Як звычайна 45 хвілін было адведзена на ўрок гістарычнай памяці, які праводзіўся для старшакласнікаў Ушацкай школы ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка. Толькі настаўнікаў было шмат, ды і выйшаў ён за межы вызначанага часу, бо прысвячаўся Міжнароднаму дню вызвалення вязняў канцлагераў і не ўкладаліся расказы выступоўцаў у строгі хранаметраж.
Трасцянец, Чырвоны Бераг, Азарычы, 5 полк, Колдычава… Калі называць усе 578 лагераў смерці, што карнікі стварылі ў Беларусі, і то пройдзе гадзіна, таму толькі пра самыя страшныя расказала прысутным галоўны захавальнік фондаў С.К.Турло. Святлана Канстанцінаўна падрыхтавала прэзентацыю з архіўнымі здымкамі, а намеснік пракурора Раман Аляксандравіч Гурчонак дапоўніў аповед апошнімі звесткамі са справы аб генацыдзе беларускага народа, якую расследуе Генеральная пракуратура. Вызначана яшчэ 106 месцаў масавага пахавання людзей, пра якія раней было невядома, зараз раскопкі вядуцца на тэрыторыі воінскай часці ў Полацку. Устаноўлены імёны яшчэ 19 здраднікаў, якія не былі прыцягнуты да адказнасці падчас расследаванняў у пасляваенны час. Ды і колькасць канцлагераў на тэрыторыі нашай краіны павялічылася амаль на сотню. Хаця лічбы яшчэ будуць адрознівацца, і наўрад ці атрымаецца назваць імёны ўсіх ахвяр.
Многа часу прайшло, аднак Людміла Рыгораўна Карабань памятае ўсе матуліны расказы. Трыццацігадовая Валянціна Аляксееўна Карнілава з жаночага канцлагера Равесбрук вярнулася без зубоў, знявечаная фізічна і маральна. Медсястра лагернага шпіталя найперш глядзела ў вочы вязняў – ці ёсць у іх іскра, бо многія ад здзекаў і голаду проста вар’яцелі. Ды і магла не вярнуцца, бо ўжо рвалі нямецкія аўчаркі яе цела, калі падхапілі пад рукі і панеслі сяброўкі па няшчасці. 97-гадовая маці Людмілы Міхайлаўны Шарыпенкі пра рабскую працу ў бауэра магла б расказаць сама, толькі не любіць кранаць балючую тэму. Ну а ў памяці Пятра Мечыслававіча Мажэйкі – народжанага ў Нямеччыне ў 1944-м – не захавалася эпізодаў тых часоў і расказвае ён са слоў бацькоў, якія працавалі на фермера, а праз 4 гадзіны малога дазвалялі пакарміць.
Мяркую, што такі ўрок намнога пашырыў веды вучняў па гісторыі Беларусі. Насця Ларчанка і Яраслава Ліпаўка з 10 “А”, напрыклад, чулі пра Трасцянец і дзіцячы канцлагер Чырвоны бераг, аднак не былі на створаных там мемарыялах. А вось запланаванае на май падарожжа ў Брэсцкую крэпасць стане для класа яшчэ адным урокам гістарычнай памяці.
Вольга Караленка.