«Дай лесу новае жыццё»: как в Ушачском районе восстанавливают леса после разрушительных ураганов

Общество

Ураганы і моцныя вятры ў апошнія гады здараюцца ўсё часцей, але катаклізму, як той, што прайшоўся па краіне мінулым летам, лесаводы дакладна не прыпомняць: віхор літаральна скасіў лясныя масівы, толькі суцэльным высечкам па Беларусі падлягала каля 30 тысяч гектараў. Закранула непагадзь і Ушаччыну – многія ўчасткі лесфонду неабходна аднаўляць. Менавіта на гэтую справу і накіравана добраахвотная рэспубліканская акцыя “Дай лесу новае жыццё!”.

Работнікі Ушацкага лясгаса ў апошнія тыдні актыўна ўключыліся ў пасадку лесу, а на іх заклік далучыцца да акцыі ахвотна адгукнуліся калектывы райбальніцы, цэнтра культуры, раёна газазабеспячэння, цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, суда, пракуратуры, аддзялення па ахове аб’ектаў, райаддзелаў па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў, следчага камітэта, а таксама актывісты ветэранскай арганізацыі і БРСМ, удзельнікі дашкольнага лясніцтва “Лесавічок”. У лясных кварталах высаджаны ў асноўным елкі, сосны і бярозы – больш за 15 гектараў.

Лічба: больш 23 мільёнаў саджанцаў высаджана ў краіне за час акцыі “Дай лесу новае жыццё!”.

– Выказваем шчырую ўдзячнасць усім, хто далучыўся, унёс свой пасільны ўклад у аднаўленне ляснога багацця краіны, ваша дапамога для нас вельмі каштоўная, – падводзячы вынікі акцыі, адзначае намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце В.У. Пацэйка.

Каментарый: Аляксандр Кулік, міністр лясной гаспадаркі: “Змагацца са стыхіяй няпроста. Адна з прапаноў навукоўцаў Інстытута лесу – ствараць змешаныя лясы і праводзіць пасадку па ходзе пануючых вятроў, гэта значыць з захаду на ўсход”.

Пакуль новыя саджанцы прыжываюцца, Мінлясгас запрашае валанцёраў прыняць удзел у яшчэ адной карыснай справе. Да 1 мая пройдзе кампанія “Лес! Дабро! Парадак!”, накіраваная на навядзенне парадку ў лесфондзе вакол населеных пунктаў, уздоўж дарог, уладкаванне месцаў масавага адпачынку. Калі вы жадаеце прыняць удзел у гэтай акцыі, звяртайцеся ў лясгас ці бліжэйшае лясніцтва, для вас падбяруць аб’екты і забяспечаць неабходным інвентаром. Далучайцеся, парадак – наш агульны клопат!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *