У час вясновых канікулаў навучэнцы аддзяленняў кулявой стральбы спартыўных школ сабраліся ў Гродзенскім ціры, каб вызначыць лепшых юных снайпераў краіны. Удзел у спартакіядзе прымалі і ўшачане.
Трыумфатарам спаборніцтваў стала наша Марыя Мацвеенка, якая заваявала бронзавыя медалі ў двух практыкаваннях. Трэба сказаць, што дзяўчына ўжо другі год вучыцца ў Полацкім кадэцкім вучылішчы, на заняткі ж да Пятра Юльянавіча Варатынскага прыязджае па суботах. І пры гэтым яна паспяхова канкурыруе з сапернікамі, што трэніруюцца шэсць дзён у тыдзень!
Ведаем, што зараз многія школьніцы выказваюць жаданне стаць кадэтамі. Вось што расказвае Маша: “Дзяўчатам трапіць у наша вучылішча больш складана. Так, у год майго паступлення хлопцам дастаткова было мець сярэдні бал атэстата каля 7, у мяне ж ён быў 9,1. Вучыцца няпроста, аднак атрыманая ва Ушацкай школе база і ўпартыя заняткі дапамагаюць мне заставацца выдатніцай. Нават фізіку, з якой былі складанасці, змагла падцягнуць. Няма для дзяўчат паслабленняў і ў плане фізічнай падрыхтоўкі – здаём лёгкаатлетычныя, гімнастычныя нарматывы. Да слова, ацэнкі па прадметах уплываюць на правядзенне выхадных: ёсць “тройкі” – давядзецца застацца ў вучылішчы, калі ў дзённіку лічбы ніжэй “сямёркі” – адпусцяць дамоў у суботу, калі вышэй – у пятніцу. Тут строгая дысцыпліна: карыстацца мабільнікамі, напрыклад, дазволена толькі паўтары гадзіны ў суткі. Аднак мне ў вучылішчы падабаецца, а ў будучым, магчыма, паспрабую паступіць у Акадэмію МУС”.
Спакойны, ураўнаважаны характар дапамагае Марыі і ў спорце. У Гродне яна здабыла “бронзу” ў стральбе з дробнакалібернай (МВ-8) і пнеўматычнай вінтоўкі (ВП-4). У апошнім практыкаванні ўшачанка ўпершыню ўвайшла ў лепшую васьмёрку, а ў фінале выдала ўдалую серыю і трапіла на п’едэстал, пацвердзіўшы званне кандыдата ў майстры спорту. Дарэчы, 6-е месца тут заняла яшчэ адна выхаванка П.Варатынскага Алена Бука, якая зараз развівае стралковы талент у сталічным вучылішчы алімпійскага рэзерву. У адпаведнай віцебскай установе праводзіць першы год Аляксандра Мацвеенка (яны з Марыяй – двайняты). Спецыялізуецца дзяўчына на стральбе з пісталета, і ў практыкаванні МП-4 ад выканання нарматыву КМС яе аддзяліла толькі адно очко. Дарэчы, рыхтавала Сашу старэйшая сястра – малады трэнер Ушацкай СДЮШАР Дар’я Мацвеенка. Такая вось цудоўная спартыўная дынастыя ёсць на Ушаччыне!
Добра выступілі і хлопцы. Лепшы асабісты вынік у практыкаванні МВ-4, дзе спаборнічала каля паўсотні стралкоў, паказаў Павел Станкевіч і заняў высокае 6-е месца. А Коля Целяпень, якому толькі 12, змагаўся з 16-гадовымі стралкамі і яму не хапіла ўсяго 0,2 ачкі для выхаду ў фінальную васьмёрку. Галоўная суддзя турніру ўручыла юнаму ўшачаніну спецыяльны прыз за значны прагрэс і паабяцала з асаблівай увагай сачыць за яго выступленнямі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымках: М.Мацвеенка; М.Целяпень.