Калі раней гаворка ішла пра тое, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны чацвёрты, то апошнія звесткі, у тым ліку сабраныя дзякуючы расследаванню крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, адназначна сведчаць: не стала кожнага трэцяга. У памяць пра герояў, ахвяр таго страшнага часу быў створаны праект “Кожны трэці”. Гэта не проста канцэрт, а сінтэз нумароў пра вайну і перамогу, кадраў унікальнай хронікі, гісторый спаленых вёсак і беларусаў, чые лёсы былі зламаны…
Глыбока і праўдзіва
Праект ствараўся летась у гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Праз яго меркавалася расказаць пра ўсё, што адбывалася ў 40-я на тэрыторыі нашай краіны: падзеі на фронце, гета, тое, як жылі людзі пасля вайны. Першапачаткова канцэрт паказалі ў Музеі Перамогі на Паклоннай гары ў Маскве і на сцэне Палаца Рэспублікі ў Мінску. З’явілася нават тэлеверсія, створаная Белтэлерадыёкампаніяй. Беларусы праект ацанілі. Трыгерам да яго вяртання сталі і трывожныя падзеі за мяжой – у прыватнасці, дэмантаж помнікаў савецкім воінам у Польшчы, краінах Балтыі. Таму па даручэнні Прэзідэнта “Кожны трэці” быў маштабіраваны. З 6 па 12 красавіка ўнікальны канцэрт-рэквіем праходзіў у Палацы Рэспублікі для жыхароў усіх абласцей і Мінска. Пабывалі на ім і ўшачане.
Памятаць мінулае
Мерапрыемства перанесла гледачоў у той далёкі час, калі вайна прайшлася катком па кожнай беларускай сям’і. На апошняе звярнуў увагу кіраўнік Прыдзвінскага краю Аляксандр Субоцін. Віцебшчына, сапраўды, заплаціла за перамогу вялізную цану: “У вобласці – вялікае мноства спаленых вёсак, на нашай зямлі быў адзін з самых магутных падпольных рухаў, а пасля выгнання акупантаў у абласным цэнтры засталося ўсяго 118 жыхароў. Горад быў разбураны амаль цалкам. Дзякуй ветэранам за іх подзвіг і працу. Ганарымся дзядамі і бацькамі!”.
Толькі ў партызанскіх атрадах ваявала больш за 370 тысяч чалавек. Такога маштабу супраціўлення ворагу не было ні ў адной краіне свету.
Плакалі нават мужчыны
Сцэнарый пастаноўкі прымушаў залу апладзіраваць стоячы і, вядома, думаць пра важнасць міру. “У мяне дагэтуль у грудзях стукае набат, – падзялілася спецыяліст ТЦСАН Таццяна Лапёнак. – Гэтая фраза “кожны трэці”… Не хочацца верыць, што было так. Асабліва запомнілася песня “Голас мамы” – ад пранікнёных дзіцячых слоў плакалі нават мужчыны”. Моцнае ўражанне пакінулі і архіўныя кадры, некаторыя з якіх дэманстраваліся ўпершыню. Педагог-арганізатар Вялікадолецкай школы Алена Карпёнак прызналася, што асабліва кранулі фота маленькіх вязняў канцлагераў, якіх марылі голадам, трымалі без вады, рабілі донарамі: “Хударлявы хлопчык гадоў пяці, з закатаным рукавом: у яго павінны ўзяць кроў. А на фоне яшчэ шмат дзетак… Проста разрываецца маё мацярынскае сэрца”.
Намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Генадзь Ягораў адзначыў, што з кожным днём сведак зверстваў фашызму становіцца ўсё менш, а значыць, мы павінны перадаць новаму пакаленню іх запаветы: “Мой бацька прайшоў праз усю вайну – ад Падмаскоўя да Кёнігсберга, быў у складзе дывізіёна “кацюш”. Пра тыя страшныя часы ён гаварыў рэдка, аднак боль перажытага да апошніх дзён насіў у сабе. Маці падчас Вялікай Айчыннай страціла братоў – звесткі пра гібель аднаго мне ўдалося знайсці ў інтэрактыўных базах даных. Гісторыю блізкіх мы свята захоўваем у нашай сям’і – як і павінна быць!”.
Каб вайна не паўтарылася
Атмасферу ваенных гадоў яшчэ да пачатку канцэртнай праграмы стваралі выставы “Генацыд: дакументы і відавочцы сведчаць”, “Лёсы, складзеныя ў трыкутнік”, “Хлеб – нябачная сіла Перамогі”. Бліжэй пазнаёміцца з подзвігамі і лёсамі партызан, падпольшчыкаў прапаноўвалася на аднайменнай экспазіцыі, прадстаўленай выдавецкім домам “Беларусь сёння” і Нацыянальным архівам краіны. На сённяшні дзень у базе – каля 230 тысяч асабістых спраў, паспрабаваць знайсці свайго продка мелі магчымасць усе жадаючыя.
“Мы кажам вучням: як толькі народ забываецца пра апошнюю вайну, пачынаецца новая, – падкрэсліла намеснік дырэктара Ушацкай школы Вера Дрозд. – У нашым раёне праводзіцца значная выхаваўчая работа ў патрыятычным напрамку. Памятаць пра гераічнае мінулае вучым з маленства”. Дарэчы, для жанчыны тэма акупацыі, пакут мірных жыхароў – таксама вострая: яе маці адправілі на прымусовыя работы ў Германію, родны дзядзька загінуў у баях.
* * *
У кожным раёне Віцебскай вобласці – дзясяткі воінскіх пахаванняў, у якіх знайшлі апошні прытулак каля 490 тысяч савецкіх салдат. Пошукавыя работы працягваюцца дагэтуль – палітая крывёй зямля аддае апошнія ўшанаванні вызваліцелям.
Ну а пакуль архівісты, пашукавікі вяртаюць з небыцця імёны герояў, людзі творчасці ствараюць вось такія кранальныя і адначасова моцныя праекты. “Кожны трэці”, несумненна, увойдзе ў гісторыю сучаснай Беларусі і надоўга застанецца ў нашай памяці.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.