Семья Клоповых умеет жить и работать

К профессиональному празднику

Застаць дома сёлетняга перадавіка жніва – Сяргея Уладзіміравіча Клопава – удалося, толькі калі на двары ўжо сцямнела. Ён пастаянна задзейнічаны на ўсіх сельскагаспадарчых работах, цяпер, напрыклад, узворваў глебу. Дома ў Жарах працаўніка заўсёды чакае сям’я – любячыя жонка і дзеці, якія заўсёды падтрымліваюць і словам, і справай.
Сваю другую палавінку Сяргей Уладзіміравіч знайшоў у суседнім Лепельскім раёне, а прыжылася сям’я на Ушаччыне, у Жарах. Увесь іх працоўны шлях – больш 25 гадоў – і прайшоў тут: спачатку ў калгасе “Чырвоны прамень”, а пасля далучэння гаспадаркі – у “Ільюшынскім”. Сяргей Уладзіміравіч пастаянна за штурвалам тэхнікі, а Жанна Васільеўна – бухгалтар. Ім смела можна давяраць любую справу, бо ўсё працавітым людзям пад сілу.
Самі прывучаныя да працы, гэтак жа выхоўвалі з дзяцінства і двух сваіх сыноў, ніхто ў сям’і не прывык сядзець склаўшы рукі. Старэйшы сын Аляксей даўно зацікавіўся тэхнікай і шмат часу праводзіў побач з бацькам, асабліва ў летні час. Спачатку проста з інтарэсам прыглядаўся, а потым і дапамагаў. Такія абставіны паўплывалі і на выбар будучай прафесіі, зараз хлопец вучыцца на аграмеханічным факультэце Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. А паколькі вучыцца па накіраванні, то пасля заканчэння навучальнай установы вернецца працаваць у ААТ “Ільюшынскі”. Звычайна моладзь імкнецца падчас летніх канікул адпачыць, выспацца, правесці час у кампаніі сяброў. Аляксей жа распарадзіўся сёлетнімі летнімі канікуламі зусім па-іншаму – амаль увесь час ён правёў побач з бацькам, працуючы на жніве з раніцы да самага вечара. Не толькі дапамог бацьку, але і набраўся практычнага вопыту, зарабіў грошай. Роўных сямейнаму экіпажу сёлета не было, яны адзіныя на Ушаччыне пераадолелі тысячны намалот і сталі абсалютнымі пераможцамі ў раёне. Хаця канкурэнцыя, нават у межах сваёй гаспадаркі, была сур’ёзная. 

Бацька і сын прымалі віншаванні летам у полі, першымі намалаціўшы 700 тон, а затым і тысячу. Учора на раённым свяце работнікаў сельскай гаспадаркі і аграпрамысловага комплексу, дзе ўшаноўвалі працаўнікоў вёскі, С.У.Клопаву ўручылі Дыплом і грашовую прэмію. А сёння калектыў гаспадаркі збярэцца, каб падвесці вынікі сельскагаспадарчага года і адзначыць лепшых – сярод такіх, безумоўна, будзе і гэтая працавітая сям’я.
– І думак ніколі не было пра жыццё ў горадзе, змену месца працы. Нават цяпер, калі многія імкнуцца ехаць у Расію ці яшчэ куды на заробкі, лічу, што працаваць і зарабляць можна і ў нас. Так, цэны растуць, але перажывём і гэты складаны этап. Галоўнае – гэта сям’я, – гаворыць Сяргей Уладзіміравіч.
Малодшы сын Ігар яшчэ вучыцца ў 9 класе Ільюшынскай школы, натхнёны прыкладам бацькі і брата, таксама хацеў бы працаваць з тэхнікай.
Як і многія вясковыя людзі, а тым больш такія старанныя і працавітыя, сям’я Клопавых трымае падсобную гаспадарку, садзіць агарод, сочыць за парадкам каля дома.
Свята работнікаў сельскай гаспадаркі для гэтых людзей сямейнае, і адзначаць яго будуць усе разам. Няхай і далей у іх утульным доме пануе такая ж цёплая атмасфера дабрыні, спагады, шчырасці і ўзаемаразумення!
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *