Да Вялікадня ў аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН пачалі рыхтавацца яшчэ ў лютым. За спонсарскія сродкі набылі тэматычны банер, які зараз выконвае функцыю фотазоны. Ну і, канечне, над вырабам сувенірнай прадукцыі папрацавалі. З газетных трубачак, атласных стужак наплялі “тэматычных” куфэркаў, кошыкаў, склалі арыгінальныя букеты з пафарбаванымі яйкамі замест кветак (вядома, не натуральнымі, а з пенапласту).
Выстава такіх вырабаў размешчана зараз у аддзяленні, значная іх частка перададзена на рэалізацыю ў царкву вялікапакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры, ва ўнівермаг, комплекс “Юнацтва-Ушачы”, музей народнай славы імя У.Е.Лабанка. Практыкуюць у сацслужбе і выязны гандаль – напрыклад, у санаторыі “Лясныя азёры”.
Варта нагадаць, што вырабіць для вас сувенір людзі з інваліднасцю могуць і па індывідуальным заказе – прыходзьце па адрасе: в.Градзянец, вул.Цэнтральная, 3Б ці тэлефануйце па нумары 5-99-73.
Наталля Глінская, загадчык аддзялення:
“Ужо зараз рыхтуемся і да Дня Перамогі, робячы акцэнт на выраб бутаньерак з яблыневага цвету, чырвона-зялёнай стужкі. Прадукцыю набылі ў нас работнікі РЦГЭ, зацікавіліся і іншыя калектывы. Кошт бутаньерак невялікі, чакаем землякоў за пакупкамі”.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.