От партизанского отряда до следственного комитета: история семьи, где служба Отечеству — семейная традиция

80-летие Победы Общество

Мой тата Аляксандр Іванавіч Белавусаў стаў кадравым афіцэрам. На выбар прафесіі хлопца, народжанага ў гады Вялікай Айчыннай, канечне, паўплывала і блізкае рэха навалы, і расказы бацькі-партызана, і легендарныя подзвігі пагранічнікаў. Ён таксама сумленна служыў на ахове граніцы і заўсёды прыхіляўся перад старэйшым пакаленнем. І напярэдадні Дня Перамогі я хацеў бы прыгадаць маіх дзядоў, якія набліжалі яе.

В.Крамнёў.

Іван Фёдаравіч Белавусаў пайшоў у партызаны ў пачатку ўтварэння атрадаў – у жніўні 1942 года ён, жыхар вёскі Замошша-І, ужо быў у радах брыгады Дубава, а ў чэрвені 1943-га, пасля яе ўзбуйнення і раздзелу, аказаўся ў І-й Лепельскай імя Сталіна. Яна стала называцца так, таму што дыслацыравалася бліжэй да Лепеля, а ўвесь касцяк брыгады на чале з камбрыгам Дзмітрыем Цімафеевічам Караленкам – гэта трапіўшыя ў палон кадравыя ваенныя і мясцовыя добраахвотнікі, якія і фарміравалі апалчэнне: разбівалі варожы гарнізон ва Ушачах восенню 1942-га, стваралі свабодную ад карнікаў партызанскую зону.

Новы год для дзеда быў двайным святам. Бо дзівам сустрэў 1943-і: напярэдадні 31 снежня пры разгроме варожага эшалону атрымаў раненне ў галаву. Вылечыўся і зноў ваяваў. У лісце аб яго ўзнагароджанні Ордэнам Айчыннай вайны І ступені прыгаданы не толькі гэты эпізод, але і легендарная Пышнянская аперацыя – у ліпені 1943-га забіў 6 і параніў 4 немцаў, а ў лютым 1944-га пры блакіроўцы шашы Ушачы-Пышна падбіў аўтамашыну і дзве павозкі. За час знаходжання ў брыгадзе кулямётчык і зампаліт 3-га атрада Іван Белавусаў меў 4 падзякі камандавання.

І.Белавусаў.

На жаль, пра майго другога дзеда, кадравага ваеннага Васіля Кузьміча Крамнёва вядома мала. Яшчэ да вайны ён служыў у Баравухе-3 – у Полацкім умацаваным раёне. Быў камандзірам узвода 508-га стралковага палка і ўдзельнічаў у ваенным парадзе 7 лістапада 1941 года. Як вядома, праводзіўся ён у разгар бітвы за сталіцу СССР, і з Чырвонай плошчы войскі накіроўвалі на перадавую. У баях за Маскву дзед і быў цяжка паранены, камісаваны, а пасля выпіскі са шпіталя ў радах НКВД займаўся аховай ваенных аб’ектаў. Узнагароджаны баявымі медалямі “За адвагу” і “За баявыя заслугі”.

У маёй сям’і пра подзвігі гераічных продкаў ведаюць нават самыя юныя прадстаўнікі.

Вячаслаў БЕЛАВУСАЎ, інспектар Ушацкага райаддзела Следчага камітэта.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *