трапіў у гэты дом, смачна накормяць. Так што ацэнку дзейнасці “БанкетМайстра” магу даць з уласнага вопыту: свініна з параканвектамата была вельмі сакавітая і душыстая, а рэцэпт дэсерта “Браўні” цяпер занатаваны ў маёй запісной кніжцы.
Наталля БАГДАНОВІЧ.