Цалкам завалодаць увагай начальніка рамонтна-механічнага ўчастка УП ЖКГ Мікалая Дакшаніна ў разгар панядзелка нават хвілін на пятнаццаць – місія амаль невыканальная. Ды што казаць: проста знайсці і “выхапіць” яго з кругавароту спраў было праблематычна. “Толькі што ў кабінет заглядваў, напэўна, у гаражы пабег!”, “Хвіліну таму паехаў некуды!”, – арыентавалі мяне камунгасаўцы. Таму, падкаравуліўшы момант, калі Мікалай Анатольевіч выскачыў з кабіны аўтамабіля і шпарка пакрочыў у бок майстэрань, паставіла яго перад фактам, што без размовы ніяк не абысціся. “Ладна, задавайце пытанні, толькі, калі ласка, коратка, – уздыхнуў спецыяліст. – А чаму менавіта мая асоба вас зацікавіла?”.
Давялося прывесці грунтоўныя аргументы: прыгадаць яго прысутнасць у ліку леташніх лаўрэатаў раённай Дошкі гонару, а таксама хвалебны каментарый міністра ЖКГ Генадзя Трубілы, калі ў час візіту на прадпрыемства ён убачыў вялікую лінейку выстаўленай на мехдвары дагледжанай тэхнікі.
Дарэчы, за паўгода, што прайшло з той падзеі, аўтапарк камунгаса паспеў прырасці. У двары ззяў чырвонымі фарбамі новенькі цягач. Разам з самазвальным паўпрычэпам гэты магутны МАЗ зможа “ўзяць на борт” аж 45 тон! Яго плануюць выкарыстоўваць для перавозкі будматэрыялаў, шчапы і іншых грузаў, а на днях з Магілёва прыбудзе трал, з дапамогай якога будуць транспартаваць на аб’екты тэхніку – напрыклад, гусенічны экскаватар “Амкадор”, які з’явіўся ў арсенале ўшачан паўгода таму і павялічыў дыяпазон вытворчых магчымасцяў. Яго можна плённа выкарыстоўваць не толькі на будпляцоўках, а і, напрыклад, пры зносе старых пабудоў – дарэчы, адпаведныя заказы ад сельвыканкамаў ужо ёсць. Ад насельніцтва ж паступаюць заяўкі на выкопванне сажалак. Раней, каб даставіць экскаватар і іншыя падобныя машыны да месца работ, камунгасаўцам даводзілася арандаваць трал.
Без сучасных машын нельга якасна выконваць вялікі спектр задач прадпрыемства, таму кіраўніцтва УП ЖКГ пастаянна шукае магчымасці для абнаўлення аўтапарка.
Закладзены адпаведныя пункты і ў сёлетні план: мяркуецца набыць універсальны пагрузчык, аўтакран і аўтагідрапад’ёмнік. Зараз жа ў арсенале прадпрыемства 47 адзінак тэхнікі, а Мікалай Анатольевіч адказвае за тое, каб уся яна была спраўнай і выкарыстоўвалася належным чынам. Вырашаць задачу дапамагаюць глыбокія веды і вялікі вопыт. Спецыяльнасці механіка, трактарыста і вадзіцеля выпускнік Ільюшынскай школы набыў у Лепельскім гідрамеліярацыйным тэхнікуме, а распачынаў працоўную кар’еру ў родным сельгаспрадпрыемстве – спачатку механізатарам, потым загадчыкам майстэрняў, а пазней перайшоў ва УП ЖКГ майстрам па рамонце тэхнікі. Добрымі словамі ўзгадвае ён Мікалая Мікалаевіча Казачонка, які шмат чаму навучыў, а потым “перадаў” яму пасаду начальніка рамонтна-механічнага ўчастка.
Зараз стаж М.Дакшаніна ва ўшацкім камунгасе складае 23 гады, ён выдатна спраўляецца са сваімі няпростымі абавязкамі і яго паважаюць літаральна ўсе.
“Наш Мікалай Анатольевіч вельмі адказны і аўтарытэтны. Ён і спецыяліст выдатны, і чалавек сумленны. А яшчэ ў яго наладжаны сувязі ледзь не з усімі аўтарамонтнымі прадпрыемствамі, таму калі тэрмінова патрэбна нейкая дэталь ці агрэгат – ён адразу вырашыць праблему”, – характарызуе начальніка вопытны слесар Анатоль Васільевіч Клопаў. Той жа ў сваю чаргу выказвае добрыя словы ў адрас падначаленых. Зазначае, што амаль усе трактарысты і вадзіцелі маюць дастатковыя навыкі, каб ухіляць дробныя непаладкі. Калі ж патрэбны больш складаны рамонт, да справы можна падключыць спецыялістаў з цэнтральнай кацельні – зваршчыка Івана Петухова, электрыка Віктара Шыркевіча.
“Канечне, вельмі важна, каб работнікі добрасумленна даглядалі замацаваную тэхніку. Так, напрыклад, як робіць гэта наш Уладзімір Васільевіч Маслюк. МТЗ-82, на якім ён раней працаваў, праслужыў прадпрыемству аж 32 гады, і калі летась мы набылі новы трактар, вырашылі даверыць яго менавіта гэтаму работніку. Прынамсі, ён вам сам пра ўсё зараз раскажа”, – усміхнуўся Мікалай Анатольевіч, калі ў памяшканне зазірнуў мужчына ў спяцоўцы.
“Я пакуль што ў водпуску, але так засумаваў па сваёй “ластаўцы”, што вырашыў яе праведаць: падрэгуляваць, патрэбныя вадкасці даліць, каб у першы працоўны дзень адразу на заданне выехаць”, – патлумачыў ветэран прадпрыемства, паказваючы мне свайго “Беларуса”. Звычайна падобны эпітэт выкарыстоўваюць у адносінах да дарагіх легкавушак, але трэба было чуць, з якім замілаваннем апісваў Уладзімір Васільевіч выгоды свайго трактара: і крэсла тут з выдатнай амартызацыяй, і кабіна прасторная з кандыцыянерам! У такой любы працэс з асалодай можна выконваць – і снег чысціць, і асфальт месці, і з касой шчыраваць.
Слухала яго і думала, што ў кожнай прафесіі ёсць свая рамантыка – уся справа ў тым, як чалавек да яе ставіцца. І вось яшчэ маленькі штрых: на палічцы ў кабінеце начальніка рамонтна-механічнага ўчастка я ўбачыла пасту, з дапамогай якой механікі адціраюць рукі ад мазуты. Стаяла яна тут не “для мэблі”: калі ёсць патрэба, Мікалай Анатольевіч закасвае рукавы і разам з хлопцамі чаруе над механізмамі. Аўтарытэт жа яго ад гэтага толькі ўмацоўваецца.
Наталля БАГДАНОВІЧ.