На Ушаччыне дадзены старт конкурснай праграме “Бітва кантор”. Першымі ў цікавую барацьбу сярод працоўных калектываў уключыліся работнікі цэнтральнай райбальніцы і лясгаса.
А вы ведалі, што ў загсе не мыюць вокны, таму што баяцца разводаў; што ваўкі, уразрэз з вядомай казкай “Чырвоны капялюшык”, не ядуць бабуль, паколькі тыя вяжуць у роце; а каб перастаць есці пасля шасці, дастаткова спыніцца на пятай порцыі? Удзельнікі ж мерапрыемства без праблем давалі на такія пытанні з падвохам правільныя адказы. Прычым, бясспрэчнае лідарства на гэтым этапе захапілі медыкі, чым вельмі парадавалі сваю групу падтрымкі. Пахварэць за калег з плакатамі, шарамі ды адрэпеціраванымі вясёлымі воклічамі прыйшло нямала работнікаў райбальніцы.
“Нічога, нашы яшчэ пакажуць!” – не шкадуючы рук і голасу, агучвала з залы намеснік дырэктара Ушацкага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Вераніка Пацэйка. Зрэшты, мела рацыю, паколькі ўжо пасля другога конкурсу – чытання па вуснах – камандныя вынікі практычна зраўняліся. Адгадаць пад гучную музыку словы, якія надыктоўвала калега, у прадстаўніка прадпрыемства атрымалася ўтрая хутчэй.
На этапе “Угадай мелодыю”, як ні стараліся медыкі вызначыць прапанаваную кампазіцыю ці выканаўцу, ужо з першых нот цягнула руку і давала правільныя адказы Таццяна Стрыжонак с лясгаса. У кінавіктарыне капітан каманды Мікалай Бункевіч нават далёка ад мікрафона не адыходзіў: па агучаных выразах, якія сталі крылатымі, адзін за адным называў любімыя стужкі. Дарэчы, у фінале адзіны з ліку канкурсантаў прадстаўнік моцнай паловы давёў лідара другой каманды да слёз. Канечне, нічога крыўднага Наталлі Лісічонак ён не казаў – проста ў конкурсе “Глядзелкі” здолеў абстрагавацца ад яркіх сцэнічных ліхтароў, смешных каментарыяў і даўжэй не міргаць, не адводзячы вачэй ад саперніцы. “А я гэтаму не здзіўлены, – зазначыў вядучы праграмы Аляксандр Грыневіч. – Для лясгасаўцаў прывычная справа – хадзіць па лесе, калі елачныя галіны з усіх бакоў па твары лупяць. Усё ім ні па чым”.
“Цікавыя мерапрыемства атрымалася, у наступны раз усіх знаёмых запросім!” – не хавалі эмоцый гледачы. Вялікім саставам прыйшлі ў цэнтр культуры работнікі, наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН – разнастаілі такім чынам прывычныя для сацустановы заняткі па смехатэрапіі. Прадстаўнікі ж сямейнай пары Ігар і Таццяна Шышко спецыяльна на розных радах размясціліся – каб не перашкаджаць адзін аднаму падтрымліваць розныя калектывы, работнікамі якіх з’яўляюцца.
Перамогу ў “Бітве кантор” на гэты раз заваявалі лясгасаўцы. Старшыня журы, загадчык сектара культуры райвыканкама Лідзія Шкаруба, уручаючы падарункі абедзвюм камандам, падзякавала ўсім за падораны зарад станоўчых эмоцый. Навіну, што ў конкурснай праграмы будзе працяг, прысутныя сустрэлі гучнымі апладысментамі, а цэнтр культуры ўжо чакае заявак ад працоўных калектываў. Дарэчы, папярэдняй падрыхтоўкі для ўдзелу не патрабуецца.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.