Творчество с ушачскими корнями: как художница Алла Шпец продолжает традиции земляков

Культура Творчество наших земляков

Гучную славу Ушаччыне стварылі літаратары, але і мастацкімі талентамі зямля наша не абдзелена.

Работы Міхаіла Казіцкага, Дзям’яна Крупені, іншых нашых майстроў экспануюцца на выставах, упрыгожваюць інтэр’еры храмаў і дзяржаўных устаноў, захоўваюцца ў прыватных калекцыях. Зараз жа творчую справу плённа працягваюць іх вучні. Для гераіні нашага аповеду Алы Шпец выяўленчае мастацтва стала і прафесіяй, і захапленнем. А скіраваў яе калісці ў гэтае рэчышча ўшацкі педагог і мастак Міхаіл Багдановіч.

Адкрывала прыгажосць свету і рабіла першыя спробы перанесці свае ўражанні на паперу ўшачанка яшчэ ў раннім дзяцінстве. Спрыялі гэтаму бацькі Тамара Паўлаўна і Іван Трафімавіч Залатухіны. Мама працавала выхавацелем у дзіцячым садку, сама добра малявала і дачушку вучыла. Ала прыгадвае, што ў яе былі вельмі прыгожыя касцюмы да навагодніх ранішнікаў, якія займалі прызавыя месцы. Запомнілася і тое, што тата – умелы сталяр і цясляр – паказваў, як з дапамогай цыркуля можна маляваць кветкі і арнаменты. Увогуле яна вельмі ўдзячная бацькам за любоў і цеплыню.

Што да М.Багдановіча, то параду паступаць на мастацка-графічны факультэт ён даў сваёй вучаніцы яшчэ ў пятым класе, развіваў яе здольнасці і ў гуртку малявання. Разам са школьнай сяброўкай Оляй Крыскевіч Ала рэдактавала сценгазету, тым не менш планы дзяўчаты выношвалі крыху іншыя – адна хацела стаць закройшчыцай, другая – выхавацелем, як мама. Але аднойчы ва Ушацкую школу прыехаў выкладчык Віцебскага педінстытута імя Машэрава, а тагачасны завуч-арганізатар Надзея Фамінічна Жынь прадставіла яму таленавітых старшакласніц. “Калі вы паступіце на мастацка-графічны факультэт, то зможаце і моднае адзенне ствараць, і дзетак вучыць, і карціны пісаць!” – паабяцаў той. Такім чынам лёс у другі раз падказваў Але гэты шлях. Прыйшлося прыслухацца!

25 год таму Ала ўступіла ў клуб “Крыніца”, які аб’ядноўвае мастакоў Глыбоччыны. За гэты час яе карціны неаднойчы дэманстраваліся як на сумесных экспазіцыях, так і на персанальных выставах – у тым ліку ў Віцебску. Дарэчы, кіруе клубам пляменніца М.Казіцкага Святлана Кавальчук.

Конкурс на папулярны факультэт быў высокі, апроч жывапісу, графікі і чарчэння (рыхтавацца па іх дапамагаў усё той жа Міхаіл Аляксандравіч) трэба было здаваць матэматыку, фізіку і рускую мову, але дзяўчыну гэта не спалохала… “Я ведаў, што ты абавязкова паступіш!” – усклікнуў тата, вымаючы з паштовай скрыні пісьмо з інстытута. Так Ала атрымала прафесію, дзе сумясціла любоў да творчасці і да дзяцей. Тым часам будучую настаўніцу малявання прыгледзеў студэнт фізмата Анатоль Шпец – прызнаецца, што не закахацца ў стройную бландзінку было проста немагчыма! Скончыўшы ВНУ, размеркаваліся на Глыбоччыну і дагэтуль працуюць у Карабоўскай сярэдняй школе, жывуць жа ў суседняй вёсцы Тумашы, дзе пабудавалі прасторны дом, вакол якога – безліч прыгожых кветнікаў.

Наша зямлячка не толькі вучыць дзяцей (яе выхаванцы нязменна займаюць прызавыя месцы на абласных і рэспубліканскіх конкурсах), а і сама стварае карціны – асабліва любіць адлюстроўваць кветкі, пейзажы, храмы. У асноўным піша алеем, але спрабуе і эксперыментальныя тэхнікі.

А яшчэ гераіня аповеду двойчы прывозіла ў Глыбоцкі цэнтр культуры работы Д.Крупені. З якой нагоды? Аказваецца, яны з мастаком паходзяць з аднаго роду. Ала нават склала радавод, у аснову якога ляглі атрыманыя ад Дзям’яна Уладзіміравіча звесткі пра далёкіх продкаў – ён запісаў іх яшчэ хлапчуком са слоў свайго дзядулі. Іх агульны прашчур Мікіта Крупеня жыў ля Судзілавіч у 18-м – пачатку 19 стагоддзя, род Дзям’яна ідзе ад яго старэйшага сына Данііла, а продкі Алы – ад малодшага Рамана.

“Чалавек павінен ведаць свае карані. Няма ўжо з намі Дзям’яна Уладзіміравіча, але ў рукапісную кнігу “Сямейнае дрэва” я занесла ўсё, што ён ведаў пра сваякоў, і вяду далейшы летапіс нашага роду, падтрымліваю сувязь з яго сынам, унучкай”, – кажа Ала Іванаўна. Дарэчы, творчую гісторыю сям’і працягвае і яе дачка Марыя, якая набывае ў сталічным універсітэце спецыяльнасць “Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка”. Ідуць гады, развіваюцца таленты нашчадкаў, відазмяняюцца напрамкі творчасці, ды ўсё ж прыемна канстатаваць, што маюць яны ўшацкую першааснову.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *